Вы тут

Чаму важна беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя


Чаму б не закіпяціць поўны чайнік вады, калі трэба заварыць усяго толькі кубак гарбаты? Навошта ездзіць на веласіпедзе, калі на машыне зручней? У нашым жыцці існуе велізарная колькасць звычак, на якія мы з часам перастаём звяртаць увагу. Але яны становяцца не толькі другой натурай: ад звычак залежыць свет, у якім мы жывём. Як мінімум — экалагічная сітуацыя ў краіне, рэгіёне і, па вялікім рахунку, свеце. Пра тое, чаму важна беражліва ставіцца да навакольнага асяроддзя і як гэтаму навучыцца, распавядае інтэрактыўная выстаўка «Чалавек і тварэнне».


З гэ­та­га стэн­да ўсё па­чы­на­ец­ца.

Выстаўка — гэта вынік работы, якая доўжылася амаль паўтара года. Гэта — 11 стэндаў, якія паступальна расказваюць пра тое, чаму адной з частак жыцця кожнага чалавека павінна стаць уважлівае стаўленне да прыроды. Інфармацыйныя стэнды падрыхтаваны на дзвюх мовах: па-беларуску і па-руску.

«Гэтая выстаўка — элементарны інструмент для святароў і выкладчыкаў агульнаадукацыйных і нядзельных школ, для кіраўнікоў маладзёжных брацтваў і ўсіх ахвотных казаць пра ашчаднае стаўленне да тварэння, — тлумачыць куратар праекта Сяргей Юшкевіч, які ўзначальвае кірунак «Царква і навакольнае асяроддзе» Цэнтра экалагічных рашэнняў. — Выстаўка аўтаномная, яе можна як вывучыць самастойна, так і праводзіць па ёй экскурсію».

Ду­ха­вен­ства так­са­ма за­ці­ка­ві­ла­ся па­дзе­яй.

Плануецца, што выстаўка будзе размяшчацца ў каталіцкіх парафіях і праваслаўных прыходах. Але, па вялікім рахунку, яна можа быць карысная для любой арганізацыі. Адзін з самых яркіх, і, мабыць, ключавых стэндаў прысвечаны таму, якім чынам царкоўная супольнасць або любая іншая можа стаць экалагічна дружалюбнай. Напрыклад, можна зрабіць насценгазету на тэму беражлівых адносін да прыроды, зладзіць кіналекторый, асобна збіраць смецце, не прыносіць штучныя кветкі на могілкі і не выкарыстоўваць пластыкавыя налепкі для ўпрыгожвання велікодных яек.

«Сучасны свет сутыкаецца з многімі крызісамі. Адным з самых небяспечных з іх з'яўляецца экалагічны, — лічыць архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. — Касцёл заўсёды клапоціцца аб захаванні прыроды, ведаючы пра тое, што Бог стварыў гэты свет, і тады ўсё было добра. Ён благаславіў чалавека і даў яму ўладу над гэтым светам. Даў уладу, але не даў ва ўласнасць гэты свет. Калі мы даём пакарыстацца камусьці камп'ютарам ці кнігай, то спадзяёмся, што іх вернуць у тым жа стане, што мы аддавалі, а не разаб'юць ці запэцкаюць. На жаль, сучасны чалавек так робіць з прыродай: карыстаецца прыроднымі рэсурсамі, каб разбагацець, і не думае, што будзе далей. Зараз таксама ёсць небяспека, што навакольнае асяроддзе можа не аднавіцца. А гэта ж наш клопат і адказнасць».

Сяр­гей Юш­ке­віч пра­во­дзіць эк­скур­сію па вы­стаў­цы.

Па словах айца Іаана Ляшчанкі, члена рабочай групы Беларускай праваслаўнай царквы па рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж БПЦ і Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, у дні царкоўных свят мы выкарыстоўваем шмат неэкалагічных атрыбутаў, пластыку. Напрыклад, на Вербную нядзелю галінкі для асвячэння ўпрыгожваюць пластыкавымі кветкамі. «Ёсць Радаўніца, калі могілкі з месца цішыні і малітвы ператвараюцца ў нейкі кітч, дзе занадта яркія па колеры пластыкавыя кветкі не даюць магчымасці задумацца пра вечнасць і блізкіх. Адмовіцца ад пластыку ў прыходзе можа кожны! — упэўнены святар. — Калі вельмі хочацца, то вербачкі можна ўпрыгожыць папяровымі кветкамі, а на могілкі прынесці жывыя. Таксама лепш адмовіцца ад набыцця ў паломніцтвах святыняў у выглядзе маленькіх папяровых абразоў, бо надалей невядома, што з гэтым рабіць. Можна ж неяк па-іншаму захаваць успамін пра святыя мясціны, пакінуць памяць аб малітве, ахвяраваць на манастыр. Мы заклікаем адзін аднаго да ўмеранасці, да ўмення харчавацца хлебам надзённым. Кожны з нас можа гаварыць пра гэта на сваім месцы, у сваім прыходзе».

На працягу двух гадоў выстаўка «Чалавек і стварэнне» будзе экспанавацца ў розных епархіях Беларусі. Таксама яе можна самастойна замовіць у свой прыход, школу або любую іншую ўстанову бясплатна. Кірунак «Царква і ахова навакольнага асяроддзя» заклікае ўсіх ахвотных прымаць пасільны ўдзел у развіцці царкоўна-экалагічнага руху ў Беларусі. «Калі вы хочаце арганізаваць царкоўна-экалагічнае мерапрыемства ў прыходзе, але не ведаеце, з чаго пачаць, мы будзем рады дапамагчы вам», — заклікаюць арганізатары на адным са стэндаў. Калі ў вас з'явілася такое жаданне, вы можаце звязацца з імі па электроннай пошце е-mаіl: есоtvоrеnіе@gmаіl.соm або тэлефоне 375-29-252-71-45. Калі яшчэ маеце сумневы, то можаце паглядзець выстаўку ў электронным варыянце на сайце tvоrеnіе.bу у раздзеле «Ініцыятывы».

Вераніка ПУСТАВІТ

Загаловак у газеце: Ратуючы прыроду, дапамагаем душы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».