Вы тут

«Я не бачу сябе без музыкі...»


Ці бывае голас глыбокі, як вір? Безумоўна! І гэта — не прыгожыя словы, паверце. Менавіта такім валодае маладая спявачка з Камянеччыны Жанна Вярэніч...

Яе голас «задуманы», літаральна створаны нейкай вышэйшай сілай, што размяркоўвае таленты паміж людзьмі, менавіта — і выключна! — для народнай песні. Той самай, каштоўнасць якой ніхто не аспрэчыць. Пра музыку, нашу спадчыну, паўсядзённае жыццё творчага чалавека і не толькі паразважаем разам з Жаннай. І пачнём, вядома ж, з вытокаў...


Малая радзіма дзяўчыны — прыгожая вёска Макарава, што ў Камянецкім раёне Брэсцкай вобласці. Тут яна скончыла пачатковую школу, якой цяпер ужо няма, потым працягвала вучобу ў сярэдняй у Высокім. Любімым прадметам былі — што б вы думалі? — спевы, а яшчэ — родная беларуская мова. Жанна ўдзельнічала ва ўсіх школьных ранішніках і канцэртах, а ў дзясятым класе ўпершыню выйшла на сцэну Макараўскага сельскага Дома культуры. Была таксама і музычная школа па класе акардэона, бо дзяўчыне заўсёды было даспадобы гучанне гэтага інструмента. Жанна таксама спявала ў хоры, але тады яшчэ ў акадэмічнай манеры. Да народнай прыйшла пазней. «Зразумела, што яна сапраўды МАЯ», — тлумачыць дзяўчына.

Калі прыйшоў час вызначыцца з прафесіяй, рабіць выбар было лёгка. Жанна вырашыла не спрачацца са сваім неадольным жаданнем спяваць і з аптымістычнаю думкаю-спадзяваннем «А раптам атрымаецца? А раптам заўважаць?» паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў на спецыяльнасць «Народная творчасць.

Харавая музыка» (арганізатар культурнай дзейнасці і вольнага часу, кіраўнік хору). Шкадаваць не давялося. Столькі цікавага было: і заняткі, і канцэрты, і народны хор навучэнцаў «Верас»...

Эстрадныя спевы Жанну не прываблівалі. «Напэўна, таму, што да іх цягнула ўсіх», — тлумачыць яна. Правільнасць выбару пацвердзілася потым падчас праслухоўвання. Студэнты выходзілі па чарзе і спявалі «Купалінку» акапэла. Жанна Вярэніч слухала іншых (у большасці ўладальнікаў сапрана) і вырашыла: выйду ды заспяваю ніжэй. У выніку яе голас аднеслі да альтовых, якому найбольш пасуе народная манера выканання.

Пасля каледжа Жанна трапіла па размеркаванні ў сельскі цэнтр рамёстваў і культуры аграгарадка Каменюкі, дзе два гады працавала мастацкім кіраўніком. Самым запамінальным з праведзеных мерапрыемстваў стала святкаванне Новага года, якому ў месцы, размешчаным побач з Нацыянальным паркам «Белавежская пушча» і сядзібай беларускага Дзеда Мароза, надаецца асаблівае значэнне. Мерапрыемства па матывах «Вечароў на хутары ля Дзіканькі» сабрала поўную залу...

Акрамя таго, у сельскім цэнтры Жанна Вярэніч вяла яшчэ і заняткі гуртка мастацкай самадзейнасці для дарослых і дзяцей. Прычым адна з яе вучаніц нават паступіла ў той жа каледж у Гродне.

Два гады размеркавання праляцелі хутка... Новым месцам работы Жанны стаў шматнацыянальны інтэрнат Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта. З трохсот насельнікаў сотня — іншаземцы з Пакістана, Непала, Бангладэш, Кітая, Туркменістана, Індыі, Бутана і Нігерыі.

Для новай працы спатрэбіліся веды ў галіне педагогікі. Таму Жанна завочна скончыла педуніверсітэт імя Максіма Танка ў Мінску. Сёння ў абавязкі дзяўчыны ўваходзяць арганізацыя культурных мерапрыемстваў для студэнтаў і дапамога ў наладжванні ўзаемаадносін.

У інтэрнацыянальным асяроддзі Жанне працуецца цікава: «Спасцігаю культуру розных народаў і не стамляюся здзіўляцца». Дзяўчына ўдзельнічала, напрыклад, у святкаванні кітайскага Новага года, а таксама Курбан-байрама, напярэдадні якога студэнты-туркмены набылі недзе барана, а потым гатавалі плоў, якім частавалі ўсіх, — такая традыцыя.

* * *

Сёння ў рэпертуары Жанны Вярэніч як спявачкі — беларускія, рускія і ўкраінскія песні. Ёй бясконца імпануе фальклор, бо ён — аснова, крыніца, гісторыя, традыцыі. «У народнай песні, у адрозненне ад іншых (не ўсіх, натуральна), ЗАЎСЁДЫ ёсць сэнс», — гаворыць дзяўчына.

Кожны новы твор спявачка абавязкова падстройвае пад сябе. Увогуле, заўсёды стараецца спяваць па-свойму, прапусціць праз душу і сэрца, пражыць песню. Калі ж гаварыць пра выступленні, то, падбіраючы да іх рэпертуар, Жанна ўлічвае і месца будучага канцэрта, і тэматыку яго, і слухача, і нават час сутак: спяваць днём у парку і вечарам там жа адно і тое ж — немагчыма.

На пытанне аб выканаўцу, які ўразіў найбольш і ў якога хочацца вучыцца, Жанна адказвае адназначна і без роздумаў: «Пелагея!» І дадае: «Калі б мая запаветная мара здзейснілася, я трапіла б на праект «Голас» і да мяне павярнуліся б усе суддзі, выбрала б у настаўнікі толькі яе».

З беларускіх калектываў народнай накіраванасці Жанна аддае перавагу «Бяседзе». А калі казаць пра наш бясцэнны фальклор і яго захаванне, дзяўчына выдзяляе праект тэлеканала «Беларусь 3» «Наперад у мінулае». З яго можна пачарпнуць столькі цікавага: і спеваку, і аматару народнага ў цэлым. Часам удаецца прыкмеціць нейкую песню і ўзяць яе «мінусоўку».

Жанна Вярэніч ахвотна выступае — заўсёды ўжывую! — на самых розных сцэнах: у Каменцы і Высокім, на розных пляцоўках Брэста. Прычым абласны цэнтр у свой час падарыў ёй магчымасць удзельнічаць у канцэрце брэсцкага ансамбля танца «Радасць» на сцэне Брэсцкага абласнога акадэмічнага тэатра драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Перад выхадам на сцэну заўсёды просіць Божае падтрымкі і настройваецца на народную песню, якая «прадугледжвае стрыманасць і акуратнасць у абыходжанні».

«Спяваць не так лёгка, як можа здавацца, — дадае Жанна. — Самы дарагі, шыкоўны музычны інструмент без рук музыкі не народзіць ні гуку. Так і голас не існуе без спевака і яго працы».

Цікаўлюся, ці ўдзельнічае Жанна Вярэніч у якіх-небудзь конкурсах ды фестывалях. Адказам мне становіцца сумнае: «Не так часта. Павінна адзначыць, што ў нашай краіне, на жаль, для выканаўцаў народнай песні іх не так і шмат». Сярод самых значных дасягненняў спявачкі — удзел у фестывалях нацыянальных культур у Гродне і «Ружанскай браме», рэспубліканскім конкурсе ў складзе каманды Гродзенскай вобласці, а таксама дыплом трэцяй ступені рэспубліканскага конкурсу «Зорка ўзышла над Беларуссю».

«Увогуле кастынгі не люблю, — даверліва расказвае Жанна. — Да таго ж часта бачу, як людзі з выдатнымі галасамі выбываюць з іх «з-за адсутнасці харызмы». Гэта дзіўна...»

Але аднойчы спявачка ўсё ж рашылася на адну авантуру... У 2015-м таемна ад усіх паехала ў Брэст на кастынг, які арганізоўваў пераможца «Еўрабачання» Аляксандр Рыбак. Ён напісаў песню для гэтага конкурсу і шукаў для яе выканаўцу, прычым менавіта з народным голасам.

Жанна выканала тады дзве песні. Аляксандр зрэагаваў вельмі станоўча, пахваліў. Дзяўчыне аб'явілі, што першы тур яна прайшла, і абяцалі патэлефанаваць. З другім, на жаль, не склалася, але спявачка не шкадуе, што паспрабавала свае сілы...

На апошняе маё пытанне — «Што для цябе музыка?» — Жанна Вярэніч адказала: «Не люблю гучных слоў, таму няхай будзе так: без яе я сябе не бачу».

Настасся НАРЭЙКА

Фота Міколы ШУМА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.