Вы тут

Як падлетку запоўніць інтымны прабел


Кожны год у Беларусі каля тысячы дзяўчат становяцца мамамі да паўналецця. Ці можа сексуальная асвета вырашыць гэтую праблему? У краіне ёй пакуль займаюцца хутчэй факультатыўна, чым у абавязковым парадку. Бацькі часцяком перакладаюць няёмкія размовы на школу, школа — на бацькоў, а самі падлеткі тым часам шукаюць патрэбную інфармацыю ў інтэрнэце, які не заўсёды дае дакладныя звесткі.


Практыка паказвае, што змагацца з падлеткавымі цяжарнасцямі, палавымі захворваннямі і яшчэ мноствам праблем пераходнага ўзросту рэальна дапамагае толькі інфармаванне. Ім якраз і займаецца наша суразмоўніца — урач-валеолаг Рэспубліканскага інфармацыйна-метадычнага рэсурснага цэнтра «Ювентус» Інэса Палазнік. Калі сваімі словамі, яна — спецыяліст па здаровым ладзе жыцця, займаецца не толькі пытаннямі фізічнай актыўнасці, правільнага харчавання і шкодных звычак. Падлеткавы валеолаг і пра дэпрэсію пагаворыць, і пра анарэксію, і карыстацца індывідуальнымі сродкамі засцярогі ад інфекцый навучыць.

«Цэнтры, дружалюбныя падлеткам», дзе працуюць такія спецыялісты, з'явіліся па ўсёй Беларусі і ў суседніх краінах пры падтрымцы ЮНІСЕФ. Галоўная іх мэта — дапамагчы маладым людзям захаваць здароўе і вырашыць праблемы, з якімі не пойдзеш ні да настаўнікаў, ні да бацькоў.

Зараз у краіне 50 такіх цэнтраў, з іх 8 — у сталіцы. Прыйсці туды па дапамогу можна ў любы момант, але пакуль пра гэтую магчымасць ведаюць не ўсе падлеткі. А з тых, хто ведае, далёка не кожны наважваецца шчыра выказаць пытанні і думкі.

У «Ювентусе» дапамагаюць дзецям яшчэ і педыятр, і нарколаг, і гінеколаг з псіхолагам. Да апошняга спецыяліста старшакласніцы, па словах Інэсы Палазнік, могуць прыходзіць пагаварыць хоць пяць разоў на дзень. Але іх не так шмат, як магло б быць, бо нават проста расказаць падлеткам пра існаванне такіх цэнтраў, як «Ювентус», згаджаецца далёка не кожная школьная адміністрацыя. А абавязковай «праграмы палавой адукацыі» ў Беларусі ўсё яшчэ няма.

— Мы можам толькі запрасіць падлеткаў на гасцявы ўрок, — тлумачыць валеолаг. — Кожны год, кожны квартал адсылаем запыты, каб па школах і каледжах распаўсюдзілі інфармацыю пра цэнтр, запрашаем на лекцыі і семінары. Стараемся, каб першы ўрок палавога выхавання быў не ў школе, а тут, і як мага раней — у 11 гадоў. Па статыстыцы нашага цэнтра, у дзяўчатак уступленне ў палавое жыццё можа адбыцца ўжо ў 13 гадоў. А мамам казаць пра гэта яны баяцца і саромеюцца.

— Можа, у гэтым вінаватыя самі мамы і таты, якія забараняюць падлеткам узнімаць сексуальныя тэмы?

— Так, да гэтага часу менталітэт забароны ў Беларусі вельмі моцны, і гэта шкодзіць дзецям не толькі ў кантэксце сексуальных сувязяў. Ёсць і іншыя бакі сталення, па якіх бацькі зусім не адукоўваюць падлеткаў: напрыклад, фізіялогія абодвух полаў. На апошнім занятку на пытанне «З кім бацькі наогул не размаўлялі пра палавое сталенне?» ледзьве не траціна групы падняла рукі. Між тым, «дзецям» па 15—16 гадоў, — дзеліцца валеолаг. — А да нас ад школы яны могуць прыйсці толькі падчас класных гадзін разам з настаўнікамі. І да 14 гадоў мы нават права не маем з імі гаварыць пра сексуальныя моманты без бацькоў. Таму на бацькоўскіх сходах гутарым з дарослымі. А яны нам — «Ой, вы лепш самі ўсё дзецям раскажыце, без нас!». Але не ўсё так дрэнна: нехта, наадварот, слухае і потым прыходзіць разам з дзіцем, калі не гатовы самастойна размаўляць пра гэтыя рэчы. Мы дапамагаем пачаць размову на роўных.

Як наогул павінна выглядаць палавое выхаванне? Пра гэта вядуцца бясконцыя спрэчкі. Пакуль статыстыка на баку Еўропы: у краінах, дзе з дзецьмі адкрыта гавораць на інтымныя тэмы, значна ніжэйшая колькасць падлеткавых цяжарнасцяў, абортаў і венерычных захворванняў — старшакласнікі банальна не саромеюцца купляць прэзерватывы і ведаюць, як імі карыстацца.

Больш за тое, канадскія даследчыкі правоў непаўналетніх сцвярджаюць: дзеці, якім рана растлумачылі, што такое сексуальная згода і асабістая прастора, радзей становяцца ахвярамі педафілаў, таму што дарослым не ўдаецца імі маніпуляваць.

Па словах Інэсы Палазнік, у Беларусі пакуль не хапае рэсурсаў на палавое выхаванне ні па навуковым, ні па духоўным вектары: урачоў-педагогаў, якія маглі б весці такія ўрокі ў кожнай школе, няма, а святары працуюць з падлеткамі толькі ў валанцёрскім фармаце.

— У нас ужо ўвялі ў рамках дапрызыўнай падрыхтоўкі заняткі па бяспечным ладзе жыцця, прафілактыцы венерычных захворванняў, але гэта зноў-такі 10—11 класы, калі старшакласнікі ўжо ўсё паспрабавалі. Па законе ўзрост сексуальнай згоды — 16 гадоў, але гаварыць пра сексуальнае выхаванне трэба ўжо з 14. Пра фізіялогію — яшчэ раней, у 10—11 гадоў, — упэўненая Інэса Палазнік. — А ў школьнай праграме толькі анатомія чалавека ўпершыню з'яўляецца толькі ў 9 класе. Гэтага, вядома, недастаткова.

Пастаянна ў кантэксце сталення ўсплываюць і праблемы гендара: пытанні правілаў зносін паміж мужчынам і жанчынай непазбежныя. І тут праблема відавочная: сярод наведвальнікаў індывідуальных кансультацый — толькі два працэнты юнакоў. Валеолаг кажа, што ў цэнтры нават няма стаўкі андролага (спецыяліста па мужчынскім рэпрадуктыўным здароўі): настолькі нізка запатрабаваныя такія кансультацыі. Хлопцам расказваць пра псіхалагічныя і фізіялагічныя складанасці «не належыць», ідэальны вобраз моцнага мужчыны такіх слабасцяў не дапускае: з усімі праблемамі ты павінен умець разбірацца самастойна, таму ў сексуальных пытаннях даводзіцца абапірацца зноў жа на сеціва, словы аднагодкаў і надзею, што «прырода падкажа». У выніку клопат не толькі пра кантрацэпцыю, але і проста пра здаровыя стасункі ў пары аказваецца цалкам на плячах дзяўчатак, якія ў сваю чаргу пастаянна паддаюцца псіхалагічнаму ціску партнёраў з-за страху быць абсмеянымі. Кансультацыі ў цэнтрах, дзе ўрачы і падлеткі гавораць на роўных без сораму і забароненых тэм, павінны патроху выпраўляць гэтую сітуацыю.

— Мы не кажам «нельга ўступаць у палавыя адносіны», — тлумачыць валеолаг. — Мы кажам «нельга, калі ты не гатовы». Вучым, як правільна сказаць «не». Як не пакрыўдзіць партнёра, але пры гэтым і не зняважыць сябе. Мы тлумачым, што такое сексуальная культура, заклікаем берагчы сябе для аднаго партнёра, не распыляцца на некалькіх, берагчы не толькі фізічныя, але і духоўныя складнікі адносін.

Зараз у Мінску ў кожным раёне ёсць па адным «Цэнтры, дружалюбным падлеткам». Здавалася б, прасцей за ўсё мець падлеткавага ўрача пры кожнай школе, але валеолаг з гэтым не згодная: па яе словах, без поўнай ананімнасці кансультацыя працаваць не будзе, бо ў школе ўсе адзін аднаго ведаюць.

Будзе страх, што твая гісторыя, а стане вядомая іншым. А вось у цэнтры, дзе ўсё канфідэнцыяльна, прыходзяць добраахвотна. Тут можна нават прайсці тэст на ВІЧ — бясплатна і ананімна. І, дарэчы, даступна гэта не толькі падлеткам: праверыцца можа кожны ва ўзросце да 24 гадоў. Робіцца тэст літаральна за 20 хвілін. На праверку бярэцца не кроў, а сліна з рота, а сам аднаразовы інструмент вельмі падобны на тэст на цяжарнасць: адна палоска — здаровы, дзве — заражаны. Такім жа чынам можна запісацца ў цэнтр і на агляд гінеколага, і на тэст на захворванні, якія перадаюцца палавым шляхам, і на ўльтрагукавое абследаванне.

Адрасы і тэлефоны ўсіх «Цэнтраў, дружалюбных падлеткам», ёсць на сайце junіor.by. Дапамога канфідэнцыяльная і бясплатная.

Кацярына ЖОРАВА

Загаловак у газеце: Інтымны прабел

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».