Вы тут

Эксклюзіўныя канструкцыі


Бальная сукенка з пакетаў для смецця, дызайнерскае пано, зробленае з дроту?.. Такая з’ява, як эксперымент, вельмі шчыльна ўпісалася ў кантэкст розных відаў сучаснага мастацтва. Творцы актыўна эксперыментуюць з матэрыяламі, формамі, тэхнікамі, колерамі і ідэямі. Яны жадаюць ствараць унікальныя аб’екты і быць непадобным адзін да аднаго. Тэндэнцыя гэтая дапамагае мастацтву быць цікавым гледачу, актуальным. Самыя новыя павевы тэкстыльнага кірунку мастацтва прадстаўлены ў арт-гасцёўні «Высокае месца», дзе працуе выстаўка мастацкага тэкстылю і касцюма «Гіперсувязі» студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.


Праект не толькі дэманструе работу студэнтаў за апошні перыяд часу, але і паказвае, што традыцыі і акадэмічнасць нікуды не знікаюць, яны пераглядаюцца аўтарамі з пункту гледжання сучаснасці і трансфармуюцца. Творцы абапіраюцца на досвед выкладчыкаў, але ж і імкнуцца да фарміравання ўласнага аўтарскага почырку. Яны сінтэзуюць класіку і сучаснасць, элементы народнай культуры, пазбягаючы штампаў і паўтораў.

— На гэтай выстаўцы прадстаўлены толькі новыя работы. Яе канцэпцыя заключаецца ў пераасэнсаванні традыцыйнага класічнага габелена, — адзначыла на адкрыцці экспазіцыі куратар праекта, выкладчык Акадэміі мастацтваў Хрысціна Высоцкая. — У творах маладыя мастакі ўздымаюць нестандартныя пытанні, якія хвалююць іх. На шляху стварэння аб’ектаў кожны з аўтараў паглыбляецца ў тэму і стараецца пазбавіцца ад усялякіх навязаных стэрэатыпаў.

Аўтары, не абмежаваныя фантазіяй, выкарыстоўвалі матэрыялы, якія траплялі пад руку. Адзін з найцікавейшых экспанатаў выстаўкі — трыпціх студэнткі Марыі Разумовіч «Гісторыя ткацтва». Першы твор паказвае, як зараджалася ткацтва. Другі сведчыць пра яго станаўленне. Работа называецца «Залаты век», калі тканіна была прадметам раскошы і вельмі шанавалася. Трэцяя работа адлюстроўвае сучаснасць — мае назву «Індустрыя». Гэты арт-аб’ект адрозніваецца ад папярэдніх, ён дэманструе прамысловую штампоўку, якая забівае першапачатковы сэнс ткацтва як працэсу і прымушае задумацца пра каштоўнасць тканіны.

 — У такім узросце паказаць свае творы ў музеі, галерэі — гэта шчасце. Адна справа — убачыць работы на праглядзе, іншая — у сценах выставачнай прасторы. Гэта ў першую чаргу магчымасць паглядзець на сябе з боку, — расказвае выкладчык Акадэміі мастацтваў Маргарыта Шчамялёва. — Выстаўка атрымалася дзякуючы каманднай рабоце ўсёй нашай кафедры — актыўнаму ўзаемадзеянню выкладчыкаў і студэнтаў. Дзякуючы таму, што мы практыкуем эксперыментальную форму адукацыі, выкладаем студэнтам канструяванне, матэрыялазнаўства, колер у касцюме, нашы маладыя аўтары разумеюць, што выпадковых ідэй і работ не бывае. Гэтыя творцы не проста выконваюць творчую задачу — яны жывуць прафесіяй. Візітоўка «Гіперсувязяў» — серыя касцюмаў, якая акцэнтуе ўвагу на паралелі з творчасцю знакамітых сусветных дзеячаў літаратуры і мастацтва. Так, напрыклад, Таццяна Кавалёва падрыхтавала цікавы канцэптуальны праект «Марк Шагал і тэатр», стварыла тэатральныя касцюмы з адсылкай да шагалаўскіх твораў. Адштурхнуўшыся ад вядомага прозвішча, творца паспрабавала максімальна адлюстраваць вобразнасць сюжэтаў творчага свету знакамітага віцебскага мастака. Надзея Малафей звярнулася да Шэкспіра, падрыхтаваўшы эскізы да п’есы «Дванаццатая ноч», і стварыла адну эксперыментальную мадэль касцюма, якую назвала «Алівія». Гэтыя работы можна паглядзець з усіх бакоў, мастацтвазнаўцы назвалі іх інтэрактыўнымі і тактыльнымі.

— Для мяне зносіны са студэнтамі — адрэналін і шчасце, якія перакрываюць усе праблемы, што ўзнікаюць падчас працы, — падкрэслівае Маргарыта Шчамялёва. — Нашы выкладчыкі заўсёды імкнуцца, каб студэнты самі знайшлі цікавыя тэмы, каб не было паўтораў. У свеце шмат эксперыментуюць з тэкстылем, і таму мы настойліва просім іх забыцца пра інтэрнэт. І студэнты прыслухоўваюцца. Я ніколі не прашу іх зрабіць, як падабаецца мне, а прашу здзівіць, падабраць унікальную форму. Я заклікаю іх працаваць шчыра, і гэтае слова — магічнае. Пачынаецца чараўніцтва. Амаль кожны студэнт, які выставіўся ў гэтым праекце, можа вам расказаць свой унікальны творчы рэцэпт. Гэта вельмі каштоўна. З танных матэрыялаў яны ствараюць эксклюзіўныя аб’екты. Хтосьці з’ездзіў на «Світанак», купіў трыкатажныя абрэзкі і пафарбаваў іх, хтосьці шукаў іншыя месцы, дзе можна па нізкіх цэнах набыць матэрыял. Для іх усё, ад чаго людзі могуць дома пазбаўляцца, — аснова для артаб’екта. Важна, што гэта развітая моладзь. Яны шмат чытаюць, цікавяцца музыкай, якасным кіно, тэндэнцыямі ў модзе. Часам мы самі ў іх вучымся, па-добраму зайздросцім. Я ўпэўнена, што гэта будучае пакаленне, якое зойме нішу прафесійных тэкстыльшчыкаў у краіне.

Выстаўка тэкстылю і касцюма становіцца для Акадэміі мастацтваў традыцыяй. Студэнты на працягу года плённа працуюць, каб паказаць свае магчымасці. Калі параўноўваць выстаўку мінулага года з цяперашняй, то адразу бачна, што колькасць аб’ектаў значна павялічылася, а ідэі сталі больш арыгінальныя і канцэптуальныя.

Вікторыя АСКЕРА

Ларыса Фінкельштэйн, мастацтвазнаўца:

— Маю вялікае шчасце ведаць, як стваралася гэтая выстаўка ды ўвогуле, як утваралася кафедра тэкстылю і касцюма. Неверагодная асалода разумець, як усе гэтыя аб’екты лепяцца, шыюцца, ткуцца. Памятаю, як Валянціна Бартлава праз дзесяць гадоў пасля закрыцця кафедры ўзялася яе падымаць. Тады зусім яшчэ маладая мастачка, яна ўсё ўзяла ў свае рукі. Менавіта яна ўвяла слова «эксперымент» у аснову дзейнасці кафедры. Пачынаючы з яе работ, потым з работ Галіны Крываблоцкай, Маргарыты Шчамялёвай і яшчэ многіх іншых вядомых майстроў пачалося зараджэнне прафесійнага, якаснага беларускага тэкстылю. Да сённяшняга часу ўсе гэтыя аўтары застаюцца маладымі ў душы, нягледзячы на тое, што самі перадаюць досвед наступным пакаленням. Гэтую кафедру я лічу адной з самых моцных і матываваных. Менавіта тут умеюць аб’ядноўваць разам тэкстыль, філасофію, псіхалогію, мадэляванне, дэкаратыўнасць, абстрактнасць, ідэйнасць, эксперымент. На выстаўцы прадстаўлены зрэз таго, чым жыве сучаснае мастацтва і чым яно будзе жыць далей.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».