Вы тут

Дыялог паміж этнасамі


Напрыканцы 2017 года ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыла свет кніга «Беларусь. Этнічныя супольнасці». Гэта навукова-папулярнае выданне серыі «Беларусь сучасная», падрыхтаванае маладымі беларускімі этнолагамі пад навуковай рэдакцыяй доктара гістарычных навук Аляксандра Гурко.


Пры падрыхтоўцы выдання выкарыстаны вынікі шматгадовай даследчай працы (1994 — 2001 гг.) калектыву навуковых супрацоўнікаў. Асноўная крыніца — перапісы насельніцтва Беларусі больш як за 100 гадоў, пачынаючы з Першага Усеагульнага перапісу Расійскай імперыі 1897 г. і Усесаюзных перапісаў пазнейшых часоў, а таксама апошняга перапісу насельніцтва ў Беларусі 2009 г.

Мэта аўтараў — даць уяўленне пра культуру найбольш значных па колькасці этнічных супольнасцяў, якія здаўна жывуць на тэрыторыі Беларусі. Паказаць не механізм дзеяння той ці іншай дыяспары (яны створаны не ўсімі этнічнымі супольнасцямі), але адлюстраваць самую сутнасць: асаблівасці побыту, мовы, матэрыяльнай і духоўнай культуры...

Уражвае мастацкае афармленне кнігі: яна багата ілюстравана сучаснымі і гістарычнымі здымкамі з архіваў выдавецтва, Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы, Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, апарату Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, нацыянальна-культурных таварыстваў. Вокладку ўпрыгожвае выява аднаго з самых маляўнічых куточкаў нашай Бацькаўшчыны — Вілейскага вадасховішча (работа фатографа Анатоля Дрыбаса).

У раздзеле, прысвечаным беларусам, аўтары прасачылі этапы і асаблівасці фарміравання беларускага этнасу, адшукалі крыніцы некаторых распаўсюджаных міфаў. Напрыклад, накшталт таго, што беларусы — сялянская нацыя і культура іх, па азначэнні, таксама сялянская. У кнізе аргументавана даводзіцца, што «…элементы беларускай культуры… з’явіліся ў асяроддзі шляхты і духавенства». Цікава пазнаёміцца і з расповедамі пра рускіх, палякаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў, яўрэяў, татараў, немцаў, цыганоў. Хаця яны і здаўна жывуць побач, але чытач адкрые для сябе новае ў апісаннях гісторыі іх рассялення на нашых землях, асаблівасцяў этнаграфіі, абрадаў, звычаяў, сямейных святаў, кулінарных звычак. А часам і здзівіцца, зразумеўшы, што тыя ці іншыя рысы ў мове, ментальнасці, народнай культуры, фальклоры, традыцыях, звычаях і абрадах — агульныя.

Добрасуседскія раўнапраўныя адносіны з іншымі народамі і дзяржавамі, традыцыі міжкультурнага, міжэтнічнага і міжканфесійнага дыялогу толькі на карысць плённаму і стабільнаму развіццю Беларусі. Змястоўнае выданне «Беларусь. Этнічныя супольнасці», адрасаванае шырокаму колу чытачоў, як найлепей дапаможа адшукаць глебу для адпаведнага дыялогу.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.