Вы тут

Літаратурныя маршруты


Як часта мы бядуем, што юнае пакаленне не цікавіцца беларускімі аўтарамі, хтосьці нават з цяжкасцю адрознівае Якуба Коласа ад Янкі Купалы, а сучасных пісьменнікаў дык і ўвогуле не ведае. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і літаратурны часопіс «Вясёлка» вырашылі: хопіць наракаць! Трэба зладзіць яркую, інтэрактыўную акцыю рэспубліканскага маштабу, каб зацікавіць хлопчыкаў і дзяўчынак родным словам, адкрыць ім цудоўныя ўзоры сучаснага пісьменства.


Акцыя «Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі — дзецям» распачнецца з наступнага месяца. Суарганізатарамі з’яўляюцца Саюз пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтвы «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Пачатковая школа», упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і ўпраўленні адукацыі абласных і раённых, а таксама Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Каб беларускія дзеткі маглі лёгка згадваць імёны і творы сваіх любімых айчынных пісьменнікаў, арганізатары плануюць праводзіць не лекцыі ці выступы, а захапляльнае тэатралізаванае падарожжа па Беларусі, каб у кожным кутку пачулі жывое роднае слова, убачылі і пазнаёміліся з нашымі сучаснымі творцамі.

Сярод пісьменнікаў, якія возьмуць актыўны ўдзел у гэтым падарожжы, варта назваць цудоўнага лірыка, які ж адначасова піша выдатныя творы для дзяцей, Алеся Бадака, адну з лепшых казачніц Беларусі Алену Маслу, майстра авантурна-гістарычных раманаў для моладзі Людмілу Рублеўскую, паэта вострага нечаканага вобраза, парадаксальна-змястоўнай метафары Анатоля Зэкава, шыкоўнага тэатральнага артыста і казачніка Леаніда Улашчанку, шматграннага ў сваёй літаратурнай дзейнасці Алеся Карлюкевіча.

Акцыя павінна ахапіць не толькі кожную вобласць, але і кожны раён. Будуць зладжаны такія мерапрыемствы, як «Чароўныя заплечнікі» (арганізатары дораць дзецям заплечнікі, у кожным з якіх па 12 цікавых выданняў), «Як я ўяўляю кнігу» (конкурс малюнкаў для паштовак па прачытаных кнігах вызначаных аўтараў), «Самы лепшы чытач» (узнагароджанне наведніка раённай ці гарадской бібліятэкі, які найбольш чытае), «Жывая класіка» (мастацкае чытанне дзецьмі лепшых узораў беларускай літаратуры. Такая рубрыка ўжо шмат гадоў карыстаецца вялікай папулярнасцю ў чытачоў «Вясёлкі»). Запланаваны таксама многія іншыя конкурсы, тэатралізавана-гульнёвыя праграмы ды іншае, пра што «ЛіМ» абавязкова будзе распавядаць.

Вельмі важна, каб гэтая акцыя сапраўды набыла ўсеабдымны характар, каб да яе непадманна і натхнёна далучаліся настаўнікі, бібліятэкары, культурныя работнікі. Важна захаваць пачуццё свята ад знаёмства з сучаснымі ўзорамі нашай літаратуры. Калі будзе ўнутраная сонечнасць, то і самыя далёкія ад творчасці людзі адкрыюць для сябе шмат новага ў лабірынтах сучаснай беларускай літаратуры.

Сямён ТАТАРЧЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.