Вы тут

Докшыцкі самавук — пра работу, сям'ю і домік з садам


Кожны, хто трапіць у Докшыцы, абавязкова заўважыць работы Уладзіміра Шуткіна — скульптуры з жалеза, каваныя лаўкі, узорыстыя металічныя вароты. Калі ж пашанцуе, як карэспандэнту «Звязды», патрапіць у майстэрню мясцовага каваля, то вочы літаральна разбягаюцца: гатовыя вырабы суседнічаюць з нарыхтоўкамі, і разабрацца, дзе ёсць што, можа толькі сам гаспадар.


Сямейны ачаг Уладзіміра і Таццяны.

Плугі, металічныя ружы і невядомыя рагуліны

Як індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Валянцінавіч зарэгістраваўся 15 гадоў таму, але з металам пачаў працаваць намнога раней.

— На хлебазаводзе быў зваршчыкам. Дапамагаў суседзям — варыў каму духоўку, каму веласіпед, каму плуг... Спачатку нават не думаў, што работы паболее. А потым з'явілася мода на розныя прыгожыя рэчы з жалеза — фігуркі на стрэхах, каваныя агароджы. Прыехаў да мяне аднойчы знаёмы і кажа: «У мяне сябар пчаляр, яму на вароты трэба металічная пчала». Змайстраваў пчалу — з'явіліся іншыя заказы. Справа так разгарнулася, што перастаў адзін спраўляцца. Тут сын якраз скончыў вучыцца на механізатара, а я яму прапанаваў паспрабаваць кавальскую работу. Далей — болей. Выйшла замуж старэйшая дачка. Зяць да нас у майстэрню спачатку проста хадзіў, а потым рашыўся: «Давай паспрабую». Я не забараняў — калі ўпадабае, то нікому горш не будзе. Шэсць гадоў прайшло, малодшая дачка таксама прывяла ў сям'ю мужа. Той раней працаваў вальшчыкам у лясніцтве, напачатку сумняваўся, ці атрымаецца, а як аказалася, ці не больш за другіх ад мяне пераняў.

У руках каваля нават металічны лом ператвараецца ў эксклюзіўныя прадметы. Напрыклад, не адразу заўважаеш, што спінка для крэсла раней была часткай старога, яшчэ «савецкага» ложка. Металічная ружа выглядае крохкай і далікатнай, пакуль не возьмеш яе ў рукі. Паходзіш сярод гэтай прыгажосці і мімаволі параўнаеш яе з экспазіцыяй у музеі.

— Музей зараз пакажу, — усміхаецца гаспадар.

І сапраўды, кажуць людзі: у каго падкова над варотамі, таму шчасце будзе. Уладзімір Шуткін такіх шчаслівых талісманаў назбіраў на цэлую сцяну. А разам з імі — дзясяткі клямак, страмёнаў, рагачоў, замкоў і многа іншага, чаму недасведчаны чалавек нават назвы не знойдзе.

— Гэта работы кавалёў Докшыцкага раёна, некаторыя з іх працавалі яшчэ да рэвалюцыі. Паглядзіце, звычайная клямка, а як яна расказвае пра свайго стваральніка! Уніклівы майстар нават з простай рэчы мог зрабіць твор мастацтва — з завітушкамі і ўзорамі.

Я раней нават не ўяўляў, як многа працы было ў каваля, — прызнаецца майстар. — Вось, напрыклад, рэдка хто можа вызначыць, для чаго патрэбна такая рагуліна. А гэта як у вёску праводзілі электрычнасць, каваль наразаў самаробныя гайкі, збіраў і скручваў аснову і на яе замацоўваліся ізалятары. Сёння такую штуку можна зрабіць за некалькі хвілін, а ў мінулыя часы каваль праваждаўся б гадзінамі. Мяне наогул захапляе, як у даўніну рабілі складаныя механізмы толькі на балтах і скобах.

У кавальскай майстэрні Уладзімір Шуткін (у цэнтры), яго сын Дзмітрый (злева) і зяць Іван Сакалоўскі (справа).

Мастацкая чаканка і лёсавызначальная рука бетоннага салдата

У майстэрні докшыцкага ўмельца на сценах нібы вокны ў казачны свет. Там скачуць алені, укленчваюць перад царэўнамі віцязі, стары лірнік расказвае казкі ўважліваму слухачу.

— Жалеза, яно цікавае. Вучыць цярплівасці і фантазіі, бо трэба загадзя ўяўляць прадмет, які хочаш зрабіць. Мне было 14 гадоў, калі маці параіла схадзіць да мастака-афарміцеля, які займаўся мастацкай чаканкай — умеў рабіць прыгожыя «малюнкі» на метале. Памятаю першае сваё заданне — малюнак, на якім мядзведзь нясе кораб з Алёнкай. Я яго вычаканіў, настаўнік на работу паглядзеў, пахваліў: «Ну, крыху кеміш». І сказаў зрабіць той жа малюнак, толькі крыху інакш. І так разоў пяць, пакуль не прызнаў, што са мною займацца будзе плён. Так я зразумеў, што нават калі перад вачамі малюнак на паперы, поўнасцю яго не скапіруеш. Заўсёды можна прыдумаць іншы фон, паставіць фігуры ў больш эфектны разварот. Вялікі дзякуй першаму настаўніку за гэту навуку.

Пасля ўзорыстых падсвечнікаў і чаканых карцін неяк не чакаеш, што пасярод памяшкання ўбачыш загадкавы агрэгат. Больш за ўсё ён нагадвае рухавік машыны. Аказалася, гэта сапраўдная «кулібінская распрацоўка» — металічная печка, сканструяваная па адмысловай замове. Здавалася б, пры чым тут печка, калі гаспадар займаецца кавальствам? Аднак не ўсё так адназначна...

— Насамрэч у рабоце печніка і чаканшчыка многа агульнага, — тлумачыць Уладзімір. — Калі ты робіш печку, то загадзя прадумваеш, які будзе канчатковы вынік, куды выведзеш канал, каб у хаце было цёпла і не дымна. Тое самае ў чаканцы: малюнак толькі намеціў, а ўжо ведаеш, як яго закончыш.

Кавальскія вырабы Уладзімір знаходзіў сам або атрымліваў ад знаёмых. Так з’явіўся «музей на сцяне».

Печкі майстар складвае з 1985 года. Як кажуць, жыццё прымусіла навучыцца.

— Калі ажаніўся, то вырашылі з жонкай купіць асобны дом у Докшыцах. А там аказалася дрэнная печка. Трэба перакладваць, я не ўмею, майстроў па раёне можна на пальцах рукі пералічыць. Цешча параіла чалавека, які, па чутках, разумеў у гэтай справе. Ён пліту склаў, а за абедам хапіў лішку гарэлкі і «выключыўся». Адвёз я работнічка дамоў і вырашыў, што прасцей самому дарабіць, бо пакуль пячнік працаваў, сёе-тое расказваў. А далей цікава выйшла. На той час я будаваў дамы па дамове. Аднойчы прараб намякнуў, што нядрэнна было б яшчэ і печку злажыць. І тут нібы лёс умяшаўся — напярэдадні 9 мая ў фігуры салдата адвалілася рука. Пакуль умацоўваў скульптуру арматурай, пасябраваў з ветэранам вайны, які гэты помнік даглядаў. Ён у мірны час разумеў кавальскую справу і печніком быў. Многа карыснага падказаў, пакуль я не «ўрубіўся» што да чаго.

Цяпер Уладзімір пячной справай не займаецца. Можа толькі парадамі дапамагчы. Работа печніка на вёсках запатрабаваная і сёння, вось толькі рукі-ногі ад яе баляць.

— Не навука — цэглу пакласці. Каб печка атрымалася, трэба ў кожнай цагліны выбраць правільны бок — паглядзець, дзе сажа засталася, дзе вугалок адбіты... — успамінае майстар. — У мяне недзе быў сшытак з занатоўкамі пра тыпы печак. Дамы розныя, і печкі трэба будаваць пад кожны дом. Потым прыходзіў, цікавіўся ў гаспадароў, ці добра атрымалася, і тады альбо перарабляў, альбо ўдалыя варыянты запамінаў.

Казачны свет докшыцкага майстра.

«Табліца Мендзялеева» пад адным дахам

У доме Шуткіных цёпла і светла. Таццяна Васілеўна частуе гасцей чаем са скрыпеню.

— Чалавек у мяне гаварлівы, ён і ў маладосці такі быў. Усяго было ў жыцці, муж захапляўся рознымі справамі, але без рызыкі не пражыць. Мне маці казала: «Бачыш, што чалавек добры, разумее ў справе, то не спрачайся з ім», — гаспадыня сапраўды выглядае ціхай і спакойнай. Пакуль муж прападае на рабоце ў майстэрні, жанчына даглядае дом, дзяцей, клапоціцца пра ўтульнасць.

— З Таняй пазнаёміліся ў цэнтры горада, — успамінае Уладзімір. — Я жыў тады ў інтэрнаце, а яна
працавала ў магазіне. Зайшоў неяк туды па дробязі і адразу прыкмеціў дзяўчыну. Так яна спадабалася, што пачаў наведвацца часцей, песні спяваў пад гармонік. Год сябравалі, а потым пажаніліся.

У мінулым годзе сужэнцы Шуткіны адсвяткавалі 35 гадоў, якія пражылі разам. Летам разам з дочкамі Людмілай і Вольгай, сынам Дзмітрыем і шасцю ўнучкамі выязджаюць на дачу — да рэчкі, возера... Мару пра домік з садам гаспадар прывёз з Казахстана, дзе жыў раней.

— Нарадзіўся ў Іжэўску. У Казахстан трапіў зусім малым — бацькі выехалі на цаліну, аднак у цягніку перазнаёміліся з іншымі вандроўнікамі і аселі ў горадзе Балхаш. Уявіце вялізнае возера і горад на беразе, а да суседняй Караганды ехаць 400 кіламетраў.

Наш дом быў шматкватэрны, побач жылі чачэнцы, карэйцы, немцы, татары, башкіры, эстонцы, беларусы... Як гэта кажуць, сабралася ўся «табліца Мендзялеева» пад адным дахам. У кожнага народа свае традыцыі, стравы, гульні. Дзецьмі мы адзін да аднаго ў госці бегалі і нават не задумваліся, што нехта іншай нацыянальнасці. Мы з жонкай, бывае, прыязджаем туды да сяброў у госці.

Давялося за жыццё многа дзе пабываць: службу праходзіў ў Германіі, па накіраванні ад камсамола ездзіў будаваць метро ў Польшчу. У Беларусь трапіў пасля арміі і адразу ўпадабаў гэтыя мясціны. Асабліва прыгожа вясной, калі сад цвіце — такога ў Казахстане не бачыў раней. Знайшоў тут дом, сям'ю, справу — вот так і прыжыўся.

Рагнеда ЮРГЕЛЬ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Жалеза вучыць цярплівасці і фантазіі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».