Прайшло літаральна два месяцы, як карэспандэнт «Звязды» пабывала на пляцоўцы, дзе будуецца Нежынскі горна-абагачальны камбінат, непадалёку ад Любані. За гэты час тут адбыліся значныя перамены, з'явілася шмат новых канструкцый, абсталявання. Штодзень на аб'екце працуюць 300 чалавек і 150 адзінак тэхнікі. Усе работы ідуць па плане, у штатным рэжыме.
Галоўны спецыяліст па збудаваннях капітальных выпрацовак замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю «Слаўкалій» Ігар Парадзін паведаміў, што ў канцы студзеня плануецца запуск трох замарожвальных станцый у тэставым рэжыме. Сутнасць тэхналогіі ў тым, што на глыбіні 156 метраў будзе цыркуляваць холадагент, які панізіць тэмпературу грунту да мінус 35 градусаў і засцеражэ шахту ад пранікнення падземных водаў і затаплення, паколькі радовішча знаходзіцца ў балоцістай мясцовасці. Такі метад ужо прымяняецца на найбуйнейшых сусветных залежах карысных выкапняў
— Каля 2—3 месяцаў будзе ісці мантаж праходчага абсталявання і капра, і прыкладна да пачатку 2019 года мы выйдзем на паўнавартасную праходку механізаваным спосабам, — дадаў спецыяліст.
Мяркуецца, што Нежынскі камбінат будзе выпускаць да 2 млн тон калійных угнаенняў штогод. Гэта яшчэ 20 % да таго, што сёння здабывае «Беларуськалій». Плануецца, што будаўніцтва камбіната закончыцца да 2020-га, а праз два гады ён будзе ўведзены ў дзеянне, паколькі для паўнацэннага яго функцыянавання трэба стварыць неабходную інфраструктуру. У прыватнасці, пабудаваць адміністрацыйна-бытавы комплекс, цеплаэлектрацэнтраль, газаправод, які дазволіць у перспектыве газіфікаваць больш як 20 населеных пунктаў раёна. Акрамя таго, ужо пачалося будаўніцтва чыгуначнай лініі ад пасёлка Урэчча да Любані.
На прадпрыемстве будзе працаваць больш як 2 тыс. чалавек. У сувязі з гэтым распрацавана праграма падрыхтоўкі кадраў горнай справы, тэхналагічнага, электратэхнічнага профілю.
— Па самых сціплых падліках насельніцтва Любані павялічыцца на 6 тыс. чалавек, — адзначыў старшыня Любанскага райвыканкама Сяргей Казецкі.
І, вядома, ужо сёння тут будуюцца жыллё, аб'екты інфраструктуры. У прыватнасці, старшыня савета дырэктараў «Слаўкалія» Міхаіл Гуцэрыеў у канцы кастрычніка мінулага года падараваў гораду новы 40-кватэры дом.
У ім толькі двух- і трохпакаёвыя кватэры. Раённыя ўлады засялілі сюды людзей, якія стаялі на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Як адзначыў Міхаіл Гуцэрыеў, прадугледжана будаўніцтва яшчэ пяці такіх дамоў з адпаведнай структурай, добраўпарадкаванымі дварамі, дзіцячымі пляцоўкамі для работнікаў камбіната. Акрамя таго, на савеце дырэктараў кампаніі прынятае рашэнне дадаткова ўзвесці пяць дамоў і на бясплатнай аснове перадаць іх ва ўласнасць райцэнтра.
Запасы Нежынскага радовішча — каля 3 млрд тон калію. Расійская прамысловая група «Сафмар», у структуру якой уваходзіць «Слаўкалій», у будаўніцтва комплексу ўкладзе 600 млн долараў. Акрамя таго, кітайскі банк выдзеліў крэдыт на 1,4 млрд долараў на 14 гадоў пад 4 % гадавых.
У будаўніцтве задзейнічаны беларускія фірмы, а таксама нямецкія кампаніі Hеrrеnknесht і Dеіlmаnn-Hаnіеl. Унікальнасць праекта заключаецца ў адмове ад метаду выбуховых работ, які традыцыйна выкарыстоўваецца пры свідраванні ствалоў будучых шахтаў. Праходка да канчатковай глыбіні будзе выконвацца высокамеханізаваным комплексам.
Як вядома, узвядзенне Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне пачалося ў верасні 2015 года. На цырымоніі адкрыцця Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў перспектыве гэта дазволіць павялічыць вытворчасць калійных угнаенняў да 14 млн тон у год.
Плануецца, што будаўніцтва камбіната закончыцца да 2020-га, а праз два гады ён будзе ўведзены ў дзеянне, паколькі для паўнацэннага яго функцыянавання трэба стварыць неабходную інфраструктуру. У прыватнасці, пабудаваць
адміністрацыйна-бытавы комплекс, цеплаэлектрацэнтраль, газаправод, які дазволіць у перспектыве газіфікаваць больш як 20 населеных пунктаў раёна.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.
Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».