Вы тут

«Бясшкодныя» звычкі, ад якіх пакутуе сэрца


Гутарка пойдзе не пра алкаголь—цыгарэты—стрэсы, якія, зразумела, нашаму сэрцу не памочнікі. Сярод штодзённых звычак, на якія мы нават не звяртаем увагу, нямала тых, якія падточваюць здароўе міякарда. Што шкодзіць нашаму сэрцу, расказала ўрач аддзялення дзённага знаходжання 2-й цэнтральнай паліклінікі г. Мінска Алена Лапсар.


Доўга сядзець перад тэлевізарам

— Некалькі гадзін перад тэлевізарам істотна павышаюць рызыку інфаркту, гэтак жа як і інсульту, — адзначае Алена Сяргееўна. — Сядзячы лад жыцця і недахоп руху негатыўна адбіваюцца і на абменных працэсах, і на ўзроўні цукру ў крыві. Акрамя гэтага, ад доўгага сядзення ў адным становішчы парушаецца адток крыві ў канечнасцях, што можа прыводзіць да яе згушчэння і ўтварэння тромбаў.

Не звяртаць увагу на храп

Многія не лічаць гулкія рулады нейкім асаблівым недахопам. На самай справе вельмі часта храп — сімптом дрэннага сардэчнага стану. І небяспечны ён тым, што правакуе павышэнне ціску і парушэнне сардэчнай дзейнасці.

Нерэгулярна чысціць зубы

Здавалася б, якая сувязь паміж зубамі і сэрцам? Аднак яна ёсць. Вучоныя высветлілі, што «банальная» старанная чыстка зубоў двойчы ў дзень і нагляд у стаматолага могуць рэальна падоўжыць жыццё на 10 і больш гадоў.

— У ротавай поласці знаходзіцца вельмі шмат бактэрый, больш за 350 відаў, — кажа Алена Лапсар. — Не асабліва дбайны догляд зубоў вядзе да кроватачывасці дзяснаў. І мікробы праз пашкоджаныя капіляры могуць трапіць у кроваток і нават стаць прычынай утварэння тромбаў.

Дарэчы, ужо даказана, што бактэрыі роду gіngіvаlіs уздзейнічаюць на фактары згушчальнасці крыві. А тромб, які адарваўся, можа закупорыць крывяносны сасуд і нават прывесці да інфаркту міякарду ці лёгачнай эмбаліі. Вучоныя лічаць, што недастатковая ўвага да штодзённай гігіены зубоў на 70 % павялічвае рызыку сардэчна-сасудзістых хвароб.

Занадта актыўна займацца спортам

Хадзьба і плаванне — аптымальныя нагрузкі для сэрца. А вось празмерная стараннасць у спартзале, наадварот, аслабляе сэрца. Асабліва небяспечна рэзка змяняць тэмп нагрузак. Многія людзі, часта ва ўзросце паміж 40 і 50 гадамі, раптоўна прымаюць рашэнне радыкальна змяніць фігуру. Запісваюцца ў трэнажорную залу і пачынаюць актыўна займацца. Аднак такія рэзкія перамены для арганізма ў цэлым, і для сардэчна-сасудзістай сістэмы ў прыватнасці, — моцны стрэс.

Пераядаць

Нават калі ў вас ад прыроды стройная фігура і атлусценне вам не пагражае, пераяданне вельмі небяспечнае для сэрца. Вялікі аб'ём ежы павялічвае нагрузку на крывяносныя сасуды брушной поласці. А гэта прымушае сэрца працаваць з падвоенай нагрузкай.

Часта ўжываць чырвонае мяса

Яно ўтрымлівае шмат насычаных тлушчаў.

— Згодна з некаторымі даследаваннямі, гэта павышае рызыку ўзнікнення хвароб сэрца і атэрасклерозу сасудаў. Чырвонае мяса павінна складаць не больш за 10 % ад агульнай долі прадуктаў жывёльнага паходжання ў вашым рацыёне, — нагадвае ўрач.

Рэдка есці садавіну і агародніну

Даказана, што штодзённае ўжыванне 300 грамаў свежай садавіны і агародніны зніжае рызыку ўзнікнення хвароб сэрца на 20 %. Справа ў тым, што акрамя важных для сэрца вітамінаў С і К, садавіна і агародніна багатая на клятчатку і пекціны, якія «чысцяць» сасуды.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».