Вы тут

Спакусы маляўнічых азёр


Карэспандэнт «Звязды» паўдзельнічала ў рэйдзе інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

Маларытчына багатая азёрамі. Па маляўнічасці Лукаўскае можа сапернічаць з Олтушскім, ды і Арэхаўскае не адстане. Ёсць і меншыя прыгожыя вадаёмы, нават тыя, што ўтвораны з былых тарфяных альбо мелавых кар'ераў. Усе яны прыцягваюць шмат гараджан-адпачывальнікаў, асабліва летам, а зімой тут поўна аматараў зімовай рыбалкі. Ну, і для браканьераў нямала спакусы. Не раз і не два іх тут затрымлівалі з сеткамі ды іншымі забароненымі прыстасаваннямі. Таму аб'ектам палявых кантрольных мерапрыемстваў Брэсцкай абласной інспекцыі гэты край становіцца часта.


Сця­пан Ні­ка­лай­чук.

Пра рыбака, рыбку і рака

Карэспандэнту газеты ў такім рэйдзе давялося ўдзельнічаць упершыню. Намеснік начальніка інспекцыі Сяргей ШТЫК і дзяржаўны інспектар Дзмітрый РЫБАКОЎ па дарозе згадвалі выпадкі, калі менавіта ў гэтым раёне затрымлівалі парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства. Напрыклад, два месяцы таму на Лукаўскім вадасховішчы сярод белага дня двое злосных браканьераў з лодкі цягнулі адну за другой сеткі з вады. Потым падлічылі: сетак было 14 агульнай даўжынёй больш за 800 метраў... Але за гэтымі крымінальнымі рыбакамі з засады назіралі інспектары і фіксавалі ўбачанае на відэа.

Карацей, былі затрыманы двое грамадзян, жыхароў суседніх вёсак, раней судзімых, за іх незаконным заняткам. У іх мяшках знаходзілася больш за два дзясяткі рыбін і 561 рак. Паколькі ўрон, нанесены прыродзе, ацэнены ў 20 166 рублёў, што складае асабліва буйны памер, заведзена крымінальная справа. Яе фігуранты чакаюць суда.

Наогул, каб парушальнікі атрымлівалі належную ацэнку сваім дзеянням, павінны быць прадстаўлены пераканаўчыя доказы здзейсненага. Інспектары ўспаміналі, на якія толькі хітрыкі не ідуць у судзе парушальнікі, каб выкруціцца. Неяк адзін з браканьераў прывёў на судовае пасяджэнне цэлую групу людзей, якія сведчылі, што менавіта ў той час і ў тым месцы ён не лавіў рыбу, а прагульваўся на беразе возера і любаваўся краявідамі. Тады суддзя спытала, які ж гардэроб выбраў для экалагічнай прагулкі іх таварыш? Яны не ўлічылі, што суд мае фота- і відэаматэрыялы. А калі суддзя яшчэ раз папярэдзіла аб адказнасці за лжывае сведчанне, то гора-сведак і след прастыў...

Гэтым разам Лукаўскае вадасховішча, пакрытае лёдам, зусім не выглядала бязлюдным. Рыбакі сядзелі ля сваіх лунак і назіралі за жарліцамі. І калі першы аматар зімовай лоўлі, з якім давялося пазнаёміцца, скардзіўся на бедны ўлоў, маўляў, нават кот дадому не пусціць, то Алег з Кобрына, які свой выхадны праводзіў за любімым заняткам, хваліўся здабытымі шчупакамі. Супрацоўнікі інспекцыі пажадалі ўсім добрага адпачынку, яшчэ раз напомнілі правілы, паводле якіх сябры таварыства паляўнічых і рыбаловаў маюць права ўстанаўліваць да дзясятка жарліц, астатнія — да пяці. Такое абмежаванне апраўдана. Бо тыя, хто плаціць узносы, ускосна ўдзельнічаюць у зарыбленні вадаёмаў. Астатнія ж толькі карыстаюцца дарамі прыроды. Яшчэ аматарам нагадалі, каб не пакідалі без нагляду рыбалоўныя прыстасаванні, бо гэта супярэчыць правілам. Рыбакі са стажам правілы ведаюць, але паўтарыць ніколі не бывае лішнім. Пенсіянеры на Арэхаўскім возеры з цікавасцю ўспрынялі візіт супрацоўнікаў інспекцыі, задавалі шмат пытанняў.

У кантакце з інспекцыяй

Тут жа, фактычна на беразе Арэхаўскага возера, знаходзіцца база Маларыцкага раённага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Кіраўнік раённай арганізацыйнай структуры названага таварыства Сцяпан НІКАЛАЙЧУК сказаў, што яны працуюць у цесным кантакце з інспекцыяй. Інакш і быць не можа, бо задачы вырашаюць аднолькавыя. Цікава, што Сцяпан Сцяпанавіч прыйшоў на гэтую работу пасля службы ў АМАПе. І патэнцыйныя парушальнікі спачатку крыху нібы спалохаліся, а потым паспрабавалі «дамовіцца». Што толькі не рабілі на гэтым шляху: у лесе пераходзілі дарогу адразу сем чалавек супраць аднаго, пісалі пісьмо пракурору. Але ж нічога не дабіліся.

— У нас асаблівыя ўмовы, — расказвае Сцяпан Нікалайчук. — Мы на мяжы з Украінай. Памежжа даўно служыць спакусай для аматараў кантрабанды любога тавару. Інфармацыяй аб канфіскацыі незарэгістраванай зброі ўжо нікога не здзівіш. А ў нас тым больш. Тут пэўная катэгорыя людзей пачынае адчуваць сябе вольнай ад законаў. Ну вось, напрыклад, на паляванні сустракаем чалавека без пуцёўкі. Грамадзянін хутчэй багаты, чым бедны. Для яго гэтыя 30 рублёў менш, чым для іншага адна капейка. Але паводзіць сябе менавіта так ці то ў пошуках адрэналіну, ці па іншай прычыне. Часцей за ўсё ў такіх выпадках даводзіцца выклікаць на дапамогу іншыя службы, перш за ўсё інспекцыю па ахове жывёльнага і расліннага свету.

А для законапаслухмяных паляўнічых і рыбаловаў раённае таварыства ўжо гэтым летам прапануе пакоі з мэбляй для адпачынку ўсяго за 10 рублёў у суткі. Цяпер вядзецца рамонт у памяшканні на базе каля Арэхаўскага возера. Фішка яшчэ ў тым, што ад названай базы да самай вады праз чарот пракладзены драўляны праход-масток даўжынёй у 200 метраў. У канцы адкрываецца маляўнічы краявід усёй акваторыі вадаёма.

І хоць работнікі раённага таварыства добраўпарадкавалі адзін з падыходаў да названага возера, яны не з'яўляюцца гаспадарамі вадаёма. Возера перададзенае ў арэнду ААТ «Арэхаўскае».

Дзміт­рый Ры­ба­коў  пра­во­дзіць пра­вер­ку  па­ляў­ні­чай зброі.

Асаблівасці нацыянальнай арэнды

Наогул, пытанні арэнды, як паказвае практыка, надзвычай складаныя, часам нават хваравітыя. Шмат парушэнняў выяўлялася за апошнія гады. Яно і зразумела: вялікая спакуса ўзяць у арэнду вадаём з гатовай рыбай і распараджацца ім як уздумаецца. Тым больш што ёсць разнавіднасці арэнды — для рыбаводства і для арганізацыі платнай аматарскай рыбалкі. Іншыя нядобрасумленныя арандатары гэтыя паняцці блытаюць, не прытрымліваюцца патрабаванняў заканадаўства. А пры спажывецкім стаўленні да воднага аб'екта за тры-чатыры гады ён можа канчаткова прыйсці ў заняпад. Наводзіць парадак у гэтай справе абавязаны органы мясцовай улады. А інспекцыя кантралюе выкананне прыродаахоўнага заканадаўства карыстальнікамі рыбных угоддзяў.

А вось фермер Уладзімір Вялічка, арандатар воднага аб'екта пад назвай «Арэхаўскія разлівы № 1», якраз можа быць узорам арандатара. Уладзімір Васілевіч прывёў у парадак прыбярэжную паласу, добраўпарадкаваў пад'езд да возера, абсталяваў альтанку, паставіў кантэйнеры для смецця. Зроблена ўсё па-гаспадарску, як і патрабуюць правілы. Вясной фермер закупіў малька і правёў зарыбленне. І квіток на рыбалку для аматара ў яго адзін з самых танных — шэсць рублёў. Сёлета Уладзімір Вялічка плануе ўдзельнічаць ва аўкцыёне па продажы права арэнды суседняга аб'екта. «Каб было дзе разгарнуцца, — тлумачыць арандатар, бо пакуль што толькі ўкладваў сродкі, прыбытку яшчэ не бачыў. Але на хуткі прыбытак і не разлічваў». Цяпер ужо з усмешкай фермер згадвае, як напачатку, калі падпісаў паперы на арэнду, узяўся за работу з такім энтузіязмам, што не правёў патрэбныя ўзгадненні, не аформіў дакументы на земляныя работы... і атрымаў штраф ад інспекцыі. Так бывае, але цяпер ён тых памылак не зробіць.

* * *

Яшчэ ў ходзе рэйду нашы інспектары праверылі ў двух паляўнічых дакументы на права палявання, адпаведнасць патронаў і зброі заяўленым пуцёўкам. І ўсё аказалася ў парадку. Пры гэтым адзін мужчына выпраўляўся з вёскі на паляванне, другі вяртаўся з трафеем — з зайцам у заплечніку.

Такім чынам, палявое кантрольнае мерапрыемства гэтым разам аказалася прафілактычным. Бо тыя нязначныя агрэхі, якія дапусцілі рыбаловы і паляўнічыя, вартыя прафілактычнай гутаркі. «Вынікі рэйду сведчаць аб тым, што ў цэлым сітуацыя пад кантролем, — сказаў намеснік начальніка абласной інспекцыі Сяргей ШТЫК. — За 15 гадоў работы Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у нашым рэгіёне выяўлены дзясяткі тысяч парушальнікаў. Толькі за мінулы год канфіскавана 906 сетак працягласцю 35 кіламетраў, 32 адзінкі незарэгістраванай зброі, у следчыя органы перададзена 52 матэрыялы, якія паслужылі падставай для крымінальных спраў. Гэта дысцыплінавала многіх і пайшло на карысць прыродзе».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Маларыцкі раён

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.