Вы тут

Культурная пляцоўка Еўропы


Менавіта гэтая тэма стане галоўнай на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая пройдзе з 28 лютага па 4 сакавіка.


Адна з характэрных рыс беларусаў — гасціннасць. У нашай краіне можна пазнаёміцца з культурай ды звычаямі многіх народаў, што спрыяе ўзаемнаму ўзбагачэнню культур. Такое стаўленне да народаў іншых дзяржаў зрабіла Беларусь прыкладам міралюбнасці, талерантнасці, міжнацыянальнага братэрства.

Падчас кніжнага форуму адбудзецца IV Міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Чакаюцца ўдзельнікі з больш як 20 краін. На выстаўцы пройдзе ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў «Першацвет»: іх творчасці будзе прысвечана і прэзентацыя зборніка, створанага па выніках конкурсу, а таксама кнігі маладога аўтара Станіславы Умец «Сэрца Сакры: фэнтэзі», якая адкрыла новую серыю выдавецтва «Мастацкая літаратура» — «Час XXI».

Сёлета на кніжнай выстаўцы будуць асабліва вывучаць традыцыі Сербіі, якая стане ганаровым госцем форуму. У праграме ўдзелу ганаровага госця запланавана выстаўка Нацыянальнай бібліятэкі Сербіі «Сербская літаратура ў Першай сусветнай вайне», адбудуцца творчыя сустрэчы з вядомым сербскім празаікам Горанам Петравічам і Даянай Лазаравіч — перакладчыцай зборніка Максіма Багдановіча «Вянок» на сербскую мову, таксама запрашаюць на сербска-беларускую літаратурную імпрэзу «Творчы і навуковы тандэм: Іван Чарота і Драган Лакічавіч».

Чакаюцца прэзентацыі выдадзенага ў Беларусі зборніка сучаснай сербскай прозы, кнігі Нэвены Вітошавіч-Чэкліч «Чырвоныя кветкі Косава поля», кнігі «Беларусы пра Сербію і Югаславію», перакладу на рускую мову твораў св. Савы Сербскага «Студенички типик» і «Житие св. Сименона», падборкі беларускай паэзіі ў сербскім часопісе «Повельа» і сербскіх выпускаў часопісаў «Маладосць», «Полымя», «Нёман» і газеты «Літаратура і мастацтва». А ў Доме дружбы адбудзецца вечар, прысвечаны сербскай літаратуры.

У цэнтры экспазіцыі таксама — кнігавыдавецтва Казахстана. Як заўсёды, грунтоўную праграму прапануюць аматарам кнігі расійскія выдаўцы (экспазіцыі «Выдавецкія праграмы ўрада Масквы» і «СанктПецярбургскі міжнародны кніжны салон»), а таксама прадстаўнікі Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Кітайскай Народнай Рэспублікі. Знакавым мерапрыемствам форуму стане прэзентацыя «Энцыклапедыі Кітая» на беларускай мове. Праект рэалізаваны ў адпаведнасці з мемарандумам аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Галоўным дзяржупраўленнем па справах прэсы, выдавецтваў, радыёвяшчання, кінематаграфіі і тэлебачання КНР.

Камітэт па друку і ўзаемадзеянні са СМІ ўрада СанктПецярбурга прадставіць музычна-літаратурны вечар, прысвечаны 315-годдзю з дня заснавання горада на Няве і адзначаць сумесныя расійска-беларускія кніжныя праекты.

На нацыянальным стэндзе Беларусі падчас выстаўкі адбудуцца шматлікія сустрэчы з аўтарамі, выдаўцамі, мастакамі, прэзентацыі новых кніг, круглыя сталы, аўтограф-сесіі.

 Выстаўка будзе ладзіцца ў адміністрацыйным комплексе на праспекце Пераможцаў, 14.

Міра ІЎКОВІЧ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.