Вы тут

400-годдзе славянскага «Буквара» адзначаць факсімільным выданнем


Два гады таму ў вучоных атрымалася даказаць, што першы ў свеце «Буквар» мае беларускія карані. Гэтую першакнігу сапраўды кожнага чалавека і кожнага пакалення выдалі ў 1618 годзе на царкоўнаславянскай мове ў адной з самых старажытных і ўплывовых беларускіх друкарань — у Віленскім Свята-Духавым праваслаўным брацтве ў Еўі. Зараз у свеце засталіся толькі два экзэмпляры гэтага ўнікальнага выдання — адно з іх, няпоўнае, захоўваецца ў Каралеўскай бібліятэцы Даніі, а другое, якое захавалася добра, знаходзіцца ў лонданскай бібліятэцы «Мідл Тэмпл». Убачыць той самы «Буквар» у арыгінале сёння амаль немагчыма: каб атрымаць доступ да фаліянта, трэба прайсці праз шэраг перамоў і мець важкую прычыну. Але ў Нацыянальнай бібліятэцы гэтую праблему хутка вырашаць, бо ўжо ў верасні, сімвалічна — у Дзень ведаў, — у Беларусі прэзентуюць факсімільнае выданне легендарнага «Буквара», пра што паведаміў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі:


— 400-годдзе гэтай кнігі вартае таго, каб яе даследаваць, вывучыць і вярнуць у сучаснасць. Акрамя культурна-гістарычнага значэння, тут ёсць яшчэ і прагматычны складнік: у Беларусі працягваецца работа па рэформе сістэмы адукацыі, і без вывучэння першакрыніц і традыцый нашай адукацыі зрабіць гэта немагчыма, таму «Буквар» тут — стартавая кропка

Захаваць такую спадчыну праз стагоддзі неверагодна складана: менавіта таму знайсці старажытныя вучэбныя дапаможнікі — справа не з лёгкіх. Раман Матульскі адзначае, што так было ва ўсе часы: у кнігах малявалі дзеці, вырывалі старонкі, таму «Буквароў» засталося так мала. Менавіта таму важна вярнуць да жыцця гэтую кнігу: сэнс азбукі ў тым, каб вучыць, а не ляжаць на паліцы. Да таго ж вучыцца давядзецца ў вялікіх: вучоныя высветлілі, што ў выданні першага «Буквара» непасрэдна ўдзельнічаў Мялецій Сматрыцкі, які ў гэтай жа друкарні праз год выдаў сваю «Граматыку», таксама ў азбуцы ёсць тэксты яшчэ аднаго нашага суайчынніка — Зізанія. І ўжо гэтыя сведчанні робяць «Буквар» унікальным не толькі ў сэнсе спадчыны, але і ў сэнсе практычнага дапаможніка.

Ідэя даследавання каштоўнай кнігі і стварэння факсімільнага выдання знайшла водгук у міністэрстваў замежных спраў і адукацыі, некалькіх банкаў, і за такую вялікую справу гатовы брацца не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы: аказаць дапамогу пагадзіліся ў Вялікабрытаніі, дзе «Буквар» захоўваецца. Іан Фокс, намеснік Кіраўніка місіі Пасольства Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь, лічыць, што вяртанне да жыцця «Буквара» — нацыянальнае дасягненне для Беларусі, але і вельмі важны момант брытанскай гісторыі:

— Гэта першая копія славянскага «Буквара», які належыў заснавальніку бібліятэкі «Мідл Тэмпл» і вядомаму бібліяфілу Роберту Эшлі (пасля сябе ён пакінуў калекцыю з 3700 кніг!). У ХІХ стагоддзі «Буквар» быў пераплецены наноў, таму ў ім з’явілася частка тэксту невядомага аўтара. Хоць бібліятэка «Мідл Тэмпл» не дапускае да арыгінала чытачоў, кожны ахвотны сёння можа звярнуцца да алічбаванай версіі «Буквара» на сайце бібліятэкі.

Ці прыедзе арыгінальны «Буквар» у Беларусь з Лондана? Пытанне застаецца адкрытым, але перамовы наконт гэтага вядуцца. А пакуль беларускія школьнікі могуць карыстацца выдадзенымі ў гэтым стагоддзі кнігамі. Тым не менш у сістэме адукацыі разумеюць важнасць першага дапаможніка: начальнік аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Святлана Кудраўцава адзначыла, што беларусы стаялі ля вытокаў самай карыснай кнігі, таму святкаванне гэтай падзеі не павінна абмяжоўвацца адным годам:

— 500-годдзе беларускага кнігадрукавання змяняецца не менш гучным юбілеем «Буквара». Сапраўды ўсцешна, што слова «Буквар» паўсюль дагэтуль бачаць на вокладках кніг, і яно пайшло менавіта ад беларусаў. Сучасныя азбукі, канечне, адрозніваюцца ад старажытных, але да гэтага часу прытрымліваюцца закладзеных у 1618 годзе традыцый.

Каб стварыць факсімільнае выданне, варта прыкласці шмат намаганняў, ды яшчэ дадаць да гэтага фінансавую падтрымку. У Нацыянальнай бібліятэкі ў гэтай справе — некалькі партнёраў: з банкамі ўстанова супрацоўнічае ўжо некалькі гадоў, вось і зараз выдаткаваць сродкі на «Буквар» прапанавалі Белінвестбанк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Выданне «Буквара» — не толькі прыгожая, важная падзея, але і ўчынак, які не мае матэрыяльнага вымярэння, бо дазволіць узняць узровень ведаў грамадства. Хоць падаецца, быццам азбука — кніга для пачаткоўцаў, але менавіта дзякуючы ёй кожны з нас навучыўся пісьменнасці ды, напэўна, знойдзе мудрасць у выданні і сёння.

Дарэчы, хоць праект толькі пачаўся, ён паспеў стаць міжнародным ад свайго нараджэння, бо закранае інтарэсы як мінімум 5 краін — Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі і Вялікабрытаніі. Менавіта таму мерапрыемствы, прымеркаваныя да 400-годдзя «Буквара», правядуць і за мяжой (першыя па чарзе за Беларуссю — Літва ды Вялікабрытанія). Раман Матульскі адзначае, што першая вялікая падзея адбудзецца ўжо 26—27 красавіка падчас Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, якія будуць прысвечаны тэме «Буквара», а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы прадставяць выстаўку азбук, каб паказаць галоўную кнігу ў гістарычным разрэзе ды падрыхтаваць аматараў пісьменнасці да прэзентацыі факсіміле.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Фота Таццяны Блахіной

Загаловак у газеце: Беларуская Terra Incognita

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.