Вы тут

На якіх прынцыпах будзе грунтавацца Дэкрэт № 1?


Дэкрэт № 1 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва» падпісаны кіраўніком дзяржавы пазаўчора, афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дзейнічаць нормы гэтага дакумента пачнуць з 1 студзеня 2019 года. Спецыялісты расказалі, на якіх прынцыпах будзе грунтавацца дэкрэт.


Згодна з Дэкрэтам № 1, збор з непрацуючых грамадзян на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў ажыццяўляцца не будзе. Але з 1 студзеня наступнага года незанятыя ў эканоміцы краіны працаздольныя грамадзяне будуць плаціць за паслугі, якія субсідуюцца дзяржавай, у памеры іх поўнага кошту. Як адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Тамара Красоўская, канкрэтны пералік такіх паслуг пакуль не вядомы. Плануецца, што ён будзе вызначаны ўрадам краіны да 1 красавіка.

«Новы дэкрэт не павінен выклікаць негатыўнай рэакцыі ў грамадстве. Ён комплексна вырашае праблемы сям'і. Камісія будзе прымаць рашэнне, каб чалавек не лічыўся ў спісах не занятых у эканоміцы, калі ў яго ёсць сур'ёзныя жыццёвыя праблемы. Самае ключавое паняцце ў гэтым дакуменце — чалавечы падыход да вырашэння ўсіх праблем», — адзначыла Тамара Красоўская.

Андрэй Лабовіч, першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны, лічыць: «Дэкрэт накіраваны на максімальнае садзейнічанне ў працаўладкаванні, забеспячэнні легальнай занятасці людзей і заснаваны на прынцыпах сацыяльнай справядлівасці і ўдзелу ўсіх грамадзян у жыцці грамадства і краіны». Асаблівы акцэнт робіцца на ўзмацненні ролі мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў у вырашэнні пытанняў занятасці. Прычым, паводле яго слоў, задача мясцовых органаў заключаецца ў тым, каб працаваць з людзьмі па адмысловай праграме і дайсці да кожнага, хто нават патэнцыйна можа трапіць у спісы непрацуючых. «Мясцовыя органы павінны прапанаваць свае паслугі па працаўладкаванні, навучанні і іншых формах эфектыўнай палітыкі садзейнічання занятасці», — растлумачыў Андрэй Лабовіч. Пры гэтым, калі будуць фарміравацца спісы, кожны грамадзянін можа звярнуцца ў камісію ці адміністрацыю раёна і паведаміць пра патрэбу ў працаўладкаванні. Гэта могуць зрабіць і члены яго сям'і. Акрамя таго, выканкамы будуць рабіць і першы крок насустрач незанятым. Ніхто не збіраецца нікога прымушаць. Задача мясцовых улад — менавіта стварэнне ўмоў, каб у чалавека з'явілася магчымасць працаўладкавання. Паводле слоў першага намесніка міністра працы і сацыяльнай абароны, у другім паўгоддзі сёлета ў тэставым рэжыме будзе праведзена выпрабаванне ўзаемадзеяння ўсіх органаў улады як на рэспубліканскім, так і на мясцовым узроўні па фарміраванні базы даных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы.

Прынцыпова новым у вырашэнні праблем занятасці насельніцтва стане штогадовае вызначэнне ўрадам пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы. Гэта дазволіць адрасна вырашаць пытанні занятасці насельніцтва ў асобных раёнах ці гарадах Беларусі. На такіх тэрыторыях абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў змогуць дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.

«Таксама будуць устанаўлівацца паквартальныя значэнні прагнозных паказчыкаў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва на рэспубліканскім, абласным і раённым узроўнях. Маніторынг выканання ўладай гэтых заданняў дазволіць кантраляваць сітуацыю на рынку працы рэспублікі і рэгіёнаў і аператыўна прымаць рашэнні па яе рэгуляванні», — дадаў Андрэй Лабовіч.

Пры тым, што над дэкрэтам праведзена вялікая сістэмная работа, па словах Андрэя Лабовіча, цяпер пытанне аб павелічэнні памеру дапамогі па беспрацоўі не разглядаецца. «Летась урадам прапрацоўваліся і былі ўнесены прапановы па ўкараненні сістэмы страхавання ад беспрацоўя, па павелічэнні памеру дапамогі, але на цяперашнім этапе пакуль гэтыя меры заўчасныя», — дадаў Андрэй Лабовіч. Разам з Дэкрэтам № 1 прапанаваная так званая двухузроўневая сістэма разгляду пры стварэнні баз незанятых у эканоміцы. У сувязі з гэтым на мясцовыя органы ўлады ўскладаецца адказнасць падрабязна прааналізаваць сітуацыю кожнага чалавека. Гэта дазволіць вызначыць яго сацыяльны статус, што дапаможа сфарміраваць вычарпальныя і дакладныя спісы на аснове рашэнняў мясцовых органаў улады.

Каментарыі ў тэму

Валерый БАРАДЗЕНЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу:

— Як Дэкрэт № 1 адаб'ецца на эканоміцы краіны? Не ведаю, час пакажа, асабліва пасля першага студзеня 2019 года. Я думаю, што гэты дэкрэт не эканамічны, а сацыяльна-ідэалагічны. Таму меркаваць, што будуць, напрыклад, нейкія эканамічныя плюсы — наўрад ці. Не з гэтага пункту гледжання ўсё прымалася, а хутчэй для таго, каб у людзей было ўсведамленне пачуцця справядлівасці. У нас жа сацыяльна арыентаваная дзяржава і эканоміка. Адпаведна, калі хтосьці не ўносіць свой уклад і выхваляецца гэтым, узнікае нейкая сацыяльная напружанасць. Зразумела, што гэта нікому не трэба. Што датычыцца менавіта эканамічнага аспекту дакумента і адпаведных фінансавых механізмаў, то я не думаю, што гэта будуць значныя сумы для людзей, у нас жа не так шмат такіх грамадзян.

Жанна РАМАНОВІЧ, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама:

— Сёння ў Мінску больш за 11 тысяч вакансій. На аднаго беспрацоўнага ў нас больш за пяць вакансій. Работа ёсць і для людзей, якія маюць рабочую прафесію, і для спецыялістаў. Для кожнага чалавека, хто адчувае цяжкасці з пошукам работы, мы прапануем перанавучанне па пяці адукацыйных праграмах. Гэта перападрыхтоўка, падрыхтоўка, навучальныя курсы, па прафесіі і па спецыяльнасці. Толькі на 2018 год мы сфарміравалі 33 прафесіі, па якіх можна навучыцца. І ўсе яны запатрабаваныя на рынку працы.

Апошнім часам было прынята нямала нарматыўных дакументаў, якія дазваляюць чалавеку знайсці работу па душы. Калі ён гэтага так і не зрабіў, то альбо ў яго ценявыя даходы, альбо ён проста прызвычаіўся жыць за кошт іншых. Ёсць тыя, каму прапануеш ужо 31-ю па ліку вакансію з досыць добрай аплатай працы, але вынік застаецца ранейшы.

Анатоль ШАЛТАНЮК, старшыня Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў:

— Дэкрэт № 1 накіраваны перш за ўсё на садзейнічанне занятасці насельніцтва. Мы гэтай работай займаемся пастаянна і будзем яе працягваць. У ходзе нядаўніх раённых кірмашоў вакансій давялося яшчэ раз упэўніцца, што работу знаходзіць той, хто хоча працаваць. У нашым адным з самых маленькіх раёнаў краіны на сёння адкрытыя больш за 200 вакансій. У сельскай гаспадарцы патрабуюцца ветурачы і заатэхнікі, механізатары, кіроўцы. У горадзе не хапае медыцынскіх сясцёр, арганізацыі гатовыя прыняць на работу трактарыстаў і бульдазерыстаў. Да райцэнтра нядаўна далучылі чатыры сельскія населеныя пункты, дык не хапае кіроўцаў, каб упарадкаваць рух гарадскіх аўтобусаў. Будаўнічая кампанія набірае будаўнікоў для работы вахтавым метадам у Польшчы. Як бачыце, ёсць розныя прапановы для людзей рознага ўзроўню адукаванасці, акрамя таго, заўсёды можна падвучыцца.

У дакуменце напісана, што раённыя камісіі па садзейнічанні працаўладкаванню ўзначаляць пераважна старшыні Саветаў дэпутатаў. Будзем працаваць, тым больш што пэўны досвед ёсць.

Таццяна ЗАХАРАВА, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Аршанскага райвыканкама:

— У раёне цяпер назіраецца тэндэнцыя па зніжэнні колькасці беспрацоўных. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у нас прапанова ад наймальнікаў перавышае попыт. Ёсць вакансіі для швачак, фармацэўтаў, урачоў, токараў, слесараў. Аптымізацыя на прадпрыемствах была нязначная, таму яна не паўплывала на напружанасць на рынку.

Пытанне: што рабіць з катэгорыяй, якая працаваць не хоча? Бываюць выпадкі, калі мамы прыходзяць прасіць за сваіх дарослых здаровых сыноў. Многіх з іх мы не бачым, таму нават не можам улічыць. Будзем чакаць тлумачэнняў да дэкрэта пра тое, якую работу праводзіць з гэтымі грамадзянамі.

Летась камісія пры выканкаме для садзейнічання занятасці працавала прадукцыйна. Кожны выпадак разглядаўся індывідуальна. Нельга адназначна адказаць, што адносіць да цяжкай жыццёвай сітуацыі. Трэба ўлічваць абставіны кожнага чалавека асобна.

Аляксандр МАШКО, намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце і персанале холдынга «Атлант»:

— Вакансіі на прадпрыемстве ёсць. Са спецыялістаў патрэбны праграмісты, інжынеры-канструктары, бізнес-аналітыкі. Вядома, на гэтыя месцы запрашаюцца людзі з вышэйшай адукацыяй. Калі казаць пра рабочыя прафесіі, то неабходны аператары станкоў з праграмным забеспячэннем, слесары-інструментальшчыкі, шліфоўшчыкі. Ёсць таксама вакансіі, дзе не патрабуецца кваліфікацыя: грузчыкі, кладаўшчыкі, электраманцёры. Заробкі розныя: ад 650 да 1000 рублёў. Прапановы, лічу, годныя.

Колькасць вакансій залежыць ад аб'ёмаў работы. У красавіку, напрыклад, будзем набіраць каля 150 чалавек. Летам таксама запросім студатрады.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Прааналізаваць сітуацыю кожнага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».