Вы тут

Якія аб'екты адкрыюцца ў Мінску ў гэтым годзе?


Сталіца Беларусі, як і любы іншы буйны горад, жыве ў стадыі бясконцага будаўніцтва і рэканструявання. Штогод у Мінску здаецца ў эксплуатацыю некалькі знакавых збудаванняў, не гаворачы ўжо пра сотні іншых. 2018 год не павінен стаць выключэннем: сталіцу чакае з'яўленне новых сацыяльных, спартыўных, турыстычных, гандлёвых і іншых аб'ектаў. Мы пастараліся разабрацца, у якіх збудаваннях на самай справе больш за ўсё маюць патрэбу горад і яго жыхары.


Адкрыццё як свята: у чаканні прыгожых дат

Адной з галоўных падзей года абяцае стаць адкрыццё пасля рэканструкцыі стадыёна «Дынама». Так, само збудаванне не новае, але перарабляюць яго настолькі маштабна, што аматарам футбола, якія правялі на яго трыбунах сотні гадзін у мінулым, можа здацца, што апынуліся яны зусім не ў цэнтры Мінска, а ў адной з прызнаных сталіц гэтага віду спорту. Гісторыя рэканструкцыі стадыёна была вельмі заблытаная: спачатку яго хацелі «перакваліфікаваць» у лёгкаатлетычны, асобна пабудаваўшы нацыянальны футбольны стадыён у іншым раёне, аднак потым ад гэтай ідэі адмовіліся. Тым не менш тэрміны заканчэння будаўніцтва пераносіліся некалькі разоў, апошні раз — з-за праблем з мантажом металаканструкцый. Але з сітуацыі выйшлі прыгожа: датай уводу аб'екта прызначылі чэрвень 2018-га — роўна за год да старту Еўрапейскіх гульняў. Каб падкрэсліць гэтую ўзаемасувязь, у гэты дзень будзе запушчаны зваротны адлік на спецыяльным табло.

Дарэчы, працэс падрыхтоўкі Мінска да Еўрапейскіх гульняў прыкметны шмат у чым. Радуе тое, што галоўны этап будаўнічага буму мінчане перажылі яшчэ некалькі гадоў таму, напярэдадні іншага спартыўнага форуму — чэмпіянату свету па хакеі. Тое, што адбываецца цяпер, можна назваць, хутчэй, апошнімі штрыхамі ва ўжо гатовую карціну. І ўсё ж на палатне з'явяцца і новыя элементы. Галоўны з іх — Цэнтр мастацкай гімнастыкі. Яго адкрыццё таксама прымеркавана да прыгожай даты, а менавіта да Міжнароднага жаночага дня. Сапраўды, гэты від спорту, у першую чаргу, асацыюецца менавіта з далікатнымі дзяўчатамі, здольнымі грацыёзна выконваць найскладанейшыя практыкаванні. У новым цэнтры спецыяльна для гэтага будзе абсталявана восем пляцовак, чатыры залы харэаграфіі, дзве залы для пачаткоўцаў, таксама тут з'явяцца медыка-аднаўленчы цэнтр і інтэрнат.

Горад у горадзе і яшчэ пара гасцініц

Калі пытанне, дзе выступаць і спаборнічаць, можна назваць галоўным, то другое па значнасці — дзе размясціць саміх спартсменаў і гасцей турніру. Калі гаварыць аб спартсменах, то для іх чарговы раз расчыніць свае дзверы студэнцкая вёска. Комплекс ужо практычна завершаны: цяпер тут функцыянуе сем інтэрнатаў, а ў гэтым годзе абяцаюць адкрыць і апошні, восьмы, які будзе прызначаны спецыяльна для маладых навукоўцаў і аспірантаў. У цэлым, студэнцкая вёска ўжо цяпер уяўляе сабой горад у горадзе. Не пакідаючы яе межы, можна паабедаць у кафэ, зрабіць неабходныя пакупкі ў краме, схадзіць на стрыжку, аднесці бялізну ў пральню, узяць кнігі ў бібліятэцы, наведаць доктара, а таксама заняцца спортам і творчасцю ў спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах. І ўсё гэта — у асяроддзі равеснікаў, захопленых самымі рознымі сферамі. Калі б яшчэ на вучобу не трэба было выязджаць...

Але цяпер гутарка зусім не пра гэта, а пра тое, дзе ж будуць жыць госці гульняў і іншыя турысты, якіх зараз так актыўна імкнуцца завабіць у краіну, у тым ліку і дзякуючы бязвізаваму рэжыму. Праблем з колькасцю месцаў для іх размяшчэння ў Мінску дакладна няма, але гасцініцы працягваюць расці як грыбы пасля дажджу. Сёлета павінны адкрыцца яшчэ тры. Самая буйная — гатэль Mercure на вуліцы Зыбіцкай. Гасцініца, прызначаная для тых, хто відавочна збіраецца прыехаць у Мінск не для таго, каб па начах спаць моцным сном. Суседства з самым тусовачным месцам горада проста абавязвае ўлівацца ў начное жыццё, нават і не па ўласнай волі. Дарэчы, начное жыццё сталіцы штогод набывае ўсё большыя маштабы: калі б мы ўзяліся пералічваць усе перыпетыі з навакольнымі барамі, якія адкрываюцца, знікаюць або проста мяняюць назвы літаральна з хуткасцю святла, баюся, для гэтага не хапіла б цэлай газетнай паласы. А што будзе адбывацца бліжэй да лета 2019 года? Нават уявіць цяжка.

Яшчэ адзін, але ўжо шматфункцыянальны комплекс адкрыецца побач з кінатэатрам «Перамога». У ім размесціцца, вядома ж, гатэль, а таксама кафэ і спа-цэнтр. Акрамя таго, менавіта тут атрымае прапіску офіс Беларускай федэрацыі гарналыжнага спорту і снаўборда, такое суседства — нетыповая для Мінска, але вельмі перспектыўная практыка. Дарэчы, сам кінатэатр «Перамога» ўжо больш за год закрыт на рэканструкцыю. Гэтая тэма выклікала гарачае абмеркаванне сярод мінчан: многія пабаяліся, што вонкавае аблічча будынка можа стаць занадта «сучаснае», што сатрэ напамін пра яго багатую гісторыю як аднаго з самых унушальных будынкаў Мінска яшчэ з даваенных гадоў. У сярэдзіне студзеня адміністрацыя Цэнтральнага раёна прапанавала жыхарам горада даслаць свае ідэі па яго рэканструкцыі і пераўтварэнні, пасля чаго адбылося абмеркаванне ў закрытым рэжыме. Канчатковае рашэнне да гэтага часу не вынесена, хоць першапачаткова на рэканструкцыю закладваўся тэрмін 16 з паловай месяцаў, 13 з якіх ужо прайшлі.

Вяртаючыся да тэмы гасцініц: трэцяя з іх павінна адкрыцца непадалёк ад аквапарка «Лебядзіны» ў адным раёне з Цэнтрам мастацкай гімнастыкі.

На шопінг — як на работу

Не абміне Мінск сёлета і адкрыццё чарговага гандлёвага комплексу. Гандлёвых пляцовак у сталіцы становіцца так шмат, што, здаецца, асноўнай прафесіяй гараджан павінен быць прадавец-кансультант, асабісты шопер (той, хто складае гардэроб заможным людзям) або, у крайнім выпадку, модны блогер. Але гэта не так ні ў першым, ні ў другім, ні ў трэцім выпадку. Але, пакуль мы задаём рытарычнае пытанне «Для каго гэта ўсё?», дзесьці пачынаюць капаць чарговы катлаван. Незапатрабаванасць пляцовак выклікала хваляванні ў тым ліку і сярод бізнесменаў. Так, на сустрэчы з кіраўніком Мінгарвыканкама Андрэем Шорцам уладальнік ГЦ Outleto Міхаіл Супруновіч выказаў меркаванне, што трэба рабіць больш жорсткім дзяржаўнае рэгуляванне інвестыцыйных праектаў, праводзіць іх дасканалую эканамічную экспертызу, каб не будавалася так шмат непатрэбных аб'ектаў. Але нават калі ў Мінску дабудуюць толькі тыя гандлёвыя комплексы, якія ўжо пачалі ўзводзіць, іх будзе, кажучы простай мовай, «занадта».

Усё адбываецца па адной схеме: спачатку да гандлёвага цэнтра ўзнікае вялікая цікавасць, у яго імкнуцца трапіць усе, але так працягваецца роўна да таго моманту, пакуль не з'яўляецца новы, больш «модны» канкурэнт. Добры прыклад таму — ГЦ «Сталіца». Раней туды абавязкова вадзілі ўсіх, хто прыязджаў у Мінск у госці, гэта было любімым месцам збору мінскіх падлеткаў, а ў чэргах у прымерачную можна было адстаяць больш за гадзіну. Зараз жа ад былой папулярнасці не засталося і следу: рэдкія пакупнікі са здзіўленнем выяўляюць, што чарговая крама перастала тут існаваць. Кіраўніцтва цэнтра нават прапанавала мінчанам дасылаць свае ідэі, як яго можна кардынальна пераўтварыць, напрыклад, зрабіць фудкорт, вялікі дзіцячы пакой  пляцоўку для канцэртаў унізе. А вось яшчэ толькі трэба будзе заваяваць папулярнасць гандлёва-забаўляльнаму цэнтру DіaMond, які ў гэтым годзе адкрыюць непадалёк ад кальцавой у раёне Малінаўкі. Кожны ж верыць, што яго абміне агульная доля.

Што датычыцца простых мінчан, то іх, натуральна, у першую чаргу хвалююць аб'екты сацыяльнай сферы. Так, у сталіцы павінны прыняць новых вучняў тры школы на Паўднёвым Захадзе і ў мікрараёнах Каменная Горка і «Дружба», у апошнім таксама з'явіцца дзіцячы сад, яшчэ адзін будзе пабудаваны ў «Лебядзіным». Працягваецца будаўніцтва тыпавых басейнаў у кожным раёне. Першы ўжо функцыянуе ў Брылевічах. Рэжым яго работы нават спрабавалі зрабіць кругласутачным, але аказалася, што гэта паслуга зусім незапатрабаваная. Дарэчы, пра спорт: нарэшце здадзены ў эксплуатацыю шматпакутны фізкультурна-аздараўленчы комплекс у Малінаўцы, але дакладныя тэрміны, калі ён сапраўды запрацуе, пакуль ніхто назваць не вырашаецца. А раптам у спіс аб'ектаў, насупраць якіх на працягу года можна будзе паставіць галачку «зроблена», дадасца яшчэ адзін пункт?

Дар'я КАСКО

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Гарадскі канструктар: неабходныя элементы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».