Вы тут

У пракат выйдзе новы беларускі фільм ад аўтара працягу «Белых рос»


Тых, хто дагэтуль уяўляе беларускае кіно ў вобразе «партызанфільма», новая карціна Аляксандры Бутар «У асабістую прастору ўваход забаронены» мусіць прыемна здзівіць. Тых, хто з творчасцю рэжысёркі ўжо знаёмы — з поўнаметражнымі стужкамі «Белыя росы. Вяртанне» і «Салодкае развітанне Веры», — не здзівіць нічога. Тыя, хто крыху ведаюць сучасны беларускі кінапрацэс і дыскусіі ўнутры яго, убачаць у выхадзе трэцяй работы Аляксандры Бутар пэўны прэцэдэнт. 1 лютага фільм «У асабістую прастору ўваход забаронены» выйдзе ў пракат — на экране разгорнуцца тры гісторыі кахання і выдатная прэтэнзія цяпер ужо незалежнага аўтара на вялікае кіно.


Карціна створана ў жанры рамантычнай камедыі, то-бок належыць сегменту масавых фільмаў для лёгкага, ненапружанага вечара, з якімі можна пасмяяцца і натхніцца, дзеля якіх можна запрасіць дзяўчыну на апошні рад кінатэатра. Беларускаму кінематографу не хапае шмат чаго, але «лёгкага» відовішча, напэўна, не хапае адчайна, бо ні ідэалагічнае кіно, ні аўтарскія інтэнцыі не могуць зацікавіць масавага гледача, звярнуць яго ўвагу на беларускіх рэжысёраў, да якіх усталяваўся заслужаны недавер, і ўнесці ў выніку ўклад у развіццё індустрыі.

Якраз усе тры фільмы Аляксандры Бутар (два першыя былі зняты на кінастудыі «Беларусьфільм») займаюць гэту няцесную нішу, успамінаюцца таксама сумесныя беларуска-расійскія праекты «Вось гэта каханне!» і «З 8 сакавіка, мужчыны!», апроч іх актуальныя камедыі, якія могуць паслужыць тым жа мэтам, здымае Андрэй Курэйчык. На маёй памяці гэта пакуль усё, прычым расцягнута ў часе на некалькі гадоў: адным словам, беларускі глядач «лёгкімі» фільмамі айчыннай вытворчасці не распешчаны.

Але фармат кіно для масавага гледача не прадугледжвае паслабленняў па крытэрыях якасці, а якасць — краевугольны камень для ўсіх названых мэт, як зацікавіць гледача, вярнуць давер да айчыннага кінапрадукта, развіць індустрыю і дасягнуць іншых прыемных эфектаў. І вось тут мы вяртаемся да фільма «У асабістую прастору ўваход забаронены», які шмат у чым прама наследуе дзвюм папярэднім работам Аляксандры Бутар, і спрабуем зразумець, ці не расчаруецца глядач у беларускім кіно яшчэ больш?

Карціна расказвае пра маладога, паспяховага і сімпатычнага айцішніка Макса, выхаванага ў строгіх традыцыях перфекцыянізму. Яго імкненне да ідэалу настолькі моцнае, што выхад камп'ютарнай гульні, у якой распрацаваны галоўным героем танк не даварочвае дула на два працэнты, прымушае Макса ўсё кінуць і з незразумелымі намерамі з'ехаць у глуш, аддаць ключы ад машыны выпадковаму хлопцу і сесці на лавачку на чыгуначнай станцыі «Лясное», дзе ён сустракае энергічную і непасрэдную дзяўчыну ў белай сукенцы. Мы назіраем, як механічна і з раздражненнем ён аб нечым дамаўляецца, як абыякава прымае рашэнні, як мучыцца сумненнямі. Карацей, інтрыга аб яго намерах, калі яна застаецца інтрыгай, трымаецца да слязлівага моманта пад песню гурта «Тяни-толкай» — тут мы павінны зразумець драматызм сітуацыі, замерці ў чаканні і адчуць эмацыянальную напружанасць.

Павінны па азначэнні — згодна са схемай, па якой аўтары ствараюць фільм, — але праблема ў тым, што жаданыя эмоцыі работа «У асабістую прастору ўваход забаронены» выклікаць не здольная. Мы бачым і разумеем драматургічную структуру, за кошт чаго павінна трымацца інтрыга, дзе глядач мусіць дасягнуць піку суперажыванняў, а сэрца — спагадліва ёкнуць. Карацей, зразумела, якога эфекту хоча дасягнуць рэжысёр, але ўсё гэта не працуе з-за, па-першае, тэхнічных момантаў, па-другое, сцэнарыя, па-трэцяе, сэнсу таго, што тут адбываецца і агучваецца.

Дрэнны гук з'ядае важкую частку дыялогаў, не хапае фонавых шумоў, дзейнічаюць тут не героі, а тыпажы, мантаж зроблены быццам спехам, для эмоцый гледача не хапае канцэнтрацыі на эмоцыях персанажаў, хоць бы праз буйныя планы, дынаміка дазваляе засумаваць, калі не заснуць.

Дарэчы, у сюжэце задзейнічаны яшчэ дзве пары: мясцовая доктарка з малодшым за яе фельчарам, што пачынае сваю кар'еру ў медыцыне, і дачка ўладальніка кавярні з іх работнікам, што хоча «прадзюсаваць» дзяўчыну, каб тая трапіла на Еўрабачанне. Не трэба казаць, што гісторыі ўсіх трох пар, нягледзячы на перыпетыі, скончацца хэпі-эндам. Але што гэта за перыпетыі, дзе матывацыя асобных дзеянняў, чаму ўсё так ненатуральна фарсіруецца?

Напэўна, праз жаданне галоўнага героя ўсё кінуць з-за двух працэнтаў, на якія не даварочваецца дула танка ў камп'ютарнай гульні, павінен быў быць створаны пэўны абсурд, але эстэтыка абсурду ніяк не ўпісваецца ў сентыментальныя перажыванні Макса з-за таго, што ў дзяцінстве ён не выратаваў дзяўчынку ад хуліганаў. Значыць, сцэнарысты ставяцца да гэтай псіхалагічнай траўмы сур'ёзна, але ў стужцы яна выглядае карыкатурна, надумана, нарэшце непераканаўча.

Непераканаўчасць — якасць карціны «У асабістую прастору ўваход забаронены» ў цэлым. Я гатова прымаць законы існавання ўнутры таго ці іншага фільма, але яны для гэтага павінны быць доказнымі, выразнымі, звязанымі паміж сабой. Тут жа большасць падзей выклікае пытанні: чаму ўладальнік кавярні забараняе свайму работніку мець стасункі са сваёй дачкой (варта было даць намёк, якім крытэрыям гэты хлопец не адпавядае), як доктар ставіцца да свайго малодшага калегі і ці варта ўспрымаць секс паміж імі як нешта сур'ёзнае (і чаму доктар псіхуе), што затрымлівае гэту жыццярадасную дзяўчыну ў белай сукенцы на прыпынку так надоўга. Канешне, кожная сцэна быццам упісваецца ў больш шырокі кантэкст і стварае перыпетыі, каханне і «іскрамётныя» жарты, але кожнай пажадана мець пад сабой сэнсавы падмурак.

Гумар карціны заслугоўвае асобнай увагі. Дзіўна, што за смешнае ўсё яшчэ падаецца, калі нехта некага памылкова прымае за гомасексуаліста, яшчэ і баіцца агучыць гэта слова. Альбо рухі чалавека, які хоча ў прыбіральню. Ці сітуацыя, калі фельчар не можа памерыць ціск, таму што «пацыент» не супакойваецца. Над усім гэтым глядач быццам павінен смяяцца, але камедыя не адбываецца, таму што кожнай сцэне не хапае пэўных інгрэдыентаў — альбо адпаведнага выканання, альбо актуальнасці, альбо самой гумарыстычнай асновы.

У гумарыстычным складніку, як і ва ўсёй карціне, бачны ўплыў гатовых трафарэтаў. Трэці фільм падобна «Белым росам» і «Салодкаму развітанню Веры», карыстаецца запазычанымі формамі, спрабуючы адаптаваць іх пад сваё кіно, але атрымліваецца звычайны набор штампаў — прычым з не лепшых першакрыніц — з рванымі паміж сабой сувязямі.

Мяркуючы па трох прагледжаных фільмах Аляксандры Бутар, я бачу толькі жаданне здымаць кіно, а жадання спасцігнуць спосабы яго здымаць, а тым больш яго магію і здольнасці кінамовы пакуль не відаць.

Трэба прызнаць, рамантыка, жарты і «соплі» ў кінатэатры нам — гледачам сапраўды патрэбны, але патрэбны і трывалая драматургічная база, пераканаўчасць, свабода ад шаблонаў, упэўненая акцёрская гульня, добры гук. Калі масавага прадукту беларускаму кінематографу не стае, асабліва шкада, калі гэту нішу прадстаўляюць няўпэўненыя прэтэнзіі на вялікае кіно. Ці здольна «Асабістая прастора» вярнуць гледача беларускім фільмам? — хіба што даказаць, што сферай яго інтарэсаў можа быць сучасны свет (бо большасць гэтага ўсё яшчэ не ведае).

Але ўбачыць фільм я б усё ж раіла тым, каго зацікавяць наступныя аргументы: па-першае, гэта поўнаметражны незалежны беларускі фільм, у якім мы можам убачыць знакі свайго асяроддзя, а па-другое, гэта лёгкая камедыя пра каханне, разам з якой можна калі не пасмяяцца і натхніцца, то хоць бы правесці ненапружаны вечар.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Айцішнік, сельскія дактары і мары аб Еўрабачанні

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.