Вы тут

Дзе пакатацца на лыжах у ваколіцах Мінска?


Беларуская зіма звычайна, як арэлі, але вось ужо другі тыдзень надвор'е дазваляе аматарам спорту перабрацца з закрытых памяшканняў на іскрысты снег і змяніць атмасферу трэнажорнай залы на свежае паветра. У выхадныя і на наступным тыдні сіноптыкі не абяцаюць моцных маразоў, але тэмпература будзе ў межах каля нуля і крыху ніжэй, што захавае снег на схілах у гарналыжных цэнтрах і дазволіць лыжнікам і снаўбардыстам, а можа, і проста ахвотным пракаціцца на санках, заняцца любімай справай. Сёння мы здзейснім віртуальную экскурсію па гарналыжных комплексах сталіцы і найбліжэйшых да Мінска тэрыторыях, каб падзяліцца з чытачамі цэнамі і прапановамі спартыўных цэнтраў у сталіцы і ваколіцах Мінска.


"Сонечная даліна"

Месца, якое ідэальна падыходзіць для тых, хто не валодае асабістым транспартам ці не мае жадання выбірацца за межы Мінска. "Сонечная даліна" знаходзіцца ў сталіцы, у Курасоўшчыне, і мае зручную транспартную сувязь з усімі раёнамі горада. Комплекс працуе ў будныя, выхадныя і святочныя дні да 22 гадзін.

Гэтае месца наўрад ці спадабаецца прафесійным спартсменам ці вопытным аматарам, а вось для пачаткоўцаў і дзяцей падыдзе выдатна. Комплекс мае дзве трасы: асноўную (працягласць — 215 метраў, перапад вышынь — 40 метраў) і вучэбную (працягласць 125 метраў, перапад вышынь — 30 метраў), яны абсталяваны пад'ёмнікамі. У "Сонечнай даліне" таксама ёсць схіл для цюбінгаў, прадугледжаны трасы для бегавых лыжаў і працуе снаўпарк для аматараў экстрэмальнага катання.

Дзе: вул. Каржанеўскага, 45.

Колькі: дарослы скі-пас (магнітная картка, якая дазваляе прайсці праз турнікет на тэрыторыю лыжнай станцыі) — ад 15 руб./дзень, дзіцячы скі-пас — ад 8 руб./дзень.

Пракат: гарналыжны камплект (лыжы, палкі, абутак) — ад 9 руб./гадзіну, снаўбордны камплект (снаўборд, абутак) — ад 9 руб./гадзіну, бегавы лыжны камплект (лыжы, палкі, абутак) — ад 8 руб. /гадзіну, цюбінг — ад 6 руб./гадзіну.

Паслугі інструктара: 25 руб. за 1 чалавека ў гадзіну.


"Сілічы"

Гарналыжны комплекс знаходзіцца на адлегласці прыкладна 32 км ад Мінска ў Лагойскім раёне. Дабрацца туды можна як на ўласным аўтамабілі, так і на аўтобусе № 350, які ходзіць штодня з ДС "Славінскага".

Комплекс падыдзе як для пачаткоўцаў, так і для вопытных аматараў спорту. У "Сілічах" чатыры гарналыжныя трасы з перападамі вышыні да 100 метраў, дзіцячая і вучэбная трасы, экстрым-парк з трамплінамі для скачкоў. Таксама сярод зімовых забавак у цэнтры — даступныя катанні на цюбінгу, снегаходзе, а прыемным дадаткам комплексу з'яўляецца коўзанка, дзе аматары не снегу, а лёду могуць атрымаць асалоду ад катання на каньках. Працуюць 3 пад'ёмнікі: два з іх абслугоўваюць гарналыжныя трасы, яшчэ адзін прызначаны для цюбінгавай трасы. Пры неабходнасці можна скарыстацца паслугамі трэнера.

З панядзелка па суботу комплекс працуе да 22 гадзін, у нядзелю да 20.00.

Дзе: Лагойскі раён, в. Сілічы, 32 км ад МКАД.

Колькі: дарослы скі-пас — ад 11 руб./гадзіну, дзіцячы скі-пас — ад 5 руб./гадзіну.

Пракат: бегавыя камплекты (лыжы, палкі, абутак) — ад 8 руб./гадзіну, цюбінг — 1,5 руб/спуск, санкі — 5 руб./гадзіну.

Паслугі інструктара: ад 25 руб. за 1 чалавека ў гадзіну.


"Лагойск"

Комплекс знаходзіцца на адлегласці 35 км ад Мінска і ўзвышаецца на 82 м. Акрамя ўласнага аўтамабіля дабрацца туды вам дапамогуць аўтобусы (№№ 250, 251, 350, 351 з ДС "Славінскага"), якія ходзяць кожныя 20—30 хвілін.

Другі па велічыні гарналыжны комплекс у краіне мае пяць асветленых трас з перападам вышынь 82 метры і вучэбны схіл даўжынёй 120 метраў і вышынёй 11 метраў. Трасы абсталяваны канатнай дарогай і пад'ёмнікамі.

Для аматараў бегавых лыжаў недалёка ад комплексу працуе лыжна-біятлонная база "Заячая паляна".

Аматарам затрымацца на схіле даўжэй "Лагойск" падыходзіць ідэальна — па пятніцах і суботах тут арганізаваны начныя катанні (з 22.00 да 02.00).

Дзе: Лагойскі раён, 37 км ад МКАД.

Колькі: дарослы скі-пас — ад 10 руб./гадзіну, дзіцячы скі-пас — ад 5 руб./гадзіну.

Пракат: гарналыжны камплект (лыжы, палкі, абутак) або снаўбордны камплект — ад 8 руб./гадзіну, цюбінг — 2 руб./спуск.

Паслугі інструктара: 25 руб. за 1 чалавека ў гадзіну.


"Якуцкія горы"

Парк актыўнага адпачынку размешчаны за 37 км ад Мінскай кальцавой дарогі ў Дзяржынскім раёне. Непадалёк ад самага высокага пункта краіны — гары Дзяржынскай. Каб даехаць туды на ўласным аўтамабілі, у навігатары дастаткова ўвесці назву вёскі Якуты, а вось дабрацца да парка на іншым транспарце праблематычна.

Тут можна пакатацца на лыжах, снаўбордзе ці цюбінгу. Даўжыня трасы складае 480 метраў, перапад вышынь — 60 метраў. Ёсць канатная дарога і снегаходы. Месца падыходзіць для дзяцей і тых, хто пакуль не вельмі ўпэўнена стаіць на лыжах або снаўбордзе. Вопытным спартсменам траса магчыма здасца занадта лёгкай.

Дзе: Дзяржынскі раён, в. Якуты, 37 км ад МКАД.

Колькі: дарослы скі-пас — ад 8 руб./10 уздымаў, дзіцячы скі-пас — 5 руб./10 уздымаў.

Пракат: гарналыжны камплект (лыжы, палкі, абутак) — ад 5 руб./гадзіну, снаўборд — ад 6 руб./гадзіну, цюбінг — 10 руб./гадзіну.

Паслугі інструктара: 25 руб. за 1 чалавека за 1 гадзіну.


Гарналыжны цэнтр "Веста"

Спартыўна-аздараўленчы комплекс знаходзіцца за 30 км ад Мінска па Брэсцкай трасе. Дабрацца туды можна як на ўласным транспарце, так і на электрычцы (15—20 хвілін хады да цэнтра) ці на маршрутцы. "Веста" (гарналыжны комплекс) па будных днях працуе да 21-й гадзіны, па выхадных — да 23.00.

"Веста" прапануе наведвальнікам тры трасы: асноўную (працягласць — 278 метраў, перапад вышынь — 37,5 метра), навучальную (працягласць — 259 метраў, перапад вышынь — 29,5 метра) і трасу для цюбінгаў. Усе спускі аснашчаны пад'ёмнікамі.

Таксама на тэрыторыі комплексу ёсць траса для бегавых лыжаў, каток, кафэ і лазні, саўна. "Веста" — добры варыянт адпачынку для сем'яў і лыжнікаў-пачаткоўцаў.

Дзе: Дзяржынскі раён, 319-ы км трасы Мінск—Брэст (М1), 30 км ад МКАД.

Колькі: скі-пас — ад 16 руб./дзень.

Пракат: гарналыжны камплект (лыжы, палкі, абутак) — ад 7 руб./гадзіну, снаўбордны камплект (снаўборд, чаравікі) — ад 6,5 руб./гадзіну, цюбінг — ад 7 руб./гадзіну, канькі — ад 4 руб./гадзіну.

Паслугі інструктара: 22 руб. за 1 чалавека за 1 гадзіну.


"Раўбічы"

Цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту прызначаны перш за ўсё для падрыхтоўкі прафесійных спартсменаў, а для аматараў "Раўбічы" прапаноўваюць трасу для бегавых лыжаў і біятлона, а таксама крыты каток.

Дзе: Мінскі раён, Астрашыцкі гарадок, 14 км ад МКАД.

Колькі: лыжныя гонкі — 32 руб./дзень, біятлон — 33 руб./дзень.

Пракат: бегавыя лыжы і абутак — ад 6 руб./гадзіну.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?