Вы тут

Як былы бізнесмен з'ехаў на вёску і вядзе натуральную гаспадарку


У вёсцы Стрэльчыкі, што ў Гродзенскім раёне, Аляксандр Малянкоў пасяліўся некалькі гадоў таму. Прычым «асеў», што называецца, капітальна. Мала таго, што паставіў зруб і завёў гаспадарку — каго гэтым здзівіш? — Малянкоў паглыбіўся ў сялянскі побыт больш радыкальна. У яго сям'і спажываюць толькі натуральныя прадукты, а сам гаспадар нават навучыўся пячы хлеб і вырабляць сычужны сыр.


Трэба сказаць, што хлебасольны гаспадар рады гасцям і шчыра іх прымае. Для такіх выпадкаў на стале з'яўляецца натуральнае чырвонае віно, марынаваныя белыя грыбы, салаты са сваёй гародніны, вялізная патэльня з судаком і, вядома, хлеб уласнай выпечкі.

Адкуль гэта пайшло

Малянкоў кажа, што ўсё пачалося з нараджэння сына. Чым яго карміць? Прадукты з крамаў не задавальнялі з-за вялікага пераліку рэчываў, што пішуць на ўпакоўках. Тады і вырашыў паступова пераходзіць на сваё харчаванне. Пачаў з галоўнага прадукту — з хлеба. Асвоіў пякарскую справу яшчэ ва ўмовах гарадской кватэры. Муку набываў не ў краме, а з арганічных палёў Краснадара. У гэты ж час пачаў шукаць найбольш спрыяльную мадэль жыццёвага ўкладу.

Незвычайная гаспадарка

Аляксандр Малянкоў вядзе на свае «вытворчыя» аб'екты. Іх некалькі. Найперш наведваем пякарню, дзе нядаўна выпеклі каля паўсотні буханак чорнага хлеба. Навошта столькі, пытаюся. Аказваецца, раздае сябрам і знаёмым. Печка яшчэ палае жарам, а на стале ў льняной покрыўцы радамі ляжыць духмяны хлеб. Аснова ўсіх філасофій. Гарант трывалай гаспадаркі. Побач, у халаднейшым пакоі, усталяваны акуратны драўляны млын. Цяпер Аляксандру не трэба купляць муку, дастаткова набыць зерне. Пастаўкі тыя ж — з палёў Растоўскай вобласці. Тут жа гатуецца закваска для сычужных сыроў з казінага малака, а сама абалонка, ці сычуг, сушыцца каля печы. Сыры робяць толькі для сябе, і з магазіннымі, па словах Аляксандра, яны не маюць нічога агульнага.

Але ідзём далей. Праз сотню метраў — яшчэ ўчастак, дзе размешчаны хлеў для коз. Іх тут каля трыццаці. Амаль усе чакаюць прыплод, дзякуючы ў тым ліку важнаму на выгляд казлу Лотасу. Гаспадар плануе давесці статак да 90 галоў. Козы козамі, але будуць яшчэ ў гаспадарцы карова і коні.

На ўчастку ўзводзіцца незвычайны будынак. Сцены са шліфаванага каменя, а па вуглах тоўстыя ствалы дубоў прымураваны. Такая канструкцыя — для таго, каб утрымліваць другі паверх. У гэтым доме гаспадар мяркуе размясціць работнікаў. Іх пакуль не хапае, мала хто хоча працаваць на сялянскай ніве. Але пакуль Аляксандр і сам здольны з многім управіцца, бо бачыць сэнс у працы. Нядаўна яго гаспадарка пашырылася ажно на 50 га. На полі, якое выдзелена мясцовымі ўладамі, Малянкоў вырашыў пасадзіць бульбу.

— Буду зямлю апрацоўваць, — кажа ён, — ужо і насенне набыў у Пружанах, вядома ж на арганіцы, навошта людзей труціць? Нават ад жукоў не будзем апрацоўваць, а збіраць іх спецыяльным прыстасаваннем. Яго яшчэ 15 гадоў таму ў аграрным універсітэце сабралі, гэта доследны ўзор, але так і не задзейнічаны.

Што датычыцца збыту, бульбу, хутчэй за ўсё, павязуць на продаж у Расію. Пакуль на заробак не вельмі разлічваюць, хоць прадукт і арганічны. Але ўсё будзе залежаць ад попыту. Здаецца, што прыбытак ад рэалізацыі Малянкова мала хвалюе.

«Дамастрой»

Дом уяўляе сабой адкрытую прастору, дзе і кухня, і гасцёўня, і пліта, і печка, і яшчэ шмат месца застаецца. Асаблівая ўтульнасць ідзе ад агню і ад сцен. Яны выкладзены з тоўстых бярвенняў, быццам без усялякага прамочвання. Можа, і так. У кухонным «адсеку» гаспадарыць жонка Дар'я. Яе галоўны гонар — таўшчэзная дубовая стальніца.

— Яна вельмі зручная, — кажа Дар'я. — можна і гарачае паставіць. Калі, бывае, мужа побач няма, можна нават птушку пасекчы.

Здаецца, ад былой гараджанкі не засталося і следу. Нас сустракае самая сапраўдная сялянка, прычым з мінулага. Доўгая сукенка з поясам, на галаве — хустка. Гэтую «моду» ўвёў муж, кажа Дар'я. Асабліва настойваў на хустцы, бо гэта галоўная прымета замужняй жанчыны. Жонка ў рэшце рэшт згадзілася.

Дар'я размаўляе і накрывае на стол. Вядома, ежу падаюць у гліняных талерках, якія зроблены ў нашых ганчароў, па заказе. Карыстаюцца ў сям'і і драўлянымі лыжкамі, але яны часта ламаюцца, кажа Дар'я. Мусім замяняць металічнымі. Супы вараць у кацялках над агнём. Гледзячы на кухонныя прылады, няцяжка ўявіць танклявую маладую жанчыну з чыгунком у руках альбо з вілкамі. Так яно і ёсць насамрэч. Свае абавязкі ёсць у васьмігадовага сына Сашы — Аляксандра Трэцяга, як прадставіў яго бацька. Напрыклад, у печы распаліць, за курамі паглядзець, вароты зачыняць і нават фіранкі зацягваць. Вядома, ёсць у яго і свае гульні. Цяпер хлопчык узводзіць старажытны замак з гліны. Канструкцыя мацуецца спецыяльным растворам, таму будзе трывалая.

У доме няма тэлевізара і ўсялякіх гаджэтаў. Гэта спрыяе таму, што сям'я часцей бывае разам ці займаецца патрэбнымі для гаспадаркі справамі.

— Нельга сказаць, што ў нас усё гладка, — кажа Аляксандр Малянкоў, — бываюць пэўныя спрэчкі. Але калі ёсць магчымасць не падкрэсліваць асабістыя амбіцыі, навошта гэта рабіць?

Для Дар'і пераезд у вёску не стаў катастрофай. Яна лічыць, што ў кожным з нас закладзена нешта сялянскае, памяць продкаў. Гэта яна адчула, калі ўпершыню пераступіла парог дома.

— Як увайшла, зразумела, што я ў сваім доме, я тут гаспадыня, хоць вёска раней і палохала, бо праца тут цяжкая, — тлумачыць яна. — Але мы нярэдка выязджаем, вандруем па розных краінах. Але вось дзіва: у гасцініцах, нават самых лепшых, нам цяжка спаць, быццам паветра не тое. Толькі калі вяртаемся дамоў, адчуваем сябе камфортна.

Дзівак ці гаспадар?

Малянкоў зарэгістраваў сялянскую гаспадарку і ўзяў курс на арганічнае земляробства. Адным з важных здабыткаў у гэтай справе лічыць выдзяленне яму зямельнага ўчастка.

— Я заявіў аб сваім жаданні, і мне далі зямлю, — кажа Аляксандр, — і няважна, якая там глеба. Галоўнае — ёсць, з чаго пачаць.

Адступаць ад сваёй мэты Малянкоў не збіраецца, бо сам доўга да яе ішоў. Каб гадоў дзесяць таму яму хто сказаў, што з Масквы ён вернецца ў Гродна, а затым яшчэ ў маленькую вёсачку, не паверыў бы. І зразумела: у чалавека за плячыма дзве вышэйшыя эканамічныя адукацыі, будаўнічы бізнес. Але пошукі духоўнасці і правільнага ўкладу жыцця прывялі ў вёску. Аляксандр стаў глыбока веруючым і абавязкова перахрысціцца перад вялікім драўляным крыжам, які паставіў на сваім падворку.

— Здаецца, бязвыхадная сітуацыя, і раптам на роўным месцы грошы з'яўляюцца, — тлумачыць Аляксандр. — Ну, напрыклад, валяліся ў мяне жалезкі непатрэбныя, раптам знаходзіцца пакупнік, і Гасподзь пасылае грошы праз яго.

Ідэямі незвычайных прыезджых пачалі цікавіцца «прасунутыя» вяскоўцы. Некалі іх бацькі і дзяды вялі натуральныя гаспадаркі і не думалі, што яны нечым адметныя. Цяпер драўляны зруб у вёсцы — рэдкасць. Будуюць у асноўным з цэглы ці сілікатных блокаў.

— Маладым варта даваць зямлю і магчымасць будавацца. Дазваляць танна для гэтага набываць лес. І ўсе будуць задаволеныя. Сама па сабе вёска не зменіцца, — упэўнены Малянкоў. — Людзі адвыкаюць працаваць на зямлі. Напрыклад, я доўгі час не магу знайсці памочніка па гаспадарцы, які б хацеў і ўмеў даглядаць свойскіх жывёл, весці агарод. І наш выбар — гэта не штосьці дзівоснае. Мы — звычайная сялянская сям'я. Раней людзі менавіта так і жылі, і былі шчаслівыя...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Запаветы селяніна Малянкова

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».