Вы тут

ТОП-10: правал ці поспех?


Зборная Беларусі завяршыла выступленне на чэмпіянаце Еўропы.

Кантынентальнае першынства ў Харватыі нашы гандбалісты пачалі з перамогі, вікторыяй яго і завяршылі. Нагадаем, што на групавой стадыі намі былі абыграны аўстрыйцы, і гэта стала залогам выхаду беларусаў у асноўны раўнд турніру. Хоць пазней падапечныя Юрыя Шаўцова і саступілі нарвежцам, з якімі, нягледзячы на сваю маладосць, змагаліся на роўных, а потым прайгралі адным з сусветных фаварытаў — французам.


Далей нашай камандзе супрацьстаялі сапернікі не слабейшыя — Швецыя, Харватыя і Сербія. І калі матч са скандынавамі беларусы адкрыта правалілі, то гульня са зборнай Харватыі пакінула шмат пытанняў, перш за ўсё да суддзяў, якія наўпрост паўплывалі на зыход паядынку. Завяршыўшы перамогай над сербамі сваё выступленне на чэмпіянаце Еўропы, зборная Беларусі замкнула дзясятку лепшых каманд кантынента. Сваю ацэнку гульні каманды даў галоўны трэнер Юрый Шаўцоў:

— Я задаволены тым, як прайшоў для нас гэты турнір. Так, у табелі аб рангах мы засталіся на тым жа месцы, дзе былі два гады таму. Але, у адрозненне ад ЕЎРА-2016, на гэтым турніры дрэнна правялі мы толькі адзін матч. Гаворка ідзе пра сустрэчу са зборнай Швецыі. Шмат матчаў каманда адыграла з другімі нумарамі на пляцоўцы. І гэтыя хлопцы, многія з якіх упершыню выступалі на дарослым топ-турніры, на роўных змагаліся з тымі ж нарвежцамі, французамі і харватамі. Для каманды гэта станоўчы момант. І мяне, як галоўнага трэнера зборнай, гэты факт вельмі радуе. Думаю, у Харватыі мая каманда паказала добры гандбол. І гэта адзначаюць усе спецыялісты тут.

У той час як зборная Беларусі ўжо знаходзіцца дома, у Харватыі пачынаюцца першыя паўфінальныя матчы. Сёння ў Заграбе сустрэнуцца дзеючыя чэмпіёны свету — французы і зборная Іспаніі (пачатак гульні ў 20.00). Услед за імі на пляцоўку выйдуць гандбалісты Даніі і Швецыі (22.30).

Пераможцы паўфінальных сустрэч у нядзелю, 28 студзеня, згуляюць у паядынку за чэмпіёнскі тытул, а тыя, хто прайграў, паспрачаюцца за бронзавыя ўзнагароды.

Дар'я Лабажэвіч

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.