Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Нечаканы «трафей»

Падчас тэрміновай службы ў радах Узброеных Сіл СССР Міхась прыдбаў сабе шкодную звычку: пачаў курыць. Адмаўляў сабе ў цукерцы і булачцы — на апошнія грошы купляў цыгарэты.

Але ж вось нарэшце адслужыў, прыехаў дамоў.

Перад бацькамі смаліць і страшна, і сорамна (у сям'і спрадвеку ніхто не курыў...), а хочацца — аж вушы пухнуць! Дык ён хавацца стаў.

Жылі яны на ўскрайку мястэчка. Непадалёк там бярозавы гай, і Міхась, калі што, цішком ішоў да свайго «каманднага пункта».

Яго яны з братам зрабілі яшчэ ў школьныя гады, прычым якасна. Таму зараз заставалася толькі залезці на дрэва і ўжо адтуль, пускаючы колцы дыму, аглядаць краявіды, пазіраць уніз на людзей.

Нехта вунь «на гарызонце»... З дзвюма сумкамі.

«Цікава, хто?» — падумаў курэц і хутка пазнаў цётку Франю. Жыла яна непадалёк ад бацькоў, была на пенсіі, але працавала яшчэ на мясакамбінаце — вартаўніком, і з таго, што вартавала, нешта, відаць, выносіла?

— Алё, міліцыя? — не доўга думаючы, у яе над галавой гаркнуў Міхась.

Гэтага было дастаткова, каб жанчына кінула вобзем сумкі і пабегла так, што не дагнаў бы з сабакамі!

Але ж рабіць гэта ніхто не збіраўся.

Хлопец, дакурыўшы чарговую цыгарэту, спакойна злез на зямлю і рушыў да кінутых сумак. Адтуль даносіўся пах свежай вэнджанай каўбасы.

...На ноч гэты неспадзяваны падарунак быў надзейна прыхаваны ў бярэзніку. Пад раніцу Міхась парашыў яго лёс: пустыя сумкі неўпрыкмет перакінуў у двор да цёткі Франі, а каўбасы перадаў сваёй аднакласніцы, якая працавала ў школе-інтэрнаце: набліжаўся Новы год, і там на святочным стале яны былі вельмі дарэчы!

Юрый КАТОВІЧ,

Пастаўскі раён.


Пад'ехаў, альбо Пра тое, як пан Збышак кінуў гарэлку піць

Гэту гісторыю я пачула ў тралейбусе. Яе — і ва ўсіх падрабязнасцях — абмяркоўвалі двое мужчын. Яны сядзелі ззаду, нам было па дарозе, і ехалі мы досыць доўга, таму я даслухала ўсё да канца. Прычым не адна: калі прагучала апошняя фраза, рагатаў ці не ўвесь тралейбус.

...Калі, у якім годзе гэта было — не так ужо і важна. Галоўнае, што было сапраўды. Група расійскіх турыстаў адправілася ў Альпы, каб там адпачыць у час даўгаватых навагодніх, ці, як кажуць у Расіі, Калядных канікулаў: надыхацца чыстым паветрам, накатацца на горных лыжах, налюбавацца прыгожымі пейзажамі, а ўрэшце — проста расслабіцца.

Для вось гэтага, апошняга, турысты з Расіі запасліся вядомай вадкасцю (каб хапіла на ўвесь адпачынак), скрынкамі з ёй заставілі заднія сядзенні і адправіліся ў дарогу.

Тэрыторыю Беларусі іх мікрааўтобус перасёк без прыгод. На мяжы таксама ўсё праходзіла, як той казаў, у штатным рэжыме. А ўжо далей Польшча была.

Едуць па ёй турысты, пазіраюць вакол, і раптам — дзіва: абганяюць дзядзьку на ровары, прычым ён ну так завіхаецца, так спяшаецца... «Можа, у чалавека зрабілася што? Можа, да радні спазняецца», — падумалі турысты і прапанавалі яго падвезці.

Мужчына быў ну вельмі рады, бо яно ж не параўнаць, што ехаць на ровары, а што — на аўтобусе. На ім жа хутчэй і лягчэй, і весялей, тым больш — у кампаніі з рускімі!

Гэтага прызнання турыстам было дастаткова: яны распыталі пана, як яго завуць, куды ён кіруе, а потым налілі яму выпіць — за знаёмства!

Адным гэтым тостам прадстаўнікі двух народаў не абмежаваліся: як і варта было чакаць, паднялі кубачкі за Новы год, за Каляды, за будучы прыемны адпачынак...

За што яшчэ выпіваў пан Збышак, ён, напэўна, ніколі не ўспомніць, бо ў разгар «бяседы» раптам... заснуў. «Ну і няхай», — вырашылі турысты, працягваючы «банкет» і, вядома ж, ні на што не зважаючы, аж пакуль праз нейкую гадзіну-другую сонны пан Збышак не чхнуў... Тады ўжо турысты ўспомнілі, што ён з імі... едзе. Але куды — ніхто з іх не памятаў.

На гарызонце тым часам паказаліся абрысы Варшавы, і расіяне падумалі, што гэта для іх новага знаёмца найзручнейшае месца, што адсюль ён лёгка дабярэцца куды заўгодна...

А таму яны спынілі аўтобус, пасадзілі пана на блізкую лаўку, збоку паставілі яго веласіпед і паехалі сабе на канікулы ў Альпы.

...Праляцелі яны (ва ўсякім разе для турыстаў) як адзін дзянёк — час збірацца дадому. Ва ўсякім разе кіроўца ўзяўся ўжо рыхтаваць аўтобус і падумаў, у прыватнасці, што за адным скрыпам трэба зрабіць рэвізію — паглядзець, што там засталося ў скрынках з гарэлкай?

Поўных пляшак ён знайшоў няшмат, і гэта яго не здзівіла. А вось тое, што пад сядзеннем ляжыць нечая пузатая барсетка — вельмі!

Іван асцярожна падняў яе, адкрыў і ўбачыў, што там... поўны камплект дакументаў пана Збышака: ягоны пашпарт, правы, банкаўскія карткі... «Усё ж гэта прыйдзецца ўзнаўляць, — жахнуўся Іван. — Гэта ж колькі клопату будзе!»

Карацей, пашкадаваў ён пана: вырашыў на зваротным шляху (добра, што адрас у пашпарце!) завезці тую барсетку.

Патрэбны дом і кватэру знайшоў, можна сказаць, лёгка — націскаў на кнопку званка — раз другі, трэці. Але дзверы яму ніхто не адчыняў. «Мусіць, дома няма, — здагадаўся Іван і задумаўся — што ж рабіць: пакінуць барсетку тут, пад дзвярыма — дрэнна, забраць яе з сабой — яшчэ горш...»

На шчасце, побач пачуўся шоргат, адчыніліся дзверы:

— Цо пан хцэ́ — з недаверам спытала ў Івана суседка Збышака, пані гадоў сямідзесяці.

— Хцэ́, — перайшоў на польскую Іван, — забачыць пана Збышака.

— Для чэ́го? — працягвала «допыт» жанчына.

— Каб з панам Збышакам выпіць водкі, — жартам прамовіў госць.

— Пан Збышак ніц не пі́е, — гледзячы на Івана, рашуча заявіла суседка.

— І з якога ж, прабачце, часу ён «не пі́е»? — пацікавіўся госць, успомніўшы, што з імі і зусім нядаўна пан добра накаціў — недзе з паўлітра выжлукціў.

— З тэ́го, — сказала пані, — як на свам ровэ́жу доі́хал до Варшавы і потэм ніц не поме́нта! (нічога не памятае).

...Значыць, як ні круці, а сустрэча з рускімі турыстамі была для пана вельмі карыснай! Іншыя ж, для таго каб адмовіцца ад гарэлкі, вялікія грошы плацяць, гадамі лечацца. А пан Збышак проста пад'ехаў, нават не галасуючы.

Таццяна ХАЛОПІЦА,

г. Мінск.


Белая варона ўжо не белая...

Неяк свабоднай часінай глядзеў я па тэлевізары канцэрт. Шмат было там розных артыстаў, што спадабалася: адзін з іх выйшаў на сцэну ва ўсім белым. Амаль як я — некалі...

Мне тады было гадоў з дзесяць, у чацвёрты клас збіраўся. Бацькі напярэдадні, як ні цяжка было, рыхтавалі абноўкі. Раней, як правіла, перашывалі, з нечага старога, а ў той год пашылі з новага: са свайго саматканага палатна маці справіла мне цэлы камплект — верхнюю сарочку, штаны ды торбачку-сумку для кніжак і сшыткаў. Я быў вельмі ўсцешаны!

Але ж радасць мая была нядоўгая. Першага верасня, яшчэ па дарозе ў школу, дзеці проста паднялі мяне на смех:

— Ну ты выстраіўся! Ну прыбраўся, — паказвалі яны пальцамі. — Паглядзіце на яго — белая варона!..

Быць ёй мне зусім не хацелася. А таму ў школу я проста не пайшоў. Пакуль дзеці вучыліся, прастаяў, прасядзеў у недалёкім бярэзніку, а потым разам з усімі вярнуўся дахаты. І там з плачам аб'явіў:

— Што хочаце са мною рабіце, але ў школу ў белай адзежы я ніколі не пайду!

Бацькі, як гэта ні дзіўна, не сталі ні ўгаворваць мяне, ні прымушаць.

— Можа, пафарбуем апраткі? — папытаўся тата ў матулі.

— Дык няма ж чым, — уздыхнула яна.

— Я пайду пашукаю, а ты нагрэй у катле ваду, — загадаў тата. А сам узяў сякеру і пайшоў да ракі.

Праз нейкі час ён вярнуўся дамоў з ахапкам альховых галінак і шышак. Укінуў іх у кацёл з вадой, туды ж адправіў мае абновы. Калі вада закіпела, некалькі разоў перамяшаў...

Ва ўсе вочы я глядзеў на гэта чараўніцтва: колер адзення рабіўся ўсё цямнейшы і цямнейшы. Факт, што з катла яго даставалі добра карычневым.

...Назаўтра ў школу я ішоў ужо з радасцю: ніхто з дзяцей з мяне не смяяўся, усе хутчэй зайздросцілі.

...Не памятаю, ці папрасіў я тады прабачэння ў сваіх бацькоў, а найперш — у матулі, бо гэта ж колькі яе працы было ўкладзена ў тыя абноўкі: вырасціць лён, убраць, паслаць, змяць, напрасці нітак, саткаць палатно, пашыць...

Зараз бы тое адзенне!

М. П. Багданаў,

в. Новы Пагост, Мёрскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

АД ЯЕ Ж. Чытачы газеты прасілі расказаць пра аўтараў найлепшых «вясёлых і праўдзівых гісторый», пра пераможцаў конкурсу — 2017.

Яно б і сапраўды: можна, бо «краіна павінна ведаць сваіх герояў»! Аднак з некім з іх мы знаёмы лепш, з некім, мякка кажучы, — горш... А таму спадзяёмся, што яны пра сябе раскажуць самі — у наступным выпуску рубрыкі.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.