Вы тут

Дарога такая ці той, хто ідзе, з яе збочыў?


Жаданне патэлефанаваць ёй у мяне цяпер з'яўляецца толькі аднойчы на год — у канцы студзеня, у Дзень яе анёла. Хочацца набраць даўно забыты (але ж дзесьці абавязкова запісаны!) нумар, нязмушана, нібы размаўлялі толькі ўчора, сказаць: «Прывітанне, імянінніца!» Пачуць у адказ штосьці жартаўлівае і гаварыць, гаварыць, як у дзяцінстве, аб усім — што бачыла, што чула, што прачытала, што адчуваеш...


Мы калісьці маглі гаварыць з ёй вось так гадзінамі, не заўважаючы, што ўжо ноч, што маці ўжо даўно патушыла ў нашым пакоі святло і строга загадала спаць. Мы тады проста пераходзілі на таямнічы шэпт, і ад гэтага было яшчэ больш хораша, і спаць зусім не хацелася... А калі прачыналіся — у акно спальні ўжо біла промнямі сонца, запрашаючы на вуліцу, дзе чакала столькі прыгод і ўражанняў. Хуценька паснедаўшы, мы імчалі туды, рабілі нейкую няцяжкую работу на падворку: палолі некалькі градак, рвалі свінням бліскучую ад расы макрыцу на мяжы, адносілі пойла цяляці на выган, збіралі па гнёздах курыныя яйкі. Потым садзіліся на веласіпед (ён у нас быў адзін на дваіх) — яна за рулём, я на багажніку, і імчалі за вёску, насустрач сонцу і ветру, дурнымі галасамі гарлаючы надта моднае тады «Две звезды, две светлых повести...»

Мы былі неразлучныя — «бы спрэжаныя», казала пра нас бабуля, — усе летнія канікулы, аж да дзясятага класа. Дзяцінства і зялёнае юнацтва, першае спасціганне самых важных у жыцці рэчаў — калі ўсведамляеш і пачынаеш адчуваць і ведаць, што такое каханне, подласць, сумленне, здрада, што можна, а чаго нельга — мы перажылі разам, у тыя шчаслівыя нашыя леты.

Марылі: хутка я прыеду ў Мінск вучыцца, і мы будзем бачыцца нашмат часцей, хадзіць гуляць, дзяліцца праблемамі і таямніцамі, дапамагаць адна адной, падтрымліваць, калі ў тым будзе неабходнасць. Мы верылі, што так будзе ўсё жыццё, бо іначай проста і быць не магло.

Я пра гэта вельмі часта думаю, але так і не магу ўспомніць той кропкі, таго моманту ці выпадку, калі ўсё пачало ламацца. Не, гэта здарылася не тады, калі яна раптам, скончыўшы восьмы клас, не захацела вучыцца далей і пайшла ў вучэльню асвойваць вельмі перспектыўную спецыяльнасць зборшчыцы мікраэлектронікі — мы па-ранейшаму сябравалі, а калі я паступала ва ўніверсітэт, яна, адпрасіўшыся з «Інтэграла», дзе праходзіла практыку, чакала мяне ў дворыку БДУ пасля кожнага экзамену. І не тады, калі яна ў дзевятнаццаць выскачыла замуж за хлопца на пяць гадоў старэйшага, закаханага ў яе без памяці. Я была сведкай у іх на вяселлі і вельмі любіла прыязджаць да іх у госці: у іхняй кватэры заўжды было шумна і весела, збіралася вясёлая кампанія, былі жарты, музыка, віно. Можа, усё пачалося з тых самых кампаній? Але ў пачатку ўсёдазволеных дзевяностых большасць тых, каму было дваццаць-дваццаць пяць, жылі менавіта так — наводмаш, нарасхрыст, і гэта не перашкаджала вучыцца, працаваць, закладваць падмурак на дарослае сур'ёзнае жыццё...

А яна не змагла. Ці не захацела. І наўрад ці прычына ў мужы, які стаў надоўга пакідаць яе адну: уладкаваўся на «шабашку» ў Маскве, бо з работай тады было цяжка ўвогуле, а з работай грашовай, якая дазволіла б купляць маладой каханай жонцы ўсё, што яна хоча, — тым больш. Яна асабліва і не сумавала — кампаніі па-ранейшаму збіраліся ў іх гасцінным доме.

Праўда, акрамя гэтых ужо штовечаровых пасядзелак, астатняе яе цікавіла надзвычай мала. Работу яна кінула — муж быў не супраць: маўляў, калі хочаш — сядзі дома, я грошы зараблю сам. Калі я згадвала пра яе колішнія планы паступіць у політэхнічны інстытут, толькі махала рукой: навошта? Дзяцей у іх не атрымлівалася, муж купіў ёй даражэннага пародзістага ката, каб не сумавала, пакуль яго няма. Не дапамагло — мужу вельмі хутка ў адной з вясёлых кампаній знайшлася замена. Ад таго, другога, хутка нарадзілася доўгачаканая дачка (яна вельмі хацела дзяцей). Нам яшчэ было пра што гаварыць, я памятаю, якім шчасцем свяціліся яе вочы, калі прыязджала да яе ў адведкі.

Можа, усё пайшло наперакос, таму што новы муж ужо тады быў калі не алкаголікам, дык запойным п'яніцам? А яна, ужо таксама прывыкшая да застолляў, не адмаўлялася, не адчуваючы, якую небяспеку нясе для яе самой чарговая распітая бутэлька. Мы ўжо амаль не сустракаліся: у вёску яна прыязджаць перастала, а ў госці да іх ехаць зусім не хацелася: застоллі там былі ўжо не падобныя на лёгкую маладзёжную вечарынку — цяжкія, цьмяныя, з мутнымі вачыма, з густым смуродам цыгарэтнага дыму і стойкага перагару. Дачцэ, такой любімай і чаканай, было гады чатыры, калі яе забралі на выхаванне бабуля ды цётка. Ад іх малая і ў школу пайшла. Бацькоў бачыла рэдка, але вельмі любіла, вельмі хацела ў іх застацца. Толькі бацькі не вельмі гэтага хацелі...

Бо ў іх ужо было сваё жыццё, па іхнім, загульна-п'яным сцэнарыі — з пастаяннай зменай месца работы, са скандаламі і бойкамі, з прымірэннем за той жа бутэлькай. Аднойчы яна пырнула сужэнца нажом, той трапіў у бальніцу, і справа магла б скончыцца калоніяй. Але муж пераканаў следства, што на нож з п'яных вачэй напароўся сам.

А потым у яе здарылася новая любоў. Яна развялася, зноў выйшла замуж. Новы муж быў ціхі п'яніца, але са сваёй неблагой жылплошчай і майстар на ўсе рукі. Таму праблемы зарабіць грошай не было, ездзілі разам улетку па ўсёй краіне, працавалі на будоўлі.

Дачка тым часам вырасла, вывучылася, атрымала добрую запатрабаваную прафесію, жыве з бабуляй. З тым, як жыве маці, уся радня ўжо змірылася: уладкавалася ж усё-ткі, работу нейкую мае, мужа, а што выпівае — тут ужо нічога не паробіш...

За апошнія паўтара года яна стала ўдавой двойчы. Спачатку бацька дачкі палез у пятлю. А праз колькі часу сканаў ад інсульту, не дажыўшы да сарака сямі, яе апошні, надзея і апора. Яна засталася без работы і мае ўсе шанцы застацца без жылля (камуналку аплачвае дачка, але ж ці заўсёды так будзе). Ад якой-кольвек дапамогі ад сваякоў адмаўляецца, усе іх спробы пагаварыць аб тым, каб палячыцца, памяняць лад жыцця, разбіваюцца аб сцяну непрыняцця. Яна зноў «у пошуку». Чаго шукае? Здаецца, на гэта пытанне не адкажа нават яна сама.

Сёння ў яе імяніны. Увечары я, напэўна, усё-ткі збяруся і ёй пазваню. Нумар жа абавязкова дзесьці павінен быць запісаны...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Дзень анёла

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.