Вы тут

Як на раёнах працуюць мабільныя рэйдавыя групы?


У Лёзненскім раёне назіральным камісіям дапамагаюць рэйдавыя групы, якія выязджаюць туды, дзе неабходны дадатковыя ўвага і кантроль. Дарэчы, члены камісій ёсць і ў складзе груп. Сістэма адпрацавана і апраўдвае сябе. Новы падыход дае добры вынік.

Вопыт Лёзненшчыны вывучыў наш карэспандэнт у складзе адной з такіх груп. Журналіст амаль увесь працоўны дзень суправаджаў тых, хто выязджаў у вёскі, у тым ліку і аддаленыя.


Ад ратавальніка да дэпутата

У 2012 годзе мабільныя рэйдавыя групы былі створаны па рашэнні старшыні райвыканкама. У іх склад увайшлі работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, РАУС, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, аддзелаў адукацыі, аховы здароўя райвыканкама і г. д. Словам, тыя, хто мае паўнамоцтвы на месцах прымаць неабходныя рашэнні, калі трэба — радыкальныя.

— Канешне, і назіральныя камісіі па-ранейшаму эфектыўныя. Але іх члены, напрыклад, старэйшыны, паштальёны, настаўнікі, іншыя актывісты, не маюць такіх паўнамоцтваў, як члены рэйдавых груп «ад райвыканкама». У апошніх, можна і так сказаць, больш высокі «статус», больш рычагоў уздзеяння. Праца ў звязцы дае аптымальны вынік, — канстатуе начальнік Лёзненскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, дэпутат райсавета Віталь Чайкін.

Напрыклад, ратавальнікі не толькі папярэджваюць аб небяспецы. Калі, напрыклад, у доме старых людзей у дрэнным стане печ, калі не працуе апавяшчальнік, могуць напісаць ліст дзецям, сваякам, каб праявілі клопат. Уносяцца прапановы аб разглядзе нядбайнага домаўладальніка на савеце грамадскага пункта аховы правапарадку. Удакладняюцца пытанні аказання дапамогі на рамонт печаў і праводак па лініі ведамства сацыяльнай абароны і сельвыканкамаў.

Міліцыянеры займаюцца прафілактыкай з тымі, хто злоўжывае спіртным і скандаліць. Работнікі сацыяльнай службы вызначаюць, ці не трэба старых падчас зімовых халадоў перавесці на «сацыяльныя ложкі» — у спецыяльныя ўстановы, пад апеку дзяржавы. І, доўга не зацягваючы, прымаюць рашэнні. Дэпутаты, прадстаўнікі ЖКГ, газавай службы, энерганагляду і г. д. падчас рэйдаў таксама «адпрацоўваюць» свае задачы.

Самі рэйды праводзяцца сістэматычна, у прыватнасці, зімой, — каб папярэдзіць пажары, каб усе жыхары былі забяспечаны дровамі.

Вясной людзей папросяць адрамантаваць агароджы, прывесці падворак у парадак. Пацікавяцца, якая падтрымка неабходна ў вядзенні падсобных гаспадарак. Ратавальнікі правядуць гутаркі аб выкананні патрабаванняў бяспекі, нагадаюць, што грамадзянам трэба прыбраць сухую расліннасць і смецце, што нельга выпальваць траву паблізу ад пабудоў, каб прадухіліць узгаранні.

Удзельнікі рэйду могуць «адпрацоўваць» як асобна ўзяты населены пункт, так і некалькі.

Гарадскім жыхарам, напэўна, цяжка зразумець, чаму ў глыбінцы праводзяцца такія мерапрыемствы: «каманда напрошваецца ў госці». Каб праверыць, ці ўсё нармальна, папярэдзіць, дапамагчы. Напэўна, у гарадах многія не ведаюць прозвішча ўчастковага. Наўрад ці адразу ўспомняць сваіх дэпутатаў гарадскога і абласнога Саветаў. На перыферыі ўсё па-іншаму. Тут мясцовыя народныя выбраннікі самі прыязджаюць у госці да выбаршчыкаў.

Лепшыя інфарматары

У рэйдзе мы былі разам са згаданым вышэй Віталем Чайкіным, а таксама з загадчыцай аддзялення сацыяльнай дапамогі дома Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святланай Даўгаполавай і старшым участковым інспектарам міліцыі Лёзненскага РАУС Настассяй Маслоўскай.

Рэйдавыя групы, калі выехалі не ў адну вёску, а ў некалькі, — працуюць «кропкава», бо ёсць канкрэтная інфармацыя, куды і навошта трэба ехаць. Напрыклад, наведаць сям'ю залежных ад алкаголю, а на суседняй вуліцы — адзінока пражываючага. А недалёка жывуць шматдзетныя бацькі: ці ўсё зроблена, каб дома ў іх было цёпла, ці спраўныя печ, электраправодка?

У добрым папярэднім інфармаванні членаў рэйдавай групы аўтар гэтых радкоў упэўніўся ў Дабрамыслянскім сельсавеце. Старшыня сельскага Савета Сяргей Петушкоў перадаў членам групы спіс грамадзян, якіх трэба наведаць абавязкова. Пры гэтым расказаў пра кожнага. Дапамагала інфармаваць і кіраўнік справамі... Як заўважыў Віталь Чайкін, так зладжана працуюць у кожным сельвыканкаме.

Па ўказаных адрасах мы і паехалі.

Старэйшына вёскі Выхадцы Галіна Сцяпанаўна Лагвянкова таксама ведае ўсё пра ўсіх. У населеным пункце 44 чалавекі. Тых, кім могуць зацікавіцца падчас рэйду, папярэдне наведала і праверыла, што ды як. І так робіць часта.

— Добра працуе старэйшына! Вельмі энергічная, адданая справе, якой займаецца. А, між іншым, ёй ужо 75 гадоў, — адзначыў Віталь Чайкін.

«Самі батарэйку памяняйце!»

Многіх з грамадзян, якіх наведалі, нармальнаму чалавеку не зразумець.

Напрыклад, мясцовы жыхар, калі ратавальнік папрасіў яго замяніць батарэйку, каб праверыць работу апавяшчальніка, прапанаваў маёру... самому гэта зрабіць. Той не разгубіўся і параіў гаспадару навучыцца такому простаму дзеянню. Бо яго жыццё ў першую чаргу ў яго руках. Дарэчы, батарэйку можна купіць нават не выходзячы з дома — у паштальёнаў, якія абавязкова іх маюць пры сабе.

Калі, канешне, чалавек сам не можа справіцца, яму абавязкова дапамогуць, каб апавяшчальнік працаваў заўсёды.

У іншым населеным пункце муж і жонка маглі б стаць героямі карыкатур на тэму прафілактыцы п'янства. Жанчыну на наступны дзень пасля рэйду адправілі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання — дзеля яе бяспекі.

Яшчэ аднаго грамадзяніна, адзінага жыхара вёскі Бандоры, дома не засталі. Але не размінуліся, бо ён ішоў нам насустрач па дарозе. Як растлумачылі мае спадарожнікі, ён так часам гуляе: да суседняй вёскі і назад, каб у кампаніі выпіць. У гэты дзень таксама быў навесяле. З ім правялі прафілактычную размову наконт таго, што «пад градусам» у мароз хадзіць небяспечна.

Цяжка было гутарыць і з не зусім цвярозымі састарэлай жанчынай і яе сынам-інвалідам...

Сярод іншых наведалі вёсачку Сяло — на мяжы з Расіяй. Аматара спіртнога, пра якога паведамілі ў сельвыканкаме, не было дома. На наступны дзень да яго зноў завітаюць члены групы і дачакаюцца...

Выратаванне жыццяў

Пасля рэйду — а паралельна з намі працавала яшчэ адна група — у сельвыканкаме падводзілі вынікі.

Выслухоўвалі ўдзельнікаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Тамара Дрылёнак, начальнік РАУС Канстанцін Князеў, начальнік РАНС Віталь Чайкін. Афармляліся пратаколы даручэнняў. У іх запісана, якім адказным асобам і што канкрэтна трэба зрабіць, якія прыняць меры рэагавання і ў які тэрмін. Пратаколы прадстаўляюцца старшыні райвыканкама. Кантралюецца ход выканання рашэнняў. Як і тое, што было зроблена падчас мінулых рэйдаў.

Дарэчы, былі выпадкі, калі візіты такіх груп літаральна выратоўвалі жыцці. Напрыклад, бабуля магла задыхнуцца, бо сама ж рана закрыла дымаход у печы. А ў доме праблемнай сям'і непагашаны недакурак мог стаць прычынай пажару...

Галоўная задача рэйдаў — не дапусціць бяды. І якім бы ні быў чалавек: дастойным, законапаслухмяным або асацыяльных паводзін — пра яго трэба клапаціцца. І рабіць усё магчымае, каб не загінуў, не знік без вестак.

Групы будуць выязджаць і надалей. Каб перавыхоўваць, прапаноўваць працу, выратоўваць дзяцей ад гора-бацькоў, аказваць дапамогу адзінокім і адзінока пражываючым... Дарэчы, беларускі вопыт актыўна выкарыстоўваецца і ў Расіі. Пра гэта не раз гаварылі прадстаўнікі органаў аховы правапарадку краіны-суседкі, якія наведвалі Віцебшчыну і Лёзненскі раён у прыватнасці.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Не кабінетная работа

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».