Вы тут

«МС» расказвае пра вопыт мясцовага самакіравання ў рэгіёнах


Безумоўна, набыткі кожнай вобласці заслугоўваюць увагі і пераймання. Сёння мы прадстаўляем паўночны край — Віцебшчыну, дзе па выніках мінулага года адбыўся ўстойлівы рост у многіх сферах эканомікі. Безумоўна, свой уклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна ўнеслі і дэпутаты мясцовых Саветаў усіх узроўняў. Старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў спецыяльна для гэтага выпуску даў інтэрв'ю нашаму выданню. Гэты і іншы артыкулы пра дэпутацкія справы Віцебшчыны — у сённяшнім нумары «МС».

На кіраўнічай пасадзе ён не навічок. Да таго як у красавіку 2016 года яго абралі старшынёй абласнога Савета дэпутатаў, займаў іншыя пасты ў выканаўчых органах улады. Быў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска, потым узначаліў аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, быў намеснікам віцебскага мэра. Працаваў і начальнікам упраўлення культуры аблвыканкама, потым — намеснікам губернатара Віцебшчыны па сацыяльных пытаннях. Работа з людзьмі яму знаёмая не па чутках. Уладзімір Уладзіміравіч добра ведае вобласць, яе асаблівасці і праблемы.


Уладзімір Цярэнцьеў з ветэранам, мастаком Аляксандрам Салаўёвым.

— Уладзімір Уладзіміравіч, як бы вы ахарактарызавалі дэпутацкі корпус Віцебшчыны? Наколькі актыўныя тут дэпутаты, ці часта яны сустракаюцца з выбаршчыкамі?

— У нас дзейнічаюць 222 мясцовыя Саветы дэпутатаў. У тым ліку — абласны, 23 — базавага ўзроўню, 198 — першаснага тэрытарыяльнага ўзроўню. У Саветы ўсіх узроўняў абрана 3192 дэпутаты.

Летась правялі больш за 1,8 тысячы сесій, разгледзелі каля 5,1 тысячы пытанняў. Народныя выбраннікі ажыццявілі больш за 29,3 тысячы асабістых прыёмаў, на якіх выслухалі каля 10,7 тысячы выбаршчыкаў. Акрамя гэтага праведзена больш за 12,3 тысячы сустрэч у акругах, зроблена 6420 справаздач перад выбаршчыкамі.

— Чым, на вашу думку, павінны займацца дэпутаты Саветаў на месцах? Вызначыце галоўныя кірункі іх работы.

— Дэпутацкі корпус працуе поруч, ці, як мы кажам, у адзінай звязцы з выканаўчай вертыкаллю ўлады. Гэта вельмі важны момант. Бо менавіта мясцовая ўлада — самая блізкая да чалавека. І яна павінна быць максімальна адкрытай, а яе дзейнасць — празрыстай.

Галоўная мэта работы Саветаў дэпутатаў — спрыяць у рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, рашэнні праблемных пытанняў, павышэнні дабрабыту і якасці жыцця людзей. Ад правільных падыходаў і ўважлівага стаўлення да кожнага чалавека залежыць ступень даверу і падтрымкі насельніцтва.

Для таго каб ажыццяўляць свае задачы, Саветы павінны аператыўна і дзейсна рэагаваць як на цяжкасці, якія ўзнікаюць, так і на надзённыя патрэбы сваіх выбаршчыкаў.

— Ці цалкам выкарыстоўваецца сёння дэпутацкі патэнцыял вобласці? Якія «рэзервы» можна яшчэ задзейнічаць? Ці ўдалося пазбавіцца ў гэтай рабоце ад фармалізму?

— У цэлым дэпутаты ўсіх узроўняў праводзяць работу па вырашэнні актуальных праблем і патрэб людзей. Аднак сапраўды не паўсюдна для дэпутатаў сельскіх Саветаў стала нормай зацікаўленае стаўленне да работы з насельніцтвам па месцы жыхарства. А яны, як ніхто іншы, у першую чаргу павінны быць памочнікамі ўлады пры вырашэнні мясцовых пытанняў.

Значная частка дэпутатаў — кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. На жаль, бывае так, што прадпрыемства не выконвае заданне па росту эканамічных паказчыкаў, а між тым кіраўнік-дэпутат сам галасаваў за гэтае заданне. Нельга, каб слова разыходзілася са справай. Таму быць дэпутатам — гэта адказнасць і перад сваім калектывам, і перад выбаршчыкамі.

Да дзейнасці ў выбарчай акрузе неабходна падыходзіць не фармальна. Адпаведна, у склад Саветаў павінны ўваходзіць людзі неабыякавыя, бескарыслівыя, з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія не лічацца са сваім асабістым часам. Дэпутат абавязаны ў любы момант адгукнуцца на патрэбы і праблемы выбаршчыкаў.

— Вы з'яўляецеся членам Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Наколькі запатрабаваная гэта структура? Для чаго яна існуе і якія мэты перад сабой ставіць?

— Гэты Савет — калегіяльны і дарадчы. Займаецца распрацоўкай прапаноў па ўдасканаленні дзейнасці органаў мясцовага самакіравання. І паралельна — каардынацыяй пытанняў узаемадзеяння паміж імі і органамі дзяржаўнага кіравання.

Члены Савета знаёмяцца з напрацоўкамі ўлады рэгіёнаў у вырашэнні розных пытанняў. У кожнай вобласці ёсць чаму павучыцца. Іх станоўчы вопыт выкарыстоўваецца на Віцебшчыне, як і наш — у іншых абласцях.

— «МС» ужо не аднойчы пісала пра дзейнасць старэйшын. Прыдзвінскі край быў, так бы мовіць, першапраходцам у фінансавым заахвочванні гэтых «мэраў» вёсак. Калі ласка, падзяліцеся меркаваннямі пра іх дзейнасць.

— Старэйшыны населеных пунктаў, можна сказаць, актыўныя пасярэднікі паміж насельніцтвам і прадстаўнічай, выканаўчай уладай. Аказваюць досыць адчувальную дапамогу сельсавету ў своечасовым вырашэнні праблем, якія патрабуюць неабходнага ўмяшання з боку мясцовай улады, з'яўляюцца членамі саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, назіральных камісій.

Напрыклад, старэйшына вёскі Новыя Валосавічы Лепельскага раёна Іван Блажко выступіў з ініцыятывай па аднаўленні капліцы ў вёсцы Красналучка. І ў рамках міжнароднага праекта на гэта было выдзелена 1200 еўра.

Плённа працуе старэйшына вёскі Княжыцы Валынецкага сельсавета Верхнядзвінскага раёна Валянціна Аўсянкіна. Штогод праводзіць свята вёскі, Масленіцу, «Калядныя сустрэчы», «Вясковыя вячоркі». Па яе ініцыятыве пры ўездзе ў вёску ўсталяваны і асвечаны крыж. А ў сетцы «Аднакласнікі» створана група «Княжицы.bу». Туды ўступаюць як жыхары вёскі, так і нашчадкі людзей, якія раней жылі там. Вялікая работа праведзена па зборы звестак аб гісторыі гэтага населенага пункта, у вёскі нават ёсць свой гімн!

Малады старэйшына вёскі Баруны Плюскага сельсавета Уладзімір Адахоўскі на ўласным трактары вывозіць смецце і расчышчае дарогі. Ён таксама дапамагае састарэлым і нямоглым аднавяскоўцам...

І такіх прыкладаў можна прыводзіць шмат. Старэйшыны праводзяць актыўную работу па зборы добраахвотных узносаў. Сродкі ад «самаабкладання» накіроўваюцца на добраўпарадкаванне вуліц, могілак, зрэзку аварыйных дрэў...

Найбольш актыўныя старэйшыны раз у квартал атрымліваюць матэрыяльнае заахвочванне. Летась на «прэміраванне» было выдаткавана больш за 100,1 тысячы рублёў.

— Адна з асаблівасцяў Віцебшчыны — самая вялікая колькасць населеных пунктаў. Безумоўна, гэты факт не можа не адбівацца на дзейнасці райсаветаў, сельсаветаў?

— Так, у нас 6260 населеных пунктаў. І каля 44 % — з колькасцю насельніцтва да 10 чалавек. Дапамога жыхарам маланаселеных пунктаў — на асаблівым кантролі. Для паляпшэння транспартнага абслугоўвання абнаўляецца аўтобусны парк. Ва ўсіх вёсках аказваецца гандлёвае і бытавое абслугоўванне. Функцыянуюць 150 комплексных прыёмных пунктаў. Даступныя і паслугі паштовай сувязі. Дарэчы, з 400 паштовых аддзяленняў 283 — у сельскай мясцовасці.

У маленькія вёсачкі прыязджаюць самадзейныя артысты, «чытальні на колах». Нельга дапусціць, каб гэтыя вёскі зніклі. Ёсць шмат спосабаў іх захавання. Напрыклад, праз развіццё аграэкатурызму, фермерства. Нагадаю, Прэзідэнт не раз заклікаў бізнесменаў, ураджэнцаў такіх мясцін, аказваць ім падтрымку, ствараць там прадпрыемствы і турыстычныя аб'екты.

— Віцебск у апошнія некалькі гадоў папрыгажэў. Аднаўляюцца храмы, устанаўліваюцца помнікі. Вы асабіста, працуючы ў розных органах улады, шмат зрабілі, каб горад стаў больш прывабны для турыстаў і зручны для пражывання гараджан. На ваш погляд, чаго яшчэ не хапае на сёння абласному цэнтру? Што плануецца пабудаваць у найбліжэйшы час?

— Так, зроблена многае. І радуе, што з кожным годам мы бачым усё больш турыстаў. Яны падарожнічаюць па розных экскурсійных маршрутах: «Віцебск — горад Марка Шагала», «Па старонках гісторыі 1000-гадовага Віцебска», «Віцебскі рэнесанс»... Па Заходняй Дзвіне ў навігацыйны час курсіруюць два цеплаходы.

Летась да Дня горада ўсталявалі скульптуры «Стары Хатабыч» і «Рыбка», унікальную арт-лаўку «Сядзейка». Завяршылі рэканструкцыю двух помнікаў архітэктуры, у адным з якіх — музей Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, створанага Шагалам. А ў другім — на вуліцы Сярэднебярэжнай — загс Чыгуначнага раёна Віцебска.

Распрацоўваецца праектна-каштарысная дакументацыя для будаўніцтва палаца ганаровых абрадаў, спецыялізаванай залы для скачкоў на батуце. Шукаюцца інвестары для ўзвядзення «Аквапарка»... Сёлета ў мікрараёне «Білева-2» плануецца здаць яслі-садок на 200 месцаў.

— А можаце, Уладзімір Уладзіміравіч, прыгадаць не зусім стандартныя пытанні, якія агучвалі выбаршчыкі?

— На прамую лінію мне патэлефанаваў жыхар Аршанскага раёна. Расказаў аб нібыта дрэннай якасці тэлесігналу. Пасля выезду на месца брыгады РУП «Белтэлекам» высветлілася, што заяўнік выкарыстоўвае самаробную прыёмную антэну. І яна не забяспечвае неабходную якасць сігналу. Яму была прадэманстраваная работа тэлевізара з дэцыметровай антэнай, пасля чаго прэтэнзіі былі зняты...

Увогуле, калі аналізаваць практыку работы з людзьмі, многія звароты, просьбы да ўлады абгрунтаваныя. Але ў шэрагу выпадкаў, рэагуючы на асобныя дробязныя пытанні, мы патураем утрыманству, нежаданню грамадзян самім вырашаць свае праблемы. А ёсць і такія, хто ва ўльтыматыўнай форме выказвае прэтэнзіі з нагоды таго, што за іх павінны зрабіць — неадкладна і бясплатна. У падобных сітуацыях я і мае калегі тлумачым, што павінна ў рамках закона рабіць улада, а што — грамадзяне самастойна. У прыватнасці, яны павінны прымаць актыўны ўдзел у навядзенні парадку на сваім двары, вуліцы, у населеным пункце.

— Што, на вашу думку, патрэбна для ўмацавання аўтарытэту дэпутатаў мясцовых Саветаў?

— Каб дэпутату давяралі выбаршчыкі, яму трэба быць добра інфармаваным аб тым, што адбываецца ў акрузе. Дэпутат абавязаны ведаць, чым жывуць выбаршчыкі, якая сітуацыя на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Толькі так ён можа эфектыўна інфармаваць адказных асоб аб праблемах, чаканнях людзей, каб разам спрыяць вырашэнню пытанняў.

Дэпутат не толькі словам, а, перш за ўсё, справай можа заслужыць давер сваіх выбаршчыкаў. Адпаведна — аўтарытэт. Людзі павінны бачыць клопат з боку органаў улады на месцах і ў першую чаргу — Саветаў дэпутатаў, народнай улады.


Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

«У Віцебскай вобласці ёсць станоўчая дынаміка ў параўнанні з мінулым. Назіраецца прырост валавога рэгіянальнага прадукту на 1,3 %, таксама прыраслі прамысловасць, сельская гаспадарка. Але Прэзідэнт усхваляваны тым, што не зусім добрыя фінансавыя, эканамічныя паказчыкі. Рэнтабельнасць прадукцыі ніжэйшая, чым у сярэднім па рэспубліцы: па Віцебскай вобласці гэта толькі 5 %, сярэдняя па рэспубліцы — каля 9 %. Вялікая колькасць стратных гаспадарак, прадпрыемстваў — 21 %, у той час як па рэспубліцы — 16 %.

Таму кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што трэба сур'ёзна папрацаваць па павышэнні эфектыўнасці, зніжэнні сабекошту прадукцыі. Мяркую, гэта задача для органаў улады Віцебскай вобласці».


Cклад Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў на студзень 2018 года

Усяго дэпутатаў — 55.

Грамадзяне ва ўзросце да 30 гадоў — 0.

Грамадзяне Расійскай Федэрацыі — 1.

Жанчыны — 11.

Больш за 1 скліканне — 34.

Члены палітычных партый (КПБ) — 2.

Кіраўнікі арганізацый — 37.

Намеснікі кіраўнікоў арганізацый — 8.

Кіраўнікі структурных падраздзяленняў — 6.

Работнікі адукацыі, культуры,

навукі, аховы здароўя — 17.

Работнікі гандлю, бытавога абслугоўвання — 1.

Работнікі дзяржаўных органаў — 10.

Работнікі прамысловасці,

транспарту, будаўніцтва — 14.

Работнікі сельскай гаспадаркі — 4.

Іншыя — 9.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота Аляксея СПАТКАЯ

Загаловак у газеце: Ацэньваць па справах

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».