Вы тут

Хворы на шаленства сабака кантактаваў з дзясяткам чалавек


У студзені ў Мінску акалеў хворы на шаленства сабака пароды кане-корса. Дагэтуль некалькі дзён ён блукаў па горадзе. Аб тым, наколькі небяспечная гэта інфекцыя і якія меры прымаць, каб пазбегнуць заражэння, мы пагутарылі з загадчыкам хірургічнага аддзялення 31-й гарадской паліклінікі г. Мінска Верай Баганёвай.


— Тое, што ў 2018 годзе па мегаполісе некалькі дзён ходзіць шалёны сабака — шакіруючы выпадак. Сітуацыя развівалася наступным чынам. Па інфармацыі санстанцыі, сабаку знайшлі на вуліцы Альшэўскага ў Фрунзенскім раёне сталіцы, — расказвае Вера Баганёва. — У гэты ж дзень мужчына перадаў яго знаёмым на вуліцу Інтэрнацыянальную. Адтуль яго аддалі грамадзянам са Слуцка. Там сабака пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, напаў на аднаго з членаў сям'і. Гаспадары збіраліся прывезці яго ў прытулак на вуліцы Гурскага. Мяркуецца, што яны выпусцілі яго дзесьці ў Кастрычніцкім раёне сталіцы. Тры дні сабака блукаў там у намордніку. 11 студзеня яго ўзяла адна жыхарка раёна, потым перадала іншай. 13 студзеня сабака апынуўся ў трэцяй сям'і. Ён добра сябе адчуваў, быў ласкавы, а 17 студзеня стаў агрэсіўны, з'явіліся сутаргі, пена з рота, і сабака акалеў. 18 студзеня падчас ускрыцця высветлілася, што ў сабакі было шаленства. Уявіце, якая колькасць толькі ўстаноўленых кантактаў адбылася з хворай жывёлай! На гэтыя раёны, дзе пабываў сабака, накладзены каранцін. Усе хатнія жывёлы там павінны быць прышчэплены ад шаленства. Асобы, якія кантактавалі з сабакам, атрымліваюць антырабічныя прышчэпкі.

— У многіх з нас уяўленне пра шаленства абмежавана «страшылкамі» пра 40 уколаў у жывот пасля ўкусу бяздомнага сабакі...

— Шаленства — гэта вострае інфекцыйнае захворванне, якое выклікаецца спецыфічным вірусам. Яно паражае цэнтральную нервовую сістэму. Захворванне вядома са старажытных часоў, яго апісанне ёсць нават у папірусах. У тыя часы, дарэчы, яго імкнуліся выпальваць гарачым жалезам, аднак усе хворыя паміралі. Толькі ў 1885 годзе была створана вакцына супраць гэтай хваробы. Спецыфічнай тэрапіі гэтага захворвання няма — яго нельга вылечыць. Калі шаленства развілося, гэта ў 100 працэнтах выпадкаў смяротна. Праўда, у медыцынскай літаратуры апісана тры выпадкі ў свеце, калі пацыентаў удалося вярнуць да жыцця. У прыватнасці, у 2005 годзе амерыканку для гэтага ўвялі ў штучную кому. А вось папярэдзіць шаленства можна. Штогод ад шаленства ў свеце гіне да 55 тысяч чалавек. Каля чатырох мільёнаў праходзяць курс прафілактычных прышчэпак.

— Выпадкі захворвання на шаленства чалавека ў Беларусі здараюцца?

— Так. Апошні з іх з лятальным канцом зарэгістраваны ў 2011 годзе. А кантакты людзей з хворымі на шаленства жывёламі рэгіструюцца штогод.

— Як адбываецца заражэнне?

— Гэта хвароба цеплакроўных жывёл і чалавека. Лічыцца, што і птушка можа захварэць — калі штучна ў яе мозг уводзілі вірус, развівалася шаленства. Пік зваротаў грамадзян, пацярпелых ад укусаў жывёл, прыходзіцца на асенне-летні перыяд, калі людзі актыўна выязджаюць за горад. Заражэнне часцей за ўсё адбываецца ад сабак, нашмат радзей — ад кошак. Інфіцыраванне адбываецца цераз скуру ці слізістыя абалонкі, калі жывёла ўкусіла, аблізала, падрапала чалавека. Можна заразіцца падчас разбірання тушы дзікай жывёлы. Хатнія жывёлы, у прыватнасці сабакі, часцей за ўсё заражаюцца ад вожыкаў, лісіц, ваўкоў, янотаў.

— Хвароба непераможная, бо яе пераносчыкі — дзікія жывёлы?

— Так. Да апошняга часу вірус шаленства рэгістраваўся на ўсіх кантынентах, акрамя Аўстраліі. Цяпер кажаны сталі пераносчыкамі захворвання, і гэты кантынент перастаў быць выключэннем. Хворая жывёла абавязкова памірае. У маёй медыцынскай практыцы мне давялося назіраць хворага на шаленства чалавека, прычым на разгорнутай стадыі хваробы. У пацыента з'яўляецца вада- і святлабоязь. Адчыненае акно з павевам ветру, гук вады ў ракавіне — усё гэта выклікае моцны спазм мышцаў. На заключнай стадыі хворага разбівае параліч, ад чаго ён і гіне.

— Як пазбегнуць захворвання, калі, скажам, цябе ўкусіў сабака?

— Вірус шаленства знаходзіцца ў ране каля сутак. І каб пазбегнуць захворвання, трэба ўмець правільна аказаць першую дапамогу. Пры ўкусах любых жывёл, нават прышчэпленых, трэба прамыць рану ці драпіну, куды трапіла сліна, з мылам пад праточнай вадой не менш за 15 хвілін. Вірус шаленства інактывуецца мылам, асабліва гаспадарчым, дзе ўтрымліваецца вялікі працэнт шчолачы. Таму важна пастарацца яго знішчыць такім чынам. Краі раны трэба апрацаваць спіртаўтрымліваючым растворам, накласці павязку і неадкладна звярнуцца па медыцынскую дапамогу. Менавіта хуткасць звароту мае вялікае значэнне. Пацярпеламу праводзіцца вакцынацыя, якая складаецца з курса антырабічных прышчэпак. Вакцына індуцыруе выпрацоўку імунітэту супраць віруса шаленства. Прышчэпкі робяцца ў дэльтавідную мышцу пляча ў дзень укусу, а таксама на 3-і, 7-ы, 14-ы, 30-ы і 90-ы дні пасля першай ін'екцыі. Часам вакцынацыю дапаўняюць увядзеннем імунаглабулінаў. Яны ўтрымліваюць антыцелы, якія блакуюць вірус, што знаходзіцца ў ране, перакрываюць яму шлях да цэнтральнай нервовай сістэмы. Укусы дзеляцца па катэгорыях небяспекі: у твар і шыю маюць самую высокую рызыку развіцця шаленства. Укусы за рукі, стопы, геніталіі таксама вельмі небяспечныя. Чым бліжэй зона ўкусу знаходзіцца да галавы, тым меншы інкубацыйны перыяд і вышэйшая рызыка інфіцыравання.

— Які ўвогуле інкубацыйны перыяд у віруса шаленства?

— У сярэднім ад двух тыдняў да двух месяцаў. Але можа быць значна даўжэйшы — да 12 месяцаў. Таму ў любы тэрмін, калі вас пакусала жывёла, неабходна праходзіць курс прышчэпак. Пацыент павінен звяртацца па месцы жыхарства або да траўматолага, або ў антырабічныя кабінеты. За жывёлай таксама трэба назіраць.

— Якія правілы трэба выконваць, каб засцерагчыся ад шаленства?

— Хатнія кошкі і сабакі абавязкова павінны быць прышчэплены супраць шаленства. Калі жывёла вас укусіла ці падрапала, не трэба яе забіваць. За ёй варта назіраць 10 дзён — за гэты час хворая на шаленства жывёла памірае. Калі жывёла дзікая, ліса ці воўк, і яна ідзе да людзей — на падвор'е, у вёску, то, як правіла, яна хворая на шаленства. У іх звычайна неадэкватныя паводзіны, назіраецца цячэнне сліны. З такімі жывёламі варта пазбягаць кантакту і інфармаваць ветэрынарныя службы. Калі знайшлі мёртвую жывёлу, не чапайце яе ні ў якім разе, не знімайце шкуру. Таксама паведаміце пра яе ў ветэрынарныя службы. Нельга чапаць бадзяжных сабак, карміць іх, гладзіць, бо жывёла можа ўкусіць. Калі ўкусіла дзікая жывёла — янот, ліса, пацук, воўк — прышчэпкі робяцца абавязкова. Трэба памятаць, што поспех у барацьбе з шаленствам залежыць ад своечасова праведзенай вакцынацыі.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Няласкавы звер

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».