Вы тут

На Віцебшчыне колькасць злачынстваў паменшылася на 13,4 %


Кіраўнік міліцыі Віцебшчыны расказаў пра леташнія вынікі працы: за пяць гадоў колькасць злачынстваў паменшылася на 13,4 %. У тым ліку забойстваў: з 52 у 2013 годзе да 39 — у мінулым. Усяго ў 2017-м зарэгістравана каля 10,3 тысячы злачынстваў.


Найлепшы ўчастковы — у Наваполацку

Начальнік УУС Віцебскага аблвыканкама Іван Кубракоў, распавядаючы пра ўчастковых, канстатаваў, што ў 2017-м найлепшым у краіне стаў Вадзім Марковіч з Наваполацкага ГАУС. А ў аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства, які праводзіўся летась
13-ы раз, участковыя інспектары Віцебскай вобласці сем разоў былі пераможцамі!

— Па выніках ацэнкі службовай дзейнасці ўчастковых вобласць заняла другое месца, саступіўшы толькі Мінску. Асноўны прыярытэт у іх працы сёння — забеспячэнне дзейснай прафілактыкі правапарушэнняў, што прадугледжвае перш за ўсё работу з людзьмі, — сказаў палкоўнік міліцыі.

Дарэчы, кожнае пятае злачынства па лініі крымінальнага вышуку раскрылі летась участковыя. Яны ў ліку іншага накіравалі ў ЛПП 1005 хранічных алкаголікаў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі каля 6,7 тысячы сямейных дэбашыраў. Канфіскавана з незаконнага абароту 1325 літраў фальсіфікаванай алкагольнай прадукцыі. А за яе распаўсюджванне складзена больш за 1,2 тысячы адміністрацыйных пратаколаў.

Аб злачыннасці ў сельскай мясцовасці: з амаль 3 тысяч — большасць складаюць крадзяжы, ухіленні ад выплаты аліментаў.

Дзяўчыне прапанавалі пракаціцца...

Адзін з прыкладаў раскрыцця злачынстваў мінулых гадоў — па ўстанаўленні месцазнаходжання без вестак зніклай 17-гадовай.

У кастрычніку 2012 года ў Полацкі ГАУС з заявай звярнулася яе маці. Сказала, што каля трох гадзін ночы дачка пайшла з дому і не вярнулася.

Вызначылі, што ў раёне знікнення былі двое мясцовых жыхароў, якія каталіся на аўтамабілі з мэтай знаёмства... Пры гэтым тады доказаў іх дачынення да знікнення дзяўчыны знойдзена не было. Але летась вышук зніклай атрымаў «новы віток».

— У ходзе аператыўных мерапрыемстваў атрымалі інфармацыю аб смерці дзяўчыны і магчымым месцы яе пахавання ў лесе ў Полацкім раёне. Некалькі гектараў у літаральным сэнсе слова прамацалі міліцыянеры: сантыметр за сантыметрам. Труп зніклай пяць гадоў таму быў знойдзены, — пракаментаваў Іван Кубракоў.

Падчас расследавання высветлілася, што мужчыны ў начны час у цэнтры горада пазнаёміліся з 17-гадовай, якая ішла па вуліцы. Прапанавалі пракаціцца, а ў салоне аўто — выпіць, дадаўшы ў напой лекавы сродак са снатворным эфектам. Прывезлі дамоў да аднаго са зламыснікаў — у Наваполацк. У кватэры дзяўчына ад прынятага прэпарату памерла. Труп вывезлі і закапалі...

Было ўстаноўлена, што дзяўчыну хацелі згвалтаваць.

— Злачынствы мужчыны здзяйснялі па гэтай жа схеме некалькі гадоў. На жаль, ахвяры ў праваахоўныя органы не звярталіся. Перш за ўсё таму, што ад дзеяння лекавых прэпаратаў шмат забывалі, а калі і памяталі, то ім было сорамна.

Устаноўлена дачыненне да аналагічных злачынстваў яшчэ двух мужчын. Усе арыштаваныя і ўтрымліваюцца ў следчым ізалятары. Расследаваннем крымінальнай справы займаецца цэнтральны апарат Следчага камітэта і ўпраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь...

З алмазнай плёнкай

Нягледзячы на пастаяннае павелічэнне колькасці аўто і інтэнсіўнасці дарожнага руху, колькасць ДТЗ значна знізілася. Калі ў 2013 годзе іх было зарэгістравана 500, то ў 2017-м — 375. Колькасць загінулых зменшылася на 45 %, параненых — на 19 %.

Па прапанове ДАІ УУС мінулай вясной распрацавалі праграму паэтапнай замены дарожных знакаў. За год на 60 пешаходных пераходах аўтадарог рэспубліканскага значэння на дарожныя знакі «Пешаходны пераход» нанесена алмазная плёнка жоўтага колеру. Гэта дазваляе павысіць святлоадбівальнасць у цёмны час. Летась усталявалі 550 такіх знакаў на 154 нерэгулюемых пешаходных пераходах.

Па сумеснай ініцыятыве ДАІ і мясцовай улады пачаты работы па замене лямпаў вулічнага асвятлення на святлодыёдныя... Гэта дазваляе сэканоміць спажыванне электрычнасці і палепшыць асветленасць. Адпаведна — станоўча ўплывае на бяспеку дарожнага руху ў цёмны час сутак.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Загаловак у газеце: Служба дні і ночы

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.