Вы тут

На варце прыродных багаццяў


«За 15 гадоў у грамадстве сфарміравалася адназначна негатыўнае стаўленне да браканьерства», — начальнік Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Сяргей НОВІКАЎ лічыць гэта адным з важных дасягненняў службы, якую ён узначальвае.


— Усе ўжо зразумелі, што рэсурсы — абмежаваныя, і тыя, хто бяруць незаконна, па сутнасці, крадуць у астатніх, — тлумачыць начальнік Дзяржінспекцыі непрыняцце ў грамадстве тых, хто незаконна палюе ці рыбачыць.

210 тысяч парушэнняў у сферы палявання, рыбалоўства і лесакарыстання было выяўлена за 15 гадоў існавання Дзяржінспекцыі. За той жа перыяд было канфіскавана 176 тысяч сетак даўжынёй 8,5 тысячы кіламетраў, 325 электралавільных прылад, 60 тысяч іншых забароненых прылад лоўлі, каля 2600 адзінак незарэгістраванай зброі, амаль 200 тон незаконна вылаўленай рыбы і столькі ж мяса дзічыны.

Сяргей Новікаў канстатаваў, што апошнім часам назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння агульнай колькасці парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства: у 2016 годзе іх было 9,7 тысячы, а летась — 8,5 тысячы, што на 12 % менш. Калі ж прыгадаць першыя гады работы інспекцыі, тады выяўлялася 20—25 тысяч парушэнняў штогод!

Многія ўжо ведаюць, што браканьерства — вельмі дарагое задавальненне: сумы кампенсацыі шкоды за незаконна здабытых звяроў і рыбу, ссечаныя дрэвы нярэдка вылічваюцца тысячамі рублёў. Акрамя таго, па рашэнні суда ў парушальнікаў канфіскуюцца транспартныя сродкі. Летась у браканьераў канфіскавалі 19 аўтамабіляў, а таксама 111 маламерных суднаў і 8 лодачных матораў.

Калі парушэнні здзяйсняюць службовыя асобы, Дзяржінспекцыя хадайнічае перад іх наймальнікамі аб прыцягненні гэтых супрацоўнікаў яшчэ і да дысцыплінарнай адказнасці. За 2017 год такім чынам было пакарана 775 службовых асоб.

Не пакінуць па-за ўвагай і тых, хто без дазволу высякае лес. Летась дзяржінспектары выявілі больш за 3000 парушэнняў правілаў лесакарыстання і ўстанавілі 405 фактаў транспарціроўкі драўніны ў парушэнне дзеючага парадку. За гэтымі лічбамі крыюцца эканамічныя страты для бюджэту краіны.

— Празрыстасць працэса нарыхтоўкі магла б забяспечыць электронная сістэма ўліку і транспарціроўкі драўніны, — лічыць Сяргей Новікаў. Паводле яго слоў, летась Мінлясгас распачаў рэалізацыю праекта па ўкараненні Адзінай дзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы на базе трох лясгасаў (Гродзенскага, Драгічынскага і Уздзенскага). Калі вопыт будзе станоўчы, то электронная сістэма да 2021 года будзе ўкаранёная паўсюдна.

У 2017 годзе па даручэнні Прэзідэнта Дзяржінспекцыя займаліся таксама выяўленнем сельскагаспадарчых земляў, якія выкарыстоўваюцца нерацыянальна, гэта значыць, зараслі хмызняком, хоць па прызначэнні з'яўляюцца ворнымі і лугавымі. Аказалася, што 5,6 тысячы гектараў зямель сельгаспрызначэння знаходзяцца ў стадыі дэградацыі.

Свой унёсак у ахову прыроды Дзяржінспецыя робіць таксама і праз агучванне ініцыятыў.

— У апошнія гады мы пастараліся надаць імпульс зарыбленню вадаёмаў і рэк, — кажа Сяргей Новікаў. — У прыватнасці, па дамоўленасці з расійскімі калегамі і Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў цягам усяго мінулага года праводзіліся сумесныя мерапрыемствы па аднаўленні рыбных запасаў Дняпра, дзе ў жніўні 2016 года адбыўся масавы замор рыбы. На трансгранічным участку ракі ў Дубровенскім і Смаленскім раёнах было выпушчана ў раку больш за 40 тысяч асобін рознаўзроставых малькоў рыб — шчупака, сцерлядзі, сазана. У планах на гэты год — зарыбленне Дняпра судаком.

Таксама па ініцыятыве Дзяржінспекцыі былі ўнесены змяненні ў тэхнічныя рэгламенты, і ўздоўж буйных магістраляў стала з'яўляцца агароджа, якая перашкаджае гібелі дзікіх жывёл пад коламі аўтатранспартных сродкаў. Сёння на парадку дня стаіць абсталяванне пераходаў над трасамі на шляху прыроднай міграцыі дзікіх жывёл, таму што ў падземныя пераходы тыя ніколі не пойдуць.

— Як бачыце, работа дзяржінспектараў шматвектарная. Часам мяне пытаюць, ці хапае на ўсё гэта сіл, бо, калі палічыць, то на кожнага інспектара прыпадае ў сярэднім 33 тысячы гектараў лесу, каля 40 азёр і 360 кіламетраў рэк, якія трэба кантраляваць. Але я перакананы, што вынік залежыць не столькі ад колькасці супрацоўнікаў, колькі ад якасці іх працы, — дадаў Сяргей Новікаў. — Акрамя таго, з намі цэлая армія добраахвотных памочнікаў. Штомесяц на тэлефон даверу Дзяржінспекцыі паступае каля 200 званкоў. Людзі не хочуць мірыцца з драпежніцкім стаўленнем да прыроды і садзейнічаюць дзяржінспектарам у затрыманні парушальнікаў.

У найбліжэйшы час Дзяржінспецыя збіраецца запусціць мабільную праграму, якая дазволіць неабыякавым людзям тэрмінова паведамляць аб выяўленых парушэннях: браканьерстве, незаконнай лоўлі рыбы, высечцы лесу і гэтак далей. «Грамадзянін зможа зафіксаваць гэты факт і адправіць інфармацыю ці фота ў інфармацыйны цэнтр нашай дзяжурнай службы. Далей сігнал паступіць да спецыяліста, які знаходзіцца бліжэй за ўсіх да згаданага месца. Але рэакцыя на яго будзе адпавядаць сур'ёзнасці здзейсненага парушэння прыродаахоўнага заканадаўства, — папярэдзіў начальнік Дзяржінспекцыі. — Канешне, у першую чаргу інспектар будзе рэагаваць на грубыя парушэнні. Тэставы рэжым праграмы запрацуе ўжо ў найбліжэйшыя дні».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».