Вы тут

Ацаніць фільм «Форма вады» у мінскім пракаце можна да 14 лютага


У пошуках добрага ці нават надзвычайнага кіно, яшчэ і з хэпі-эндам, у кінатэатры зараз можна трапіць на дзіўную гісторыю кахання — у фільме Гільерма дэль Тора «Форма вады». Тым самым фільме, што атрымаў Залатога льва Венецыянскага кінафестывалю, а цяпер прэтэндуе на Оскар, прычым у трынаццаці намінацыях.


Карціна можа атрымаць статуэтку Амерыканскай кінаакадэміі як найлепшы фільм, за найлепшыя рэжысуру, сцэнарый, аператарскую работу, мантаж, дэкарацыі, касцюмы, некалькі акцёрскіх роляў... Цяпер у фільмаграфіі рэжысёра «Форма вады» можа паспаборнічаць нават са знакамітай карцінай «Лабірынт Фаўна», уключанай, між іншым, у спіс найлепшых фільмаў XXІ стагоддзя па версіі BBC.

«Форму вады» чамусьці часта называюць гісторыяй пра прыгажуню і пачвару, хоць сітуацыя выглядае дыяметральна іншай: у цэнтры ўвагі нямая прыбіральшчыца ў навуковай лабараторыі Элайза і цудоўная «істота», чалавек-амфібія, якога ў пэўныя часы на пэўных тэрыторыях прызнавалі за бажаство, а цяпер схапілі і прывезлі ў лабараторыю для даследаванняў. Карацей, фільм распавядае пра каханне паміж непрыгажуняй і, лічы, Богам, а гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Дзеля таго, каб убачыць «істоту», якую, дарэчы, аўтары стваралі на працягу дзевяці месяцаў, ужо варта ісці ў кінатэатр.

Дзеянне фільма адбываецца ў 1963 годзе: халодная вайна, спаборніцтва СССР і ЗША за дасягненні ў космасе, камуністы, шпіёны, жорсткасць амерыканскай вярхушкі ў жаданні дагнаць і перагнаць сапернікаў, тайная лабараторыя... Але ўсё пачынаецца з любоўна паказанага наладжанага распарадку дня Элайзы: нямая жанчына выключае будзільнік, ставіць варыцца яйкі, ідзе ў ванны пакой, рыхтуе ланч, чысціць туфлі, заходзіць да свайго суседа-мастака, едзе на аўтобусе на работу, спазняецца, сустракае сяброўку, слухае яе балбатню, мые падлогу. Калі першы раз мы зачаравана сочым за яе рухамі, прыйдзецца зразумець, што гэты шчаслівы спакой Элайзы — тое ж самае, што руціна, бо кожны яе дзень аднолькавы.

Праўда, гэты спакой парушаецца праз цікаўнасць і смеласць галоўнай гераіні: у лабараторыі хвалююцца ў чаканні новага экспаната, самага каштоўнага і незвычайнага за ўсю іх доўгую работу. Нехта вылавіў чалавека-амфібію, які прыбывае сюды ў спецыяльным рэзервуары ў суправаджэнні суровага, бесчалавечнага Рычарда Стрыклэнда, што хоча скончыць сваю справу з «істотай» і атрымаць за яе асабістыя дывідэнды. Скончыць справу ў гэтым выпадку значыць у выніку забіць і аддаць на даследаванні.

І візуальна, і па сэнсе ад «Формы вады» складана адарвацца. Гільерма дэль Тора па-майстэрску, у неабходнай дазіроўцы выкарыстоўвае рэчаіснасць, каб на ёй пабудаваць усё ж асобны свет і асобную атмасферу. Карычневыя 1960-я, у прыцемках і сонечным святле праз пыльнае шкло, халодныя сцены лабараторыі, насычаны антураж кватэр, цьмяна-шэры люксавы аўтамабіль, дождж і закінутыя пабудовы як месца сустрэчы. Ва ўсім гэтым дзейнічаюць яго персанажы: хоць і знаходзяцца ў пэўным палітычным кантэксце, не церпяць ад аўтарскай прадузятасці. Шпіён Дзмітрый (які быццам з Мінска і размаўляе, па словах Гільерма дэль Тора ў адным з інтэрв'ю, «з мінскім акцэнтам») аказваецца здольным супрацьстаяць дзвюм сістэмам, паміж якімі ён апынуўся, каб захаваць жыццё «істоце» і дапамагчы яе выкрасці. У той час як сістэма кіруе Рычардам Стрыклэндам, але не праз прынцыпы і вернасць, а праз карыслівасць. У выніку да абедзвюх сістэм можа скласціся дваякае стаўленне, але над імі абедзвюма заўсёды будуць Элайза і амфібія.

Дарэчы, нягледзячы на сур'ёзнасць перакрыжаваных тэм — тут халодная вайна, гомасексуалізм, расізм, чалавек як частка сістэмы, нават супрацоўнікі, што застаюцца непатрэбныя праз развіццё тэхналогій і адпаведна змяненне фарматаў прадукцыі, — у Гільерма дэль Тора хапіла далікатнасці, лёгкасці і пачуцця гумару, каб паказаць гэта без асабістых ацэнак, дыскусійнасці і праблемнага флёру.

«Форма вады» — гэта ўсё роўна гісторыя кахання, прычым кахання безумоўнага, бо што можа быць агульнага паміж прыбіральшчыцай і чалавекам-амфібіяй. Але фон для гэтага кахання створаны скрупулёзна, рэалістычна і, што важна, свабодна ад страху выказацца некарэктна.

Дзеля Элайзы і «істоты», дзеля дзіўнай паміж імі цеплыні ў неверагодна прыгожых сцэнах і дзеля іх хэпі-энду варта пайсці ў кінатэатр, бо натуральна — такое кіно лепш глядзець на вялікім экране. Ацаніць новы фільм вялікага творцы кінасветаў Гільерма дэль Тора ў мінскім пракаце можна да 14 лютага.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Загаловак у газеце: Казка пра непрыгажуню і Бога

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».