Вы тут

1990 дзяцей прайшлі праз лагер «Красны Бераг» і не вярнуліся дамоў


Прыйдзе вясна, заквітнее сад, але дзеці, якіх забрала вайна, ніколі гэтага не ўбачаць...

У суботу мы будзем успамінаць ахвяр халакосту. Але гэты дзень аб'яднаў у сабе памяць не толькі аб яўрэях, знішчаных гітлераўцамі падчас Другой сусветнай вайны. 27 студзеня 1945 года былі вызвалены вязні аднаго з найстрашнейшых лагераў смерці Асвенціма. Лагера, дзе разам з дарослымі ўтрымліваліся і дзеці. Ніхто не ведае, колькі хлопчыкаў і дзяўчынак забрала тая вайна. Толькі па прыкладных падліках размова ідзе пра мільёны.


Нічога не можа быць больш жудасным, чым дзіцячыя фабрыкі смерці. Калі будзеце ў Гомелі, не палянуйцеся праехаць некалькі дзясяткаў кіламетраў у бок аграгарадка Красны Бераг. Акрамя сядзібы ХІХ стагоддзя, там знаходзіцца адзіны ў краіне мемарыял, прысвечаны дзецям, якія загінулі падчас вайны. Месца, дзе фізічна адчуваецца ўвесь той усёпаглынальны боль. Гэта цяжка, але там абавязкова трэба пабываць. Каб скурай адчуць, што такое вайна і нацызм.

Зімой тут асабліва тужліва. Вялікая тэрыторыя з сімвалічнай Плошчай сонца, белымі партамі і адзінокай хударлявай дзяўчынкай, якая звяла над галавой тонкія, заламаныя ад адчаю рукі, быццам спрабуе абараніцца ад той нябачнай крыважэрнай пачвары, што навісла над ёй. Пад снегам не бачна, што пад яе нагамі чырвоныя каменьчыкі, якія сімвалізуюць кроў, — нелюдзі бралі яе ў дзяцей для салдат вермахта. Гэтай крыві так многа, што дзяўчынка ўстала на кончыкі пальцаў, каб не ступіць у яе. У дзіцячай постаці столькі болю і адчаю, што мароз прабягае па скуры ад немагчымасці нешта змяніць. Гэта дзяўчынка — сімвал усіх тых дзяцей, што трапілі ў жорны вайны. Скульптура называецца «Апаленае дзяцінства».

Мемарыял дзейнічае толькі з 2007 года, хоць думкі стварыць такі былі і раней. Кажуць, яшчэ Пётр Машэраў уздымаў гэта пытанне, але прайшло шмат часу, пакуль задумка ажыццявілася. Яе ўвасобіў у жыццё Леанід Левін, заслужаны архітэктар Беларусі, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій, аўтар і суаўтар такіх вядомых мемарыялаў, як «Хатынь», «Яма» ў Мінску, «Салдацкае поле» ў Сталінградзе і шматлікіх іншых. Яму, дзіцяці вайны, не трэба было ўваходзіць у вобраз, імітаваць пачуцці. Ён іх перажыў сам і запомніў на ўсё астатняе жыццё. У Красным Беразе ён стварыў мемарыял, дзе няма гвалту, няма гармат, танкаў, самалётаў, але ёсць школьныя парты, дзіцячыя малюнкі, прыгожы караблік... І гэта кранае да слёз. Увесь комплекс — адначасова праклён вайне і гімн міру.

Марыя Ткачова, старшы навуковы супрацоўнік, загадчыца філіяла «Красны Бераг» Жлобінскага краязнаўчага музея, трагічную гісторыю не расказвае — перажывае. І ўбачанае ад гэтага ўспрымаецца яшчэ больш востра.

— 260 канцлагераў і іх аддзяленняў было ў Беларусі, Красны Бераг у тым ліку, — кажа яна. — На тэрыторыю былой вучэбнай гаспадаркі, якая знаходзілася ў сядзібе ХІХ стагоддзя — за кіламетр ад мемарыяла, прывозілі падлеткаў са Жлобінскага і суседніх раёнаў. Тут быў створаны зборны пункт для дзяцей славянскіх нацыянальнасцяў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Нямецкія ўрачы лічылі, што менавіта іх кроў лепш прыжываецца ў арганізме параненых салдат вермахта. Дзяцей мылі ў рацэ або лазні, праводзілі медыцынскі агляд, пасля вешалі на кожнага фанерную таблічку з прозвішчам, імем, групай крыві і рэзус-фактарам. Потым хлопчыкаў і дзяўчынак накіроўвалі або ў Скобраўку Пухавіцкага раёна, дзе быў вялікі дзіцячы канцлагер, або ў Германію.

1990 дзяцей прайшлі праз лагер «Красны Бераг» і больш не вярнуліся дамоў. Цікавая акалічнасць. Сярод тых, хто трапіў у гэтую страшную машыну смерці, было толькі 15 ураджэнцаў Краснабярэжскага сельсавета. Іх магло быць нашмат болей, калі б не падпольная дзейнасць Віктара Васільчыка — бургамістра Краснага Берага падчас вайны. «Ён трымаў цесную сувязь з падпольшчыкамі, партызанамі, па абавязку сваёй службы ведаў, калі будзе аблава, абыходзіў дамы і папярэджваў бацькоў. Усіх, на жаль, зберагчы не змог», — расказвае экскурсавод малавядомыя факты з жыцця патрыёта.

Найлепшая пара чалавечага жыцця — дзяцінства. У ім шмат сонца, кветак, цяпла. Сонейка мемарыяла — самае сумнае на свеце. Бо сярод яго прамянёў ёсць шэра-чорны, ён цягнецца на захад, быццам падказвае той напрамак, адкуль прыйшла бяда. На ім размясціліся 21 парта бялюткага, як снег, колеру — сімвала чысціні і бязвіннасці. Да вайны наогул класы былі вельмі вялікія — па 40 і болей вучняў. Але гэты клас — мёртвы, пад партамі патокі дзіцячай крыві...

Дарэчы, ліст ад адной такой маленькай рабыні — 15-гадовай Каці Сусанінай можна ўбачыць на дошцы мемарыяльнага класа. Ён напісаны белымі літарамі, быццам бы крэйдай на цёмнай паверхні. «Дарагі добры татачка! Пішу я табе ліст з нямецкай катаргі. Калі ты, татачка, будзеш чытаць гэты ліст, мяне ў жывых не будзе. І мая просьба да цябе, бацька, пакарай нямецкіх крывапіўцаў. Гэта завяшчанне тваёй паміраючай дачкі...»

Адкуль гэты ліст?

— Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў горадзе Лёзне Віцебскай вобласці пайшоў на злом адзін з дамоў, — расказвае Марыя Ткачова. — Калі яго разбіралі, за цаглінай пячнога коміна знайшлі старонку са сшытка. Гэта быў ліст 15-гадовай дзяўчынкі Каці, якая пісала яго на фронт бацьку ў дзень свайго нараджэння... Калі ствараўся мемарыял, Леанід Левін паказаў гэты ліст сябру — Васілю Быкаву. Пісьменнік пачытаў яго і сказаў, што ніводны чалавек не возьмецца паправіць у ім ніводнай літары. Што датычыцца бацькі Каці, то той так і не пачытаў гэта пасланне. Ён загінуў летам 1944-га пры вызваленні Беларусі...

Смерць — страшнае гора, але жыццё ўсё роўна мацнейшае. Жыццесцвярджальныя вітражы з малюнкамі дзяцей, якія перажылі вайну, — сведчанне гэтаму. Вядомы мастак Сяргей Пятровіч Каткоў захаваў іх для гісторыі. Калі ствараўся мемарыял, Леанід Левін сустрэў дачку Сяргея Каткова — Святлану. Менавіта яна перадала малюнкі пасляваенных дзяцей, якія знайшла пасля смерці бацькі ў яго архіве. І тады ўзнікла ідэя іх павялічыць і ў якасці вітражоў паставіць на Плошчы сонца.

— На вітражах — цырк, прынцэса, горад будучага, Афрыка — вайны тут наогул няма, — кажа Марыя Ткачова. — Мы, супрацоўнікі мемарыяла, з лёгкай рукі Леаніда Левіна называем іх вокнамі шчаслівага дзяцінства. А перад імі — караблік надзеі. Ну хто з нас па вясне не адпраўляў караблік у плаванне са сваімі марамі і надзеямі? У загінулых падчас вайны дзяцей такой магчымасці не будзе. Таму на ветразях карабліка 171 імя дзяцей славянскай, цыганскай і яўрэйскай нацыянальнасцяў — менавіта іх болей за ўсё загінула падчас вайны. Імёны напісаны так, як звычайна дзіця кліча маці — Насця, Міця, Рома. Ужо стала традыцыяй, калі маладыя на ветразях карабліка выбіраюць імя для свайго будучага дзіцяці...

Р.S. Летась, 22 чэрвеня, на тэрыторыі мемарыяла ў Красным Беразе была ўзятая зямля для крыпты храма ў гонар Усіх Святых у Мінску. Пры гэтым за душы загінулых дзяцей маліліся прадстаўнікі ўсіх канфесій нашай краіны...

Нэлі ЗІГУЛЯ

Гомельская вобласць

Загаловак у газеце: Каб ніколі не згасла сонца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».