Вы тут

Слёзы чарапахі


Летась мая знаёмая набыла для сваёй пяцігадовай дачкі дзвюх чарапашак. Жанчына, якая прадавала іх ля метро, сказала, што гэта нейкі там дэкаратыўны від, непатрабавальны, практычна не расце і нічога, акрамя маленькага акварыума і аднаго чарвяка ў дзень, ім не трэба. «Насця была ў такім захапленні ад малютак, што мы ўзялі іх не доўга думаючы. У той жа вечар я зразумела, што мяне проста нахабна падманулі... Жахліва, што людзі вось так адкрыта хлусяць, каб толькі пабольш прадаць. Я думаю, што большая частка чарапашак у выніку будзе загубленая праз няправільныя ўмовы догляду. Яшчэ частку гаспадары выкінуць у суседнюю сажалку, калі зразумеюць, што малыя растуць вельмі хутка і ім патрэбны ёмісты акварыум. А таксама фільтр, абагравальнік, лямпы (звычайная і ўльтрафіялетавая) і шмат ежы... Гэта час і грошы. ...Увогуле, прадаюць жывое, як бульбу. Брыдка».


Тое ж самае і з гумавымі цацкамі, якія бясплатна раздаюць у некаторых крамах. Асноўная іх мэта — завабіць як мага больш пакупнікоў. Маркетолагі зрабілі хітры ход: пачалі маніпуляваць дарослымі праз дзяцей. Не па чутках ведаю, што сур'ёзныя мамы ў сацыяльных сетках ствараюць суполкі і абменьваюцца цацкамі-паўтарашкамі.

Некалькі месяцаў таму бачыла ў гіпермаркеце, як дзяўчынка білася ў істэрыцы. Я спачатку падумала, што здарылася нешта страшнае, але малеча аж заходзілася ад слёз з-за... цацкі. Дакладней, з-за яе адсутнасці. Аказалася, у краме скончыліся гумавыя пачваркі...

Той дзень, калі мне ўпершыню разам з рэштай далі маленькую цацку, я буду памятаць доўга. Прыйшоўшы дадому, не прыдумала нічога лепшага, як даць яе свайму коціку. У той жа вечар зусім выпадкова прачытала, што такія цацкі «збіраюць»... ветэрынары. Аказваецца, некалькі катоў ужо праглынулі тую гумавую «радасць». У выніку трапілі пад нож. Бо дастаць пачварку, якая выклікае закупорку кішэчніка, можна толькі шляхам аперацыі. Памятаю, як я панічна бегала па кватэры і шукала тую чырвоную цацку. На шчасце, мой Цудзік яшчэ не паспеў яе з'есці.

Выпускаючы гумавых пачварак, ніхто не думае, што яны прывіваюць малым не самы добры густ. Маўчу ўжо пра шкоду для планеты. Гума, як і пластык, раскладаецца больш як 100 гадоў! Прыйдзе час, і дзецям надакучаць гэтыя цацкі. І што тады? Прывітанне, звалка з некалькіх дзясяткаў мільёнаў гумавых пачварак?

Нядаўна ў «Фэйсбуку» на старонцы Вольгі Астаповіч, прыхільніцы экалагічнага ладу жыцця, з'явіўся пост пад назвай «Чаму я больш не буду набываць сваё любімае малако». Аказалася, дзяўчына ўбачыла, што цяпер у камплекце з ім ідзе пластыкавая трубачка. «Так, я разумею, што такое рашэнне можа быць зручнейшае для якой-небудзь з мам, якая спрабуе напаіць сваё дзіця падчас прагулкі або прыцягнуць увагу да прадукту, «які скача» яму ў рот цераз празрысты тунэль. Але, думаю, прасунутыя бацькі і ўсе-ўсе-ўсе разумеюць, што гэта зручнасць — толькі навязаны маркетынгавы ход. Насамрэч, выкарыстанне трубачак сёння можна апраўдаць толькі ў выпадку людзей з медыцынскімі патрэбамі». І прывяла некалькі аргументаў. Па-першае, кожная новая штучка на ўпакоўцы робіць прадукт даражэйшым. І нават калі кошт не памяняўся, то памянялася нешта іншае — якасць або колькасць. Па-другое, з-за трубачак вакол вуснаў з'яўляюцца маршчынкі. Па-трэцяе, трубачкі становяцца прычынай забруджвання зямлі і вады: яны не могуць быць перапрацаваныя і паступова ператвараюцца ў мікрапластык. І, нарэшце, памеры гэтага смецця настолькі малыя, што яно трапляе ўнутр марскіх жывёл. Паглядзіце на «Ютубе» відэа пра чарапаху, з наздры якой дастаюць кактэйльную трубачку... Не можа не ўзрушыць.

Калі шчыра, я не змагла цалкам паглядзець той ролік. Адной слязінкі марской чарапахі хапіла, каб мне таксама не захацелася набываць тое малако.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.