Вы тут

Пейзажы Сямёна Дамарада супраць халодных дзён


У памяці кожнага з нас ёсць любімыя пейзажы, якія звязваюць з дарагімі момантамі жыцця. Мы не ўспамінаем іх штодзень, але яны могуць выпадкова ўсплываць у памяці. А ёсць творы, якія падштурхоўваюць да ўспамінаў. Як выстаўка «Паэтыка пейзажу Сямёна Дамарада», што працуе ў пераходнай галерэі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.


«Вясной», 2017 г

У экспазіцыю ўвайшло парадку трыццаці мастацкіх твораў, у якіх аўтар апявае родную краіну. Работы Сямёна Дамарада кранаюць глыбінёй, фатаграфічным эфектам. Нягледзячы на маразы за акном, аўтар запрашае нас у вясну. Яго мяккая лірычная нота дакладна перадае стан беларускай прыроды. Работы напісаны па-майстэрску, з вялікай душэўнай цеплынёй.

— Прыемна, што ў юбілейны год атрымалася выставіцца ў Мастацкім музеі, — адзначае Сямён Дамарад. — Для мяне пейзаж вельмі важны і блізкі жанр, таму хочацца, каб глядач убачыў, што гэта сапраўдная прадуманая работа. Я люблю тонкі, паэтычны жывапіс. Захапляюся не толькі вялікімі прасторамі прыроды, але і камернымі краявідамі. Часам проста іду па пяску, і гэтыя адчуванні западаюць у душу. Магу паглядзець у лужыну і ўбачыць у ёй адлюстраванне дрэва, і гэты момант мяне будзе хваляваць. Калі ўбачу нейкі прыцягальны пейзаж, адразу ж фіксую яго на паперы, а потым замалёўка будзе рэалізаваная на палатне.

 Майстар працаваў у розных жанрах: манументальны жывапіс, партрэт, нацюрморт. Апошнія гады аддае перавагу жывапісу, але ў яго творах адчуваецца ўплыў акварэльнай тэхнікі. Пейзажы выкананы ў рэалістычнай манеры, але пры гэтым дзіўна рамантычныя і паэтычныя па настроі. Колеры мяккія, без рэзкіх кантрастаў, але вельмі насычаныя эмацыянальна, поўныя святла і паветра.

Мастацтвазнаўцы называюць творцу мастаком настрою: Сямён Дамарад часта занатоўвае на палотнах пераходны настрой прыроды. Так, у адной рабоце можна заўважыць, як знікае зіма і прыходзіць вясна, альбо ў адным творы спалучаюцца сонейка і дождж. Лета на палотнах мастака практычна не сустрэнеш. Аўтар называе гэты перыяд часам ідэй і накідаў. Пачынае пісаць творы з натуры і толькі зімой дарабляе іх у цёплай майстэрні.

— Я любіў пейзаж з дзяцінства. Пісаў шмат акварэлі, шмат эцюдаў рабіў з натуры, — дзеліцца мастак. — Да сённяшняга дня шмат часу праводжу на прыродзе. Ад яе чэрпаю натхненне. Памятаю, як у дзяцінстве я спаў на траве ля ракі пад плашчом з бацькам. Часта з дзедам і бацькам мы шукалі новыя цікавыя месцы. Заўсёды мяне здзіўляла наша прырода. Я мог ісці, убачыць кветкавы луг і доўга ім любавацца. Уражвалі захады сонца, маленькі кавалачак вады з чаротамі. Уражванні назапашваліся і адлюстраваліся ў творчасці. Вядома, уменне перадаць прыгажосць вельмі важнае для мастака. Галоўнае — не сапсаваць краявід.

Творца жыве ў горадзе, але ж не можа адказаць сабе ў задавальненні пакасіць луг, з’ездзіць на рыбалку, пасядзець ля берага ціхага возера і падарыць жонцы палявыя кветкі. Усё гэта фарміруе запас для рэалізацыі творчых задум.

— Акрамя пейзажа, люблю манументальны жывапіс. У мяне ёсць шмат вітражоў, мазаік, роспісаў. Бывала так, што нават жывапіс адыходзіў на другі план, — адзначае Сямён Дамарад. — Але калі ў поле майго зроку трапляе цікавы пейзаж, адразу хочацца ўзяць у руку пэндзаль. Мае пейзажы далікатныя і цёплыя, таму што маімі кумірамі былі такія мастакі, як Ісаак Левітан, Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Бывае, што адразу падабаецца некалькі пейзажаў, і я пачынаю іх складваць як пазлы, ствараю адзін сюжэт, які можа мяняцца ў працэсе. Галоўнае — захаваць пачуццё трапятання ў гэты момант.

Сямён Дамарад — адзін з самых знакамітых беларускіх пейзажыстаў. Мастак сам, бывае, здзіўляецца, як у такім, здавалася б, традыцыйным жанры змог заняць сваё месца. Але ўпэўнены, што многаму навучыўся ад бацькі — знакамітага беларускага графіка Уладзіміра Дамарада.

Работы Сямёна Уладзіміравіча знайшлі свайго гледача не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Яго персанальныя выстаўкі праходзілі ў Германіі, Аўстрыі. У 2017 годзе работы мастака выстаўляліся ў Палацы Незалежнасці ў Мінску і ў Расійскім доме навукі і культуры ў Берліне. Майстар шмат працуе, імкнецца знаходзіць адметныя мясціны, каб паказаць гледачам, якая вялікая і цікавая наша краіна.

Вікторыя АСКЕРА

Загаловак у газеце: З пераходным настроем

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?