Вы тут

Восень цывілізацыі?..


«Здзіўленне — першы крок да разумення. Гэта — сфера інтэлектуала, яго спорт, яго ўцеха. Яму належыць здольнасць глядзець на свет шырока расплюшчанымі вачыма. Усё ў свеце незвычайна і дзівосна для шырока расплюшчаных вачэй...»

«Паўстанне мас» Артэга-і-Гасета


І

Увесь час я спазняўся ў жыцці. Чаму? Таму што быў няўважлівы, неадукаваны, нявыхаваны. Маю ўвагу адводзілі ад сапраўднага жыцця мноства вялікіх і маленькіх, дробных і другасных рэчаў, з’яў, хобі. Я не меў уласных ведаў, тутэйшых тлумачэнняў, тэорый, версій, варыянтаў, сэнсу існавання. Таму напачатку хацеў асэнсаваць мэтазгоднасць сваіх жыццёвых крокаў.

Тыя ж, хто крочылі па жыцці без мэты, разумення сэнсу тых ці іншых крокаў, часта заходзілі ў жыццёвыя тупікі, асабліва калі ішлі шырокай дарогай задавальнення, спакусы і матэрыяльнай радасці. Чаму? Таму што грамадства прапаноўвала і рэкламавала жыццёвыя стандарты, дзе матэрыялізм і гераізм, часта бяздумны, былі адной з найвышэйшых катэгорый жыцця.

Такім чынам, я марудзіў таму, што шукаў адказы і задаваў пытанні, рабіў тое, што павінна было рабіць грамадства, выконваў іхнюю працу і таму, канечне, спазняўся ў хадзе па жыцці.

У свой час я сфарміраваў светапогляд, у якім існавала «Боская Прастора» — гэта вёска, прырода, поры года, рака, сенажаць, лес, зорнае неба, дзяўчына... я адчуваў у гэтай прасторы нейкую таямнічасць, мудрасць, веліч, веды, сэнс, прыгажосць... і яшчэ шмат чаго невядомага і значнага...

Акрамя таго, я вызначыў яшчэ і свет «Гарадской Цывілізацыі», якая ўладарыла на зямной кулі і ў большасці ўжо страціла сувязь з «Боскай Прасторай» і таму часта паводзіла ў гэтай прасторы і ў жыцці як дзікуны. «Дзікуны», «дзікія людзі» іншы раз сядзелі ў важных кабінетах, у кабінах легкавікоў, яны былі паўсюль: сярод простых людзей і сярод адукаваных, усе яны вызначаліся нейкай бясконцай прагай да матэрыяльных даброт, «Боская Прастора» была для іх усяго толькі кузняй, майстэрняй.

Гэтая канцэпцыя была для ўласнага карыстання, і таму, калі я прачытаў невялічкі артыкул М. І. Крукоўскага ў зборніку «Праблемы гуманітарнай бяспекі Беларусі», быў вельмі ўражаны, здзіўлены і моцна ўзрадаваны. Ягоны артыкул «Інфармацыя і яе месца ў сістэме гуманітарнай культуры», хоць у зборніку было шмат іншых цікавых тэкстаў, адказаў на некалькі фундаментальных светапоглядных пытанняў, заклаў філасофскі падмурак пад мае ранейшыя аматарскія гледзішчы.

Зачараваны, я чытаў матэматычна акрэсленыя, ясныя і трапныя думкі нашага еўрапейскага філосафа. «…для панаваўшага тады ў савецкай навукі “дыямата” самым цяжкім былі тры пытанні: у чым заключаецца прырода кібернетыкі? Як растлумачыць паходжанне жыцця? Што такое інфармацыя? Між тым больш чым 50 год назад Клод Шэнан адзначыў, што паняцце “інфармацыя” ў гэткай жа ступені значнае для фізікі, як і фундаментальныя катэгорыі “масы і энергіі”».

«Інфармацыя» — носьбіт «значэння» і «сэнсу».

...«У плане філасофіі “інфармацыя”, адразу ж як пэўны сэнс і пэўнае значэнне, уступае ў субардынацыйныя адносіны з катэгорыяй “ідэальнага” на больш канкрэтных яе ўзроўнях. Такім чынам, “інфармацыя” як лагічная прадстаўніца “ідэальнага” фактычна аказваецца тоеснай паняццю “структура”. Як тое бліскуча даказана эстонскім філосафам Рэбанэ. Такім чынам, інфармацыя знаходзіцца ў структуры прасторы».

«Пры такім вось філасофскім рэалізме, які за катэгорыю быцця-рэчаіснасці бярэ толькі адзінства ідэальнага і матэрыяльнага ў іх дыялектычна супярэчлівым рухомым адзінстве...»

 Геніяльна! Як ідэаліст ад прыроды і выхавання, я адразу атрымаў трапны матэматычны адказ на мае шматлікія жыццёвыя пытанні.

У далейшых працах Мікалая Ігнатавіча я прачытаў таксама вельмі важкія і фундаментальныя звесткі пра «ідэальнае». «“Прыгажосць” — гэта эталон “дасканаласці” і гармоніі. “Дасканалае” заўсёды рана ці позна перамагае і выжывае. “Узнёслае”, калі знаходзіцца ў гармоніі з матэрыяльным, гэта фаза росту і дабрабыту. Калі “ўзнёслае” пераўзыходзіць “матэрыяльнае”, то гэта прыводзіць да трагічнага, а калі “матэрыяльнае” валадарыць над “узнёслым”, то гэтакі стан вядзе да заняпаду і гібелі».

Хацелася закрычаць «Эўрыка», схапіць уласны АК і, выскачыўшы на вуліцу, агучыць свой стан узрушанасці аўтаматнай чаргой у начное неба сталіцы.

Як зачараваны, я чытаў думкі і меркаванні філосафа. «Кожная рэч як прадмет матэрыяльнай культуры, будучы вынiкам свядомай чалавечай дзейнасцi, нясе ў сабе разам з матэрыяльным рэчывам i пэўную iдэю, згустак iнфармацыi. Таксама i кожная iдэя як элемент культуры духоўнай рэалiзуецца з дапамогаю мовы, якую яшчэ Маркс лiчыў матэрыялiзаванай формай iснавання свядомасцi. Больш за тое, згодна з выразам французскага культуролага Фуко, словы i рэчы ўвогуле з’яўляюцца носьбiтамi духоўнай i матэрыяльнай культуры. Паколькi ж мова можа быць толькi нацыянальнай...»

Казаць пра філосафа Крукоўскага складана, таму што ён сам гаворыць у сваіх кніжках, артыкулах і манаграфіях значна больш пераканаўча і сістэмна.

«У глабальным, агульначалавечым маштабе наступае, гаворачы словамi Шпенглера, восень. Але, як даказвае славуты заходнi фiлосаф К. Ясперс, працэс станаўлення чалавецтва як носьбiта сённяшняй агульначалавечай цывiлiзацыi распачынаўся ў так званы асявы час менавiта з узнiкнення магутных сусветных рэлiгiй, якiя i зрабiлi чалавека чалавекам. А паколькi сусвет развiваецца цыклiчна i "вяртаецца вецер на кругi свае" (Эклезiяст, 1-6), то ёсць у гэтым, як тое нi парадаксальна, аптымiстычная надзея на чарговае адраджэнне чалавецтва. I тым большая надзея на наша нацыянальнае адраджэнне i беларускую iдэю, надзея з апорай на веру ў Бога як абсалютны духоўны арыенцiр і надзея ў сваю суверэнную, незалежную дзяржаву i ў няменшай ступені ў самiх сябе».

ІІ. Пяцітомны збор твораў М. І. Крукоўскага выйшаў дзякуючы прыхільнікам і фундатарам творчасці філосафа — яго дачцэ Вользе, пісьменніку і каардынатару праекта Васілю Якавенку, члену-карэспандэнту Акадэміі Навук Беларусі Л. Ф. Еўменаву, доктару філасофскіх навук А. С. Лапцёнку, пісьменніку і доктару паліталогіі А. В. Астапенку, прафесару А. В. Рагулі. Выданне ажыццявілася пры падтрымцы навукоўцаў з Расіі: доктара філасофскіх навук В. Г. Пушкіна з СанктПецярбурга і ніжагародцаў дактароў філасофскіх навук Н. Н. Александрава, Л. А. Зелянова, Т. В. Зыр’янава. У пяці тамах надрукаваны «Логіка прыгажосці», «Кібернетыка і законы прыгажосці», «Чалавек прыгожы» і «Філасофія культуры», «Бляск і трагедыя ідэалу», артыкулы і інтэрв’ю. Абапіраючыся на філасофскія працы перш за ўсё Г. В. Ф. Гегеля, Крукоўскі аб’яднаў іх з сучаснай тэорыяй сістэм генетыкі, кібернетыкі і семіётыкі. Створаная ім канцэпцыя не мае аналагаў у свеце і вельмі актуальная ў сучаснасці ў першую чаргу ў геапалітыцы, сферы міжнародных і міждзяржаўных адносін.

Па маім уласным меркаванні, цяперашні палітычны кірунак міжнароднай дзейнасці кіраўніцтва Беларусі надзіва адпавядае філасофскім канцэпцыям М. І. Крукоўскага. Вывучэнне і выкарыстанне філасофскай спадчыны Крукоўскага шырокім колам нашага грамадства, у першую чаргу моладзі, дазволіць нашай краіне і грамадству выйсці на перадавыя пазіцыі ў еўрапейскай гуманітарнай і культурнай сферы, пазбавіцца ад чорнабелага ўспрымання рэчаіснасці, зразумець дыялектыку ідэальнага і матэрыяльнага, адчуць і зразумець, што мы, жыхары зямной кулі, — адна вялікая сям’я, павінны берагчы і шанаваць свой агульны дом — планету Зямля.

Кастусь ТРАВЕНЬ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».