Вы тут

Гарэцкія: абсягі ведаў


Напрыканцы 2017 года ў выдавецтве РІВШ пабачыў свет зборнік «Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць». У выданні змешчаны даклады ўдзельнікаў XXV Гарэцкіх чытанняў — навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай жыццю і творчасці выдатных дзеячаў айчыннага нацыянальнага руху ХХ стагоддзя, знакамітых братоў-адраджэнцаў.


Для сучаснага літаратурнага працэсу і айчыннай навукі постаці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх знакавыя. Не згасае цікавасць навукоўцаў да іх дзейнасці: штогод пашыраецца тэматычнае кола даследаванняў у галіне гарэцказнаўства.

У межах канферэнцыі руплівы даследчык спадчыны сям’і Гарэцкіх Міхась Мушынскі абгрунтаваў неабходнасць стварэння серыі «Гісторыя дынастый славутых беларускіх дзеячаў культуры і навукі» і выдання ў ёй гісторыі сям’і Гарэцкіх. Акрамя Гаўрылы і Максіма, значны след у айчыннай навуцы і культуры пакінулі і іншыя прадстаўнікі роду: Радзім Гаўрылавіч, Ефрасіння Міхайлаўна, Леаніла Усцінаўна, Галіна Максімаўна, Леанід Максімавіч, Усяслаў Гаўрылавіч.

Вывучэнне творчасці Максіма Гарэцкага ўключана школьную праграму. Кацярына Ермаковіч, Ірына Гоўдзіч і Марына Рак прапанавалі свае распрацоўкі правядзення ўрокаў у дапамогу настаўнікам: літаратурныя гульні, схемы, сінхраністычныя табліцы, табліцыпланы, тэмы для абмеркаванняў. Даследчыкі прапанавалі аспекты мастацкай прозы пісьменніка, асаблівасці спалучэння рыс розных плыняў, наратыўную стратэгію. Навукоўцаў цікавілі погляды тэарэтыка і аналітыка М. Гарэцкага, выкладзеныя ім у «Гісторыі беларускай літаратуры» — адным з першых і самых грунтоўных падручнікаў па айчынным літаратуразнаўстве. Містыфікацыяй, звязанай з імёнамі Максіма Гарэцкага і Ігната Канчэўскага, зацікавілася Вольга Губская. Яна Курэева звярнулася да этнаграфічнай спадчыны беларусаў у цыкле апавяданняў М. Гарэцкага «Сібірскія абразкі». Цікавы артыкул Ліліі Леські, у якім яна аналізуе эсхаталагічныя матывы ў творчасці М. Гарэцкага, праблему веры. Грунтоўна прааналізаваў выданні спадчыны М. Гарэцкага Генадзь Кажамякін.

Жыццё і дзейнасць Гарэцкіх паўплывала на станаўленне і творчасць іншых пісьменнікаў, натхняла іх сваім прыкладам трываласці, мужнасці, самаахвярнага служэння Бацькаўшчыне. Алесь Мойскі даследаваў агульныя сюжэты ў творах Максіма Гарэцкага і Максіма Танка, а Наталля Заяц — вершы Васіля Зуёнка, прысвечаныя Максіму, Гаўрыле і Радзіму Гарэцкім.

Вельмі важным падаецца тое, што некаторыя акцэнтавалі ўвагу не толькі на значэнні М. Гарэцкага для Беларусі, але і пачалі ўводзіць творы пісьменніка ў сусветны літаратурны працэс. Так, Таццяна Супранкова даследавала матывы фаўсціяны ў малой прозе М. Гарэцкага, паказала, што лучыць яго творы з паэмай знакамітага Ё. Гётэ.

Падчас навуковых чытанняў прагучалі прапановы: распачаць падрыхтоўку фундаментальнага выдання Збору твораў М. Гарэцкага; распрацаваць папулярныя турыстычныя маршруты па мясцінах, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка з наведваннем Літаратурнага музея на яго радзіме. Усё гэта набывае асаблівую значнасць для папулярызацыі імя Максіма Гарэцкага ў год святкавання яго125-га юбілею.

Таццяна БУДОВІЧ-БАРАДУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.