Вы тут

Волечка ды іншыя


Нядаўна ў мінскім выдавецтве «Колорград» убачыла свет кніга Таццяны Цвіркі «Слодыч мяты — горыч палыну», у якую ўвайшлі аповесць «Волечка» і дванаццаць апавяданняў.


Аўтар прадмовы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Саламаха даў высокую ацэнку творчасці пісьменніцы, адзначыў адметнасць жаночых вобразаў: «У іх характарах няма ваяўнічасці. Шчырыя, зямныя, з цёплай душэўнай прасветленасцю яны ўвасабляюць лепшыя рысы жанчыны каханай, жанчыны-маці, жанчыны, для якой чужая радасць такая ж жаданая, як і свая…».

У праўдзівасці гэтых слоў я пераканаўся, калі чытаў аповесць «Волечка». Жыццёвы лёс галоўнай гераіні склаўся няпроста: у малым узросце засталася сіратой (бацька пайшоў з сям’і, калі дзяўчынцы было тры з паловай года, а неўзабаве трагічна загінула маці). Волечку выхоўвалі бабуля Жэня і дзед Уладзік. З самага дзяцінства дзяўчынка вызначалася працавітасцю, паслухмянасцю, кемлівасцю. Калі ёй споўнілася дзесяць год, пачала пісаць вершы. «Шукала патрэбную рыфму, каб складна, каб як песню можна было заспяваць яе невялічкі вершык». Класны кіраўнік, настаўніца роднай мовы Вера Іванаўна, параіла Волечцы паслаць свае творы ў газету «Піянер Беларусі». Убачыць адзін са сваіх вершаў надрукаваным на старонках газеты было для дзяўчынкі найвялікшым шчасцем.

Асобна варта адзначыць мілагучнасць мовы Т. Цвіркі, вельмі ўражваюць створаныя ёю з тонкай назіральнасцю пейзажныя замалёўкі: «Зазелянела трава на лугах, усімі вясёлкавымі колерамі гарэлі цюльпаны ў кветніках вяскоўцаў, свяціў сваімі белымі і фіялетавымі свечкамі бэз, лыпалі жоўтымі вачанятамі дзьмухаўцы. Вясковая вуліца была сухая і ўтульная. Амаль ля кожнай хаты адцвіталі ўжо, сыпалі манеткамі-пялёсткамі вішні і грушы. Ганарова стаялі набрынялыя квеценню сады. Яшчэ пару дзянёчкаў… і дрэвы забуяюць сваёй незвычайнай ружаватай квеценню, будуць стаяць велічна-казачна і лавіць на сабе зачараваныя людскія погляды».

Аўтар ставіцца да сваёй гераіні з вялікім замілаваннем: вельмі трапна апісвае працавітасць Волечкі, са шчырай пранікнёнасцю паказвае нязведанае пачуццё кахання. Дзякуючы гэтым даверлівым ноткам аповесць Таццяны Цвіркі знойдзе дарогу да сэрцаў чытачоў і па-добраму ў іх адгукнецца.

Аляксандр ЖУКОЎСКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».