Вы тут

Навагоднія суніцы


Навагоднія суніцы

1

За чатыры гадзіны да Новага года пайшоў снег… І ў гэты самы час я нарэшце зачыніў за сабой цяжкія шкляныя дзверы офіса, падняў каўнер і смела зрабіў крок насустрач калючаму ветру. Я даўно нічога не баяўся, пра што сведчыла зайздросная для майго ўзросту кар’ера.

З калегамі, а дакладней — падначаленымі, святкаваць неяк не хацелася, ды і дадому, дзе лячыла свае вечныя зімовыя «кхе-кхе-кхе» жонка, спяшацца не было ахвоты. Таму я ішоў павольна, назіраў за людзьмі, якія беглі хто куды, і ні аб чым не думаў.

Вось стомленая жанчына з чырвоным тварам і непад’ёмнай на першы погляд сумкай, з якой выглядаў хвосцік хрумсткага багета, уладна адсунула мяне з дарогі. Вось высокі запыханы мужчына ў незашпіленай куртцы пранёсся міма, ледзь не зачапіўшы вершалінай жывой ёлкі, якую трымаў пад пахай. Вось шумная групка дзятвы ў шапках з пампонамі праехала побач па зледзянелым за мінулую ноч асфальце, ледзь не збіўшы з ног. Я адчуваў, як унутры мяне закіпала раздражненне. Яшчэ крышку — і пачну пыхкаць парай, як забыты чайнік.

У памяці ўсплыла кухня ў маёй кватэры, абсталяваная ўсім самым неабходным, і Маруся, з чыёй дурной звычкі кіпяціць ваду ў звычайным чайніку, калі ёсць электрычны, я заўсёды смяяўся. Яна любіла дадаваць у кубак нейкія свае прыбамбасы — карыцу, ванільны цукар, лісцікі мяты — і піла павольна, удыхаючы адной ёй чутны водар. І гэта таксама раздражняла.

Я ўявіў, што чакае мяне цяпер дома, і ледзь не павярнуў назад. Нельга. Эх… Жонка, напэўна, ды што там — дакладна, ужо накрыла стол, пераапранулася ў любімую вячэрнюю сукенку, якой столькі ж гадоў, колькі нашаму шлюбу, — пяць, накруціла валасы на папільёткі (і адкуль толькі такая назва? папільёткі для ідыёткі!), навяла макіяж. Вось толькі за ўсім гэтым не схаваеш ні заўсёды бледны твар, ні хворыя «шкляныя» вочы (сведчанне высокай тэмпературы). Мне, як добраму мужу, напэўна, трэба было б шкадаваць яе, але я не мог. Усё гэта раздражняла. Бо з пераменным поспехам Маруся хварэла ўсе пяць гадоў, што мы жылі разам.

Ля свайго пад’езда я спыніўся і доўга, так доўга, як толькі мог, шукаў у партфелі ключы з чыпам. Я мог пазваніць у дамафон, але хацелася як мага больш адцягнуць момант, калі зноў пачую стомлены, поўны «невыноснай сусветнай тугі» голас жонкі.

Ліфт, як ні дзіўна, сёння працаваў (як не трэба — проша, пані!), але я пайшоў на шосты паверх пешшу. На другім нехта з суседзяў кінуў мне радаснае «З надыходзячым!», але я не стаў адказваць і твар віншавальніка не запомніў.

Кожная прыступка каштавала мне год жыцця. Як пераадолець іх? Ногі, нібыта жалезам налітыя. Пяты паверх… Шосты… Шэрыя металічныя дзверы без нумара (не даходзяць рукі). Дакранаюся да ручкі і…

2

…чаму яна такая гарачая?!

Я здзіўлена глядзеў на апечаную далонь і не верыў сваім вачам. Што за лухта? Няўжо Маруська пажар учыніла? От, кулінарка бязрукая!

Выхапіў з кішэні пальчатку, адчыніў дзверы. У вітальні гарэла святло. Я скінуў паліто, з якога абрынулася на падлогу цэлая віхура снегу (прыбярэцца потым), і літаральна ўварваўся ў пакой. І ў той жа момант гарачым паветрам мяне ледзь не збіла з ног. Здавалася, я трапіў у пекла. Што?! Што гэта?!

Я аббег усю кватэру — гарэлым нідзе не пахла, вярнуўся назад, укленчыў ля ёлкі, што пералівалася ў куце рознакаляровымі агеньчыкамі. Нічога. На ўсялякі выпадак выключыў гірлянду. Якое вар’яцтва! Трэба сканцэнтравацца — і тады ўсё стане на свае месцы. Я сціснуў скроні, заплюшчыў вочы, выдыхнуў і ўстаў. Хопіць. Зараз гэта насланнё міне.

Я падняў позірк і ўпершыню за ўвесь час заўважыў на канапе жонку. Яна спала, скруціўшыся ў клубок пад пледам.

— Маруся! — я кінуўся да яе, схапіў за плечы, патрос. — Прачынайся! У кватэры немаведама што адбываецца, а ты дрыхнеш!

Жонка зрэагавала не адразу, а калі нарэшце расплюшчыла вочы, я спужаўся. У іх гарэў жывы агонь! Толькі тады я адчуў, якая гарачая яе скура, і адпусціў слабыя плечы. Павольна, бы лялька з тканіны, яна апусцілася на канапу.

— Маруся!

Жонка глядзела на мяне і не пазнавала. Вочы хваравіта блішчалі, чорныя валасы зліпліся ад поту, жоўтую піжаму смела можна было выціскаць.

— Што ж ты нарабіла?!

Яна павольна, як не сваю, падняла тонкую белую руку і сцерла кроплі поту з майго лба.

— Горача… Вам горача… Проста там, — яна паказала на нешта за маёй спінай, — вогнішча… Яно высокае, да самай столі. Яно падобна да кветкі… Чырвонай кветкі… Іх многа тут… Яны ўсе гараць… І ў мяне ўнутры… Гарыць…

— Ты трызніш. Тут нічога няма! — я ледзь не крычаў.

— Дурненькі, — яна ўсміхнулася сухімі, патрэсканымі вуснамі. — Агонь не кране вас… Ён мой…

Цяпер мне было горача яшчэ і ад страху. А калі ў дзверы пазванілі, маё сэрца прапусціла ўдар…

3

Я выбег у вітальню і ледзь не збіў з ног чалавека ў белым халаце. Яго твар падаўся мне чамусьці знаёмым. І позірк добрых сініх вачэй за круглымі шкельцамі акуляраў — таксама.

Доктар адным рухам адсунуў мяне ўбок і ўвайшоў у пакой. Гарачыні, якая спапяляла мяне, ён, здавалася, не адчуваў. Паставіў чамаданчык на падлогу, схіліўся над Марусяй, якая зноў спала цяжкім, ліхаманкавым сном.

Я цяжка апусціўся ў крэсла і не зводзіў вачэй з рук чалавека ў белым халаце. Калі ён, закончыўшы, павярнуўся да мяне, па маёй скуры прабег выратавальны мароз.

— Вы загубіце яе.

Я не паверыў сваім вушам.

— Што? Я?!

— Вы. Мой стаж у медыцыне — трыццаць гадоў, і я ніколі не бачыў ТАКОГА.

— Гэта прастуда, як заўсёды.

— Прастуда даўжынёй у пяць гадоў?!

Я скалануўся. Адкуль ён ведае?

— З яе быццам вырвалі нешта… Тады. Адабралі сілай. Вы павінны гэта ёй вярнуць.

— Што ГЭТА?!

— Я не ведаю. Вы ведаеце.

— Я?!

Доктар закрыў свой чамаданчык і ўжо ля дзвярэй азірнуўся:

— ВЫ ведаеце.

Я застаўся ў вітальні адзін.

Ногі падкошваліся, таму я абаперся аба шафу і сустрэў у люстэрку ўласны позірк. Халодны. Нежывы. Над левым сваім плячом я ўбачыў нашу з Марусяй сумесную фатаграфію, зробленую яшчэ да вяселля… у Сунічках. Мяне нібыта маланкай працяла ў той момант, калі ў памяці ўсплыла гэтая назва. Я ўсё зразумеў.

— Алёша…

Я ўздрыгнуў, пачуўшы слабы голас жонкі з пакоя, і кінуўся да яе ледзь не подбегам. Маруся працягнула мне руку, і я літаральна паваліўся ля канапы.

— Алёшанька. Мне сніліся суніцы. Бабуліны суніцы. Як некалі, — яна гаварыла абсалютна асэнсавана. — Ты прынясеш мне іх? Хоць бы крышку.

— Я… — у маім горле камяком стаялі слёзы. — Я прынясу.

Яна адкінулася на падушку з уздыхам палёгкі, і ў пакоі адразу ж стала лягчэй дыхаць. Ці мне здалося?

Я ўстаў, хістаючыся, і павольна выйшаў у вітальню, дзе ўсё яшчэ ляжала на падлозе маё паліто. Я адчуваў сябе героем казкі, якога пасылаюць зімой у лес па пралескі. Мне цяпер належала вярнуцца ў мінулае і прынесці адтуль суніцы…

4

Завіруха сустрэла мяне важкай аплявухай, ад якой з вачэй пырснулі слёзы. Я з цяжкасцю зачыніў дзверы ў пад’езд, выцер твар рукавом і ступіў у самую гушчыню снегу. Завея завівалася вакол мяне белай стужкай, блытала, падманвала, круціла на адным месцы, збівала з ног, шпурляючы ў сумёт, а потым паднімала, каб зноў шпурнуць, залеплівала вочы белым пяском і вытрасала душу.

Агні ў вокнах і навагодняя ілюмінацыя ляцелі вакол мяне з неверагоднай хуткасцю. І я не пазнаваў свой горад, і не разбіраў дарогі, і не ведаў, куды іду, дакладней — куды нясе мяне гэтая вар’яцкая сіла. Хацелася ўпасці і больш не ўставаць, але завея сама вырашала, што будзе са мной.

Калі ўсё скончылася, я зразумеў, што стаю на каленях у снезе. Стала чамусьці цямней. Я падняўся і… не паверыў сваім вачам. Я быў на лясной дарозе, знаёмай да болю. Той самай, на якой пяць гадоў таму зламалася мая машына. Не можа быць!

Я паазіраўся яшчэ колькі хвілін, а потым пабег, нібыта баяўся, што зноў вярнуся назад, туды, адкуль забрала мяне завея, і не паспею зрабіць тое, што павінен.

Перад Сінім домам я застыў на імгненне. Ён быў той жа! І ў вокнах гарэла святло! Сюды я прыйшоў тады, падобны да снегавіка, а на парозе мяне сустрэла Маруся.

Я наблізіўся да дзвярэй, не чуючы ўласных думак за грукатам устрывожанага сэрца, і не паспеў пастукаць. Рыпенне і…

— Алёша.

У яе голасе я пачуў і стому, і шкадаванне, і радасць.

Бабуля адступіла ўбок, каб я мог увайсці. У Сінім доме ўсё было, як раней. Той жа камін, дзе агонь гаспадарыць, як пажадае, ёлка, упрыгожаная яблыкамі, арэхамі і цукеркамі ў сярэбраных абгортках, гірлянда з пернікаў у выглядзе рукавічак, зорак і боцікаў…

Аліна Іванаўна асцярожна прыбрала з крэсла незакончанае (ТАДЫ!) Марусіна вязанне, села і жэстам паказала мне на месца побач. Дрыжачымі пальцамі я дакрануўся да ружовага пушыстага клубка, з якога тырчалі пруткі, і заплакаў.

— Ты помніш, як усё пачыналася?

Я кіўнуў, захлынаючыся слязьмі, якія не ведаў столькі гадоў.

— У навагоднюю ноч недалёка ад нашых Сунічак зламалася твая машына. Ты доўга блукаў па лесе, заблытаным завірухай, і, нарэшце, злосны, змучаны, прыйшоў у гэты дом, Сіні дом. Мы сустрэлі цябе, як жаданага госця, а ты сварыўся, некаму ўвесь час тэлефанаваў і праклінаў увесь свет. А як жа? У цябе ж «гарэў» праект!

Ад сораму мне стала горача.

— Маруся прыгатавала табе гарбату з карыцай і лісцікамі мяты. Вы пілі яе разам ля акна ў марозных узорах, на якім у скрынках раслі суніцы. Ты дзівіўся і гаварыў, што так не бывае, а ўнучка смяялася. Той ноччу ты спаў соладка, як у дзяцінстве, і бачыў сунічныя сны, а Маруся сказала мне, што ўсё жыццё толькі цябе і чакала. Раніцай ты вярнуўся ў свой горад, а яна ніколькі не засмуцілася, бо ведала: ты прыедзеш назад. І ты прыехаў, Алёша. Памятаеш? А потым… ты паклікаў яе з сабой.

— І яна паехала, — я схаваў твар у далонях.

— Бо кахала цябе.

— Я не разумеў, як гэта цяжка для яе. Я не мог застацца тут. У мяне «гарэлі» праекты, — я горка засмяяўся. — Сінім полымем!

— Цяпер позна мучыць сябе, — Аліна Іванаўна пагладзіла мяне па галаве, і слёзы хлынулі зноў.

— Я рэдка адпускаў яе ў госці да вас. А потым…

— Мяне не стала, — бабуля сумна ўсміхнулася.

— І я прадаў Сіні дом. Каб Маруся ніколі больш не змагла вярнуцца сюды. Я баяўся яе страціць!

— Толькі напачатку. Потым табе было ўжо ўсё адно.

Яна мела рацыю, і я маўчаў.

— Вы не забераце яе?

Аліна Іванаўна паціснула плячыма.

— Усё залежыць ад цябе.

Надзея варухнулася ў сэрцы пушыстым кацянём.

— Што я павінен рабіць?

Яна ўстала, узяла мяне за руку і падвяла да акна, дзе побач з марознымі лілеямі і пер’ем жар-птушкі раслі ў скрынках суніцы…

5

Хаваючы букецік суніц пад паліто, я бег праз лес, і сэрца маё палала. Дрэвы расступіліся нечакана — і перада мной заіскрыўся ўсімі колерамі вясёлкі навагодні горад.

Я ляцеў па лесвіцы, як вецер, і думаў аб адным: толькі б паспець! Адчыніў дзверы, зноў абпаліўшы руку і не заўважыўшы гэтага, і проста ў паліто ўкленчыў ля канапы, на якой спала неспакойным сном мая Маруся. Яна нібыта адчула, што я побач, і расплюшчыла вочы.

— Алёша, — слабая ўсмешка кранула яе вусны. — Чаму ты плачаш? І… чаму ты ў паліто?

Я не мог гаварыць, тлумачыць нешта, бо не было ў свеце адпаведных маім пачуццям слоў, асцярожна расшпіліў паліто і працягнуў ёй букецік суніц.

— Адкуль?!

Дрыжачымі пальцамі Маруся дакранулася да пяшчотных лісточкаў, сярод якіх палалі агнём ягады. І пахлі яны лесам.

— Сунічкі… — у яе вачах бліснулі слёзы, і я не вытрымаў. Асцярожна паклаў букецік на падушку ля яе галавы і кінуўся да тэлефона. Гэта было вар’яцтвам, але інакш — ніяк. Праз тры хвіліны прыехала таксі…

Я загарнуў Марусю ў плед, падняў, амаль не адчуўшы ніякай вагі, і вынес на вуліцу. Снег усё яшчэ сыпаў, але цяпер — лёгкімі шматкамі.

Таксіст не выказваў здзіўлення, і гэта было добра. Я назваў адрас, і ён спытаў:

— Вы разумееце, колькі гэта будзе каштаваць?

— Разумею.

Мы ехалі ў маўчанні, за якое я быў удзячны. Маруся спала ўжо больш спакойна, не выпускаючы з рук букецік суніц, а мне ніяк не ўдавалася спыніць бясконцую плынь уласных слёз.

Па радыё, што іграла ў машыне, перадалі дакладны час: 23.45. Я са шкадаваннем падумаў пра тое, што таксісту даводзіцца працаваць у свята, і хацеў ужо нешта яму сказаць, але не паспеў. Мы прыехалі. Стала страшна. Я ўявіў, як зараз пайду ў Сіні дом і мяне прагоняць, — гэта было б лагічным. І ўсё ж я спадзяваўся на цуд. Адзін адбыўся сёння. Чаму б не здарыцца і другому?

Настасся НАРЭЙКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».