Рана ці позна кожны з нас разумее, што неабходна мець нейкі запас фінансавых сродкаў. Як толькі чалавек збярэ прыкметную для сябе суму, ён думае пра тое, каб яе захаваць і па магчымасці прымножыць. Разбіраемся разам з фінансавым кансультантам TeleTrade (ТАА «ТелетрейдБел») Жаннай Кулаковай.
Выбіраем дэпазіт
Усім зразумелы, бо перадаецца з пакалення ў пакаленне спосаб захавання грошай - банкаўскі ўклад. Нашы бацькі хадзілі ў ашчадкасу, каб аформіць уклад. Зараз усё значна спрасцілася. Атрымліваючы заробак на картку, карыстаючыся інтэрнэт-банкінгам, можна адкрыць дэпазітны рахунак і кіраваць ім, не адыходзячы ад камп'ютара. Але перш, чым яго адкрыць, варта ўсвядоміць некалькі важных момантаў.
Першы: з лістапада 2015 года ўклады дзеляцца на дзве асноўныя групы: адзыўныя і безадзыўныя. Адзыўны дэпазіт ці яго частку можна атрымаць па першым патрабаванні ўкладчыка, а вось безадзыўны – толькі па заканчэнні тэрміну дэпазіту. Праўда, ёсць агаворка, што ўкладчык можа і гэтыя грошы атрымаць у сілу нейкіх цяжкіх жыццёвых абставінаў, якія ён зможа пацвердзіць дакументальна.
Другі момант: на працэнты ад укладаў на тэрмін меншы за год у нацыянальнай валюце і меншы за два гады ў замежнай з 1 красавіка 2016 года налічваецца падаходны падатак у памеры 13%. Але гэта не значыць, што ўкладчыку прыйдзецца дэклараваць даход па дэпазіце і пералічваць падатак – усе гэтыя клопаты бярэ на сябе банк.
Якая даходнасць па розных дэпазітах, прапануем паглядзець на прыкладзе прапаноў “Беларусбанка”:
Назва дэпазіту |
Сума |
% |
Даход |
Падатак |
Класік безадзыўны (звыш года) на 24 мес. |
200 BYN |
10,2% |
45,04 BYN |
- |
Класік паштовы адзыўны на 12 мес. |
200 BYN |
5,5% |
11,00 BYN |
- |
Класік безадзыўны (звыш года) на 36 мес. |
100 € |
2,3% |
7,17€ |
- |
Класік адзыўны (звыш года) на 18 мес. |
100 € |
1,6% |
2,07€ |
0,31€ |
Інтэрнэт-дэпазіт Трэнд адзыўны на 9 мес. |
200 BYN |
6% |
7,96 BYN |
1,19 BYN |
“Любая валюта схільная да інфляцыі, у тым ліку і замежная, таму для таго, каб зберажэнні не абясцэніліся, іх неабходна інвеставаць. Дэпазіт – самы просты і пры гэтым вельмі эфектыўны варыянт захаваць грошы. Нягледзячы на значнае зніжэнне ставак па ўкладах у 2017 годзе, даходнасць па іх па-ранейшаму перавышае ўзровень інфляцыі і абараняе грошы ад абясцэньвання, – кажа Жана Кулакова. – Пры гэтым банкаўскія дэпазіты адрозніваюцца нізкім узроўнем рызыкі, паколькі вяртанне сродкаў гарантавана дзяржавай. Аднак разлічваць на атрыманне значнага дадатковага даходу тут не выпадае, дэпазіт варта разглядаць у першую чаргу як інструмент захавання сродкаў, а не іх прымнажэння”.
Захоўваць грошы ў валюце або рублях залежыць ад таго, якія на іх планы. Калі грошы назапашваюцца для дарагой пакупкі на тэрыторыі нашай краіны, то дэпазіт можна аформіць у рублях. А калі для ўкладчыка важна захаваць грошы менавіта ў валюце, то трэба выбіраць адпаведны дэпазіт. “Пры гэтым уклад у еўра можа апынуцца больш выгадным, чым уклад у доларах за кошт таго, што еўра ў агляднай перспектыве мае добрыя шанцы ўмацавацца да долара”, – прагназуе Жана Кулакова.
Каштоўныя паперы становяцца віртуальнымі
Аблігацыі – гэта каштоўная папера, якая выдаецца свайму ўладальніку і замацоўвае за ім права на атрыманне ў далейшым кошту аблігацыі і дадатковага даходу па ёй. Дзяржава, банкаўскія ўстановы, а таксама прыватныя кампаніі могуць выпускаць аблігацыі з мэтай прыцягнення пазыковага капіталу. Прасцей кажучы, банк або кампанія выпускаюць аблігацыі, каб прыцягнуць грошы насельніцтва, гэта значыць атрымаць свайго роду крэдыт. А людзі купляюць аблігацыі, каб захаваць і прымножыць свае зберажэнні, то бок, гэта свайго роду дэпазіт. Між тым, гэты від інвеставання ў нас не надта папулярны. Аднак цяпер атрымліваюць распаўсюджванне інтэрнэт-аблігацыі, якія даступны карыстальнікам сістэмы інтэрнэт-банкінг. Яны надзвычай зручныя, бо для афармлення не трэба наведваць банк і ў адрозненне ад папяровай аблігацыі іх немагчыма страціць.
Аблігацыі можна набыць як валютныя, так намінаваныя ў беларускіх рублях. Што тычыцца даходнасці, то яна залежыць ад шэрагу фактараў. Напрыклад, у дзяржаўных аблігацыях стаўка ніжэйшая, але і рызыкі менш. У цэлым жа па аблігацыях можна атрымаць большы даход, чым па дэпазітах.
Купляючы аблігацыю, трэба ўдакладніць тэрмін размяшчэння, парадак выплаты працэнтаў і магчымасць датэрміновага пагашэння. Таксама варта памятаць, што на аблігацыі не распаўсюджваецца закон аб гарантаванай кампенсацыі ўкладаў. Для набыцця адной інтэрнэт-аблігацыі ў “Беларусбанку” дастаткова мець свабодных 100 долараў ці еўра.
“Аблігацыі – значна менш гнуткі інструмент, чым дэпазіт, – адзначае Жанна Кулакова. – Нярэдка тэрміны абароту такіх папер пачынаюцца ад некалькіх гадоў, дадатковы даход выплачваецца раз у квартал або радзей, а магчымасць датэрміновага пагашэння папер нярэдка адсутнічае. За гэтыя “нязручнасці” інвестар і атрымлівае больш высокую прыбытковасць, чым па дэпазітах”.
Не ўсякае золата – інвестыцыя
Нашы бабулі меркавалі, што жменька ювелірных упрыгожванняў – таксама спосаб прымнажэння грошай. Калісьці так і было, але цяпер, калі ювелірныя вырабы прапануюць купіць у растэрміноўку, у іх засталася толькі функцыя упрыгожванняў. Між тым банкі прадаюць залатыя і сярэбраныя мерныя зліткі. Адзін час быў нават бум на куплю зліткаў. Аднак эксперт лічыць, што зліткі каштоўных металаў - больш рызыкоўнае ўкладанне, паколькі атрыманне даходу тут не гарантавана. “Золата і срэбра могуць не толькі даражэць, але і таннець. Акрамя таго, банкі, як правіла, прадаюць зліткі значна даражэй, чым выкупляюць назад. Гэтая розніца ў кошце называецца “спрэд”, і па аперацыях са зліткамі ён можа складаць 10-20%. Гэта азначае, што для таго, каб інвестыцыя не апынулася стратнай, метал павінен падаражэць як мінімум на тыя ж 10-20%, – тлумачыць Жанна Кулакова. – Калі мы гаворым пра кароткатэрміновыя ўкладанніі, то злітак з вельмі высокай доляй верагоднасці прынясе страту, а не прыбытак. Зліткі больш падыходзяць для доўгатэрміновых інвестыцый, на 5-10 і больш гадоў. Прыбытак у гэтым выпадку таксама не гарантаваны, але нейкую частку капіталу дакладна атрымаецца захаваць, паколькі злітак – гэта матэрыяльны актыў, які не можа цалкам абясцэніцца ні пры якіх умовах. З-за гэтай асаблівасці золата карыстаецца павышаным попытам і расце ў кошце ў перыяды крызісаў”.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.