Вы тут

З гармонікам па жыцці...


Пад такой назвай у Палацы культуры Мінскага трактарнага завода адбыўся творчы вечар вядомага музыканта і рупліўца на ніве народнай музыкі, музычнага кіраўніка заслужанага аматарскага калектыву фальклорнага ансамбля «Дударыкі», ансамбля «Мінскія музыкі» і сямейнага ансамбля Ровенскіх, самадзейнага кампазітара, заслужанага работніка культуры Дзмітрыя Ровенскага. Яркае відовішча ў перапоўненай зале Палаца культуры было прысвечана яго вялікасці гармоніку і яго валадару Дзмітрыю Ровенскаму. Душа народа, як вядома, жыве ў песнях, казках і прыпеўках. А якая песня без гармоніка? Менавіта гэты музычны інструмент сыграў значную ролю ў развіцці музычнай культуры беларусаў першай паловы ХІХ і да 70-х гадоў ХХ стагоддзя. А Дзмітрый Ровенскі, які адзначыў 70-годдзе і 50-годдзе творчай дзейнасці, — адзін з лепшых, сапраўдны народны гарманіст Беларусі.


Фота Юрыя Іванова

З бацькоўскага краю вытокі

Як сцвярджалі нашы продкі, «разумны хваліцца бацькам ды матуляй». Гэту жыццёвую ісціну добра засвоіў і Дзмітрый Ровенскі. Адзін дзед, Фёдар Ровенскі, выкладаў скрыпку ў школе, другі дзед — па маці — Амвросій быў вядомым на Капыльшчыне барабаншчыкам, сам рабіў цудоўныя барабаны. Бацька, Дзмітрый Фёдаравіч, служыў у міліцыі і ў вольны час іграў у духавым аркестры і ў ансамблі «Капыльскія дудары», куды пазней прывёў і Дзмітрыя-малодшага. Усе сваякі яго — дзядзькі, родныя і стрыечныя браты — таксама былі добрымі музыкантамі. У 60-я гады яны стварылі сямейны ансамбль, ігралі на вяселлях, ездзілі па Капыльшчыне з канцэртамі, прадстаўлялі яе на І Усесаюзным фестывалі мастацкай творчасці…

Нямецкі трафейны гармонік, які прывёз бацька з вайны, стаў першым музычным інструментам Дзмітрыя, на якім ён пачаў іграць з пяці гадоў. А ўжо праз год, разам са сваім сябрам Аляксандрам, хлопчык адыграў першае ў сваім жыцці вясковае вяселле суседа Леаніда Вілейкі... Маленькі музыка так запомніўся маладым, што тыя ж самыя жаніх і нявеста некалькі гадоў назад расшукалі Дзмітрыя Ровенскага і запрасілі яго сыграць на іх залатым вяселлі...

Дарэчы, да «Капыльскіх дудароў» у 1963 годзе спецыяльна прыязджаў знакаміты Генадзь Цітовіч, каб запісаць мясцовыя напевы, у тым жа годзе беларускай студыяй «Летапіс» быў падрыхтаваны пра ансамбль дакументальны фільм «Беларускія напевы»...

У дванаццаць гадоў Дзмітрый іграў на 12 традыцыйных музычных інструментах, добра засвоіў багаты рэпертуар мясцовых полек і найгрышаў... Пазней, скончыўшы музычную школу, пачаў працаваць у Капыльскім раённым Доме культуры. Далей — вучоба і прафесійная кар’ера ў Мінску, даследчыцкая праца, ужо свае створаныя творчыя калектывы, шматлікія замежныя паездкі... Але ніколі Дзмітрый Ровенскі не забываў родную Капыльшчыну, падтрымліваў з ёй пастаянныя сувязі. Нездарма ў мінулым годзе яго імя было занесена ў раённую кнігу працоўнай славы Капыльскага раёна. І нездарма павітаць юбіляра прыгожымі капыльскімі найгрышамі і хлебам-соллю прыехаў яго першы творчы калектыў, народны ансамбль народнай музыкі «Капыльскія дудары»...

Майстар, збіральнік, руплівец

Палюбіўшы з дзяцінства народную музыку, Дзмітрый Ровенскі стаў не толькі выдатным музыкантам, але і збіральнікам і ашчадным захавальнікам музычных інструментаў.

Сёння асабістая калекцыя Дзмітрыя Ровенскага, напэўна, — самая вялікая ў Беларусі: больш за сотню ўнікальных музычных інструментаў, усяго 64 назвы. Узрост некаторых рарытэтаў — больш за 100 гадоў, ёсць цымбалы 1870 года, з любоўю захоўваецца і любімая з дзіцячых гадоў гавайская гітара, якую бацька заказаў за мяжой для сына ў 1957 годзе. Музычныя інструменты Дзмітрый Ровенскі збіраў усё жыццё, самааддана ратаваў і рэстаўраваў, уціскаў сямейныя расходы дзеля набыцця каштоўных інструментаў... А многія інструменты — акарыны, дудкі, жалейкі, бубны, барабаны, пастухова труба і іншыя — зроблены рукамі самога Ровенскага. Яго падыход у гэтай справе прынцыповы: «Каб інструмент загучаў, трэба шмат цярпення. І, вядома, укласці ў яго душу».

Неаднойчы прыязджалі людзі, нават ад былога мэра Масквы Лужкова, з прапановамі купіць частку калекцыі старадаўніх гармонікаў, за адзін рарытэтны гармонік прапаноўвалі ажно 7 тысяч долараў. У імкненні захаваць калекцыю яго заўсёды падтрымлівала і жонка, хаця ў сямейным бюджэце гэтыя грошы не былі б лішнімі...

Яго даўняй марай было стварыць на базе калекцыі паўнавартасны музей беларускіх народных музычных інструментаў. І трэба сказаць, што падобны музей усё ж такі быў створаны на базе гімназіі № 14 у Мінску ў 2003 годзе, ён налічвае сёння звыш 350 музычных інструментаў, большасць з якіх зроблена лепшымі беларускімі майстрамі. Там жа размешчана і фотагалерэя амаль усіх вядомых музычных майстроў. Музей — своеасаблівая творчая майстэрня для кіраўнікоў і артыстаў аматарскіх калектываў, яго ахвотна наведваюць і замежныя госці сталіцы...

Музыка, настаўнік, мастацкі кіраўнік

Застаючыся адметным музыкам, Дзмітрый Ровенскі стаў цікавым настаўнікам і ў гімназіі, і для сваіх калег-музыкантаў, а яшчэ больш ён адбыўся як выдатны мастацкі кіраўнік творчых калектываў. Сваім імпэтам і намаганнямі стварыў у 1970 годзе фальклорны ансамбль «Дударыкі», у 1980-м — сямейны ансамбль, у 1996-м — ансамбль народнай музыкі і песні «Мінскія музыкі»...

Самы малады па ўзросце і па складзе ўдзельнікаў — ансамбль «Дударочкі», які таксама працуе на базе гімназіі № 14. Ансамбль народнай музыкі і песні «Мінскія музыкі» атрымаў ганаровае найменне «Народны», стаў лаўрэатам рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў, сапраўднай візітоўкай Заводскага раёна Мінска. А ансамбль «Дударыкі» ў 2010 годзе стаў адным з першых сярод дзіцячых музычных калектываў краіны заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь. Ён унікальны яшчэ і тым, што кожны дударык іграе як мінімум на пяці інструментах, у складзе калектыву ёсць ансамблі гарманістаў, дуд, акарын, дудак, бубеністаў, скрыпачоў... Тройчы ансамбль і яго асобныя ўдзельнікі атрымлівалі гранты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. З асяродка «Дударыкаў» выйшла каля 30 прафесійных музыкантаў, сёння ў ансамблі займаюцца каля сотні дзяцей, амаль кожны пяты — вучань гімназіі № 14.

А для сваіх калег-гарманістаў з Беларусі, Украіны, Расіі стаў аўтарытэтным выканаўцам. На міжнародным музычным конкурсе імя Івана Маланіна ў Новасібірску ў 2014 годзе ён разам са сваім вучнем Антонам Лукашэвічам атрымаў Гран-пры ў намінацыі «Настаўнік і вучань», быў ушанаваны ганаровым званнем «Народны гарманіст Зямлі Рускай». Яно было прысвоена Ровенскаму як прадаўжальніку народных музычных традыцый, за шматгадовую і плённую папулярызацыю гармоніка ў сваёй краіне, падрыхтоўку гарманістаўлаўрэатаў, што ўражваюць публіку на фестывалях і конкурсах у Беларусі і Расіі...

Створаны і выпеставаны ім сямейны ансамбль не толькі ўнікальны, але і адзін з самых вядомых творчых калектываў у Беларусі. Патрыях сямейства — віртуоз, які засвоіў ігру ледзь не на ўсіх традыцыйных для Беларусі музычных інструментах. Яго жонка, Лідзія Яўгенаўна, — ідэйны натхняльнік і суарганізатар сямейнага ансамбля. Трое дарослых дзяцей Марыя, Віталій і Васілій сталі таксама спадзвіжнікамі народнай музыкі і песні, а прадаўжальнікамі музычнай дынастыі з’яўляюцца ўнукі Ліна і Лаліта, Дзіма, Мікіта, Ілона, Сонечка і Цімоша. Вось толькі невялікі пералік дасягненняў ансамбля Ровенскіх: пераможцы І Мінскага гарадскога конкурсу «Сям’я года», лаўрэат Рэспубліканскага і Гран-пры Міжнароднага фестываляў сямейнай творчасці ў Слоніме ў 1994 годзе і 2007 годзе, Дыплом ААН «За асаблівы ўнёсак у захаванне і развіццё беларускіх нацыянальных традыцый», лаўрэат Усесаюзнага фестывалю мастацкай самадзейнасці, прысвечанага 40-годдзю Перамогі. Тыя, хто бачыў гэты прыгожы калектыў на сцэне, надоўга захоўваюць самыя цёплыя ўражанні ад цудоўнага гучання іх інструментаў і галасоў...

Кампазітар, папулярызатар народнай музыкі

Праз усе гады сваёй творчай дзейнасці Дзмітрый Ровенскі захаваў беражлівае стаўленне да музычнай спадчыны беларускага народа. Выдатнае сведчанне гэтага — і тое, што яго мастацкія калектывы маюць у сваіх творчых багажах звыш 100 беларускіх найгрышаў і полек... Напэўна, і гэта дапамагло Дзмітрыю Ровенскаму сфарміравацца як цікаваму кампазітару (а напісаў ён звыш 30 песень) і апрацоўшчыку народных музычных твораў, якія выконваюцца многімі творчымі калектывамі нашай краіны. На вечарыне песні Дзмітрыя Ровенскага «Маці мая, Беларусь» на словы Н. Бацечка, «Грай гармонік беларускі» (словы М. Шынкевіча), «Васільковая наша краіна» (словы І. Цітаўца) выканалі ансамбль «Дударыкі», узорны ансамбль народнай песні і музыкі «Бараўлянская крынічка», арт-фольк-гурт «Велес»…

Асобныя і незабыўныя старонкі творчай дзейнасці складаюць шматлікія замежныя паездкі, у якіх нашы артысты разам з Д. Ровенскім выступаюць не толькі як выдатныя папулярызатары беларускага народнага мастацтва, але і як сапраўдныя народныя дыпламаты, умацоўваючы цёплыя сувязі паміж краінамі і народамі. Яны пабывалі амаль у 40 краінах свету, далі звыш 500 канцэртаў, атрымалі 10 Гран-пры на міжнародных фестывалях…Адным з самых адказных і памятных выступленняў было ў 2014 годзе ў штаб-кватэры ЮНЭСКА ў Парыжы на юбілейным пасяджэнні з нагоды 60-годдзя далучэння Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь да гэтай міжнароднай арганізацыі, калі ў адным канцэрце Расію прадстаўляў Хор імя Пятніцкага, а Беларусь — нашы «Дударыкі».

На вечарыне для юбіляра было шмат цёплых віншаванняў, кветак, узнагарод ад старшыні Беларускага фонду культуры, галоўнага рэдактара Краязнаўчай газеты У. Гілепа, першага намесніка старшыні Беларускага саюза музычных дзеячаў, віцэ-прэзідэнта Міжнароднага саюза музычных дзеячаў Н. Вітчанкі, прадстаўнікоў Адміністрацыі Заводскага раёна г. Мінска, дырэктара гімназіі № 14 М. Гарохавай, пісьменніка, старшыні Беларускага дзіцячага фонду, галоўнага рэдактара часопіса «Вясёлка» У. Ліпскага, прафесара, загадчыка кафедры сацыякультурнай дзейнасці Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў А. Макаравай. Сяброўскі шарж юбіляру ўручыў мастак А. Каршакевіч.

З музычным віншаваннем юбіляра прывіталі лаўрэаты рэспубліканскіх фестываляў гарманісты Любоў Галубіцкая і Валерый Казлоў (Гомельская вобласць), Іван Чайка і Пётр Ражбіцкі (г. Брэст), госці з Украіны, народны ансамбль народнай песні і музыкі «Люлечка» Асіповіцкага цэнтра культуры.На адрас юбіляра паступілі віншавальныя тэлеграмы з Аўстрыі, Італіі, Расіі. А закончылася прыгожая вечарына выкананнем усімі ўдзельнікамі канцэрта песні Дзмітрыя Ровенскага на словы Міколы Шынкевіча «Гармонік грае». Выдатна пасавала зместу вечара высвечанае на экране выказванне заслужанага дзеяча культуры Беларусі, былога дырэктара Бараўлянскай музычнай школы Я. Бацяноўскага: «Каб на Беларусі было сто Ровенскіх, дык больш і не трэба...»

Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».