Вы тут

Як на «нябёсах»


Традыцыі батлеечных выступленняў адраджае фестываль у Свята-Елісавецінскім манастыры

Паміж Раством Хрыстовым (па праваслаўным звычаі) і Вадохрышчам палягае перыяд калядных святак. Традыцыйна ў гэты час вернікі ходзяць адзін да аднаго ў госці, віншуюць са святам Нараджэння Божага Сына, гуляюць ды радуюцца. Раней беларусы чакалі ў вёсках пераапранутых калядоўшчыкаў са спевамі ды гульнямі, а таксама вандроўных артыстаў з перасоўнымі тэатрамі — батлейкамі. Выступленні са скрыняй-батлеемам былі неадменнай часткай Раства, і зараз Фестываль батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы», які ладзіцца ў Адукацыйным цэнтры Свята-Елісавецінскага манастыра, аднаўляе гэтую традыцыю.


Сёлета тэатры-ўдзельнікі фестывалю ўразілі разнастайнасцю. Багатая міжнародная праграма прэзентавала спектаклі тэатраў з Украіны, Расіі, Літвы, Эстоніі, Вялікабрытаніі і Германіі, сярод якіх выступілі і прадстаўнікі міжнароднай асацыяцыі «Вандроўныя лялечнікі». У Мінску ладзіліся выступы з марыянеткамі, лялькамі і батлеечнымі скрынямі як на класічную для Раства тэму, так і з нестандартнымі сюжэтамі. Прыкладам, батлейка пры місіянерскім аддзеле Навагрудскай епархіі ўвасобіла на сцэне «Паданне пра жыццё прападобнай Ефрасінні, ігуменні і княжны Полацкай»: гэтая тэма не толькі рэлігійная, але і важная для беларусаў.

На IV Фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы» Гран-пры і дыплом «За лепшы спектакль» адышоў львоўскаму тэатру эстрадных мініяцюр «І людзі, і лялькі» (рэжысёр спектакля Раман Козак). Пераможцы распавялі, што ў іх родным Львове традыцыя калядавання дасюль жывая, і разам з аўдыторыяй выканалі калядную песню. Дыплом «За лепшы дэбют» аддалі лялечнаму тэатрыку «Вялікі Нос» (BigNose Th eatrik) з далёкага горада Олд Стратфард, Вялікабрытанія. Спектакль з дзіўнай назвай «Казка пра БабУшку» (менавіта так ставяць націск у гэтым слове замежнікі) прапанаваў незвычайны погляд на класічную калядную гісторыю, згодна з якім услед за вешчунамі павітаць Боскае Немаўля выправілася… вясковая бабуля. Яна шукала Збаўцу, але ніяк не знаходзіла і пакрысе раздала ўсе небагатыя падарункі, што берагла для яго, іншым дзецям. Калі БабУшка нарэшце сустрэлася з Божым Сынам, ён падзякаваў старой жанчыне: назіраць за тым, як людзі дапамагаюць адно аднаму, — найвялікшая радасць для Бога. Павучальны і добры змест «Казкі пра БабУшку» закрануў і гледачоў, і журы фестывалю. Яшчэ больш кранальным атрымаўся спектакль «Мішка і Раство» ад тэатрыка Сашы Луняковай (г. Пушкіна, Расія): яму прысудзілі дыплом «За лепшае раскрыццё духоўнамаральнага зместу спектакля».

Узнагарод, як павялося, на фестывалі «Нябёсы» ўручаюць шмат: дыпломы атрымалі амаль усе яго ўдзельнікі, а беларускім і расійскім тэатрам дасталіся і спецыяльныя дыпломы ад Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь. Але вызначаць лепшых — не галоўная мэта фестывалю: ён імкнецца заахвоціць удзельнікаў да далейшых дасягненняў, пакінуць след у душах маленькіх гледачоў. Як сказаў са сцэны нязменны вядучы і мастацкі кіраўнік фестывалю, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага Аляксандр Ждановіч, «Добры лялечны спектакль — гэта калі харошы чалавек іграе добрую казку»...

Напэўна, галоўнай асаблівасцю фестывалю «Нябёсы» можна назваць адказнае стаўленне да працы з дзецьмі. Здаецца, ніводны беларускі фестываль (да таго ж тэатральны) не звяртае на іх столькі ўвагі. Сюды запрашаюць дзяцей усіх узроставых катэгорый: можна заўважыць нават немаўлят на руках у бацькоў. Маленькія гледачы сядаюць перад самай сцэнай, каб лепш бачыць выступленні лялечнікаў і нават самім браць у іх удзел. Так, выступоўца са спектакля «Вар’етэ з маленькім Генры» ад тэатра «Th omas Herfort Marionettes» (Берлін, Германія) засяродзіў увагу дзіцячай аўдыторыі не на змесце дзеі, а на інтэрактыве. Нават нямецкая мова артыста не перашкодзіла яму знайсці паразуменне з дзецьмі: вясёлае выступленне з лялькамі і марыянеткамі ўключыла ў тэатральнае дзеянне ўсіх ахвотных. Шчыры інтарэс у дзіцячых вачах — лепшае сведчанне запатрабаванасці «Нябёсаў». А малым прапаноўвалі не толькі глядзець спектаклі: амаль кожны тэатр падрыхтаваў адмысловую забаўляльную праграму, да таго ж можна было наведаць займальныя майстар-класы па саломапляценні ды майстраванні лялек. Лялькі рабілі і з драўляных прышчэпак, і нават са старой адзежы — у руках здатнага лялечніка ажыве любы матэрыял!

Тое, што дзеці праяўляюць цікавасць да батлейкі, — гарантыя доўгага жыцця традыцыі, яе далейшага развіцця. Пра запатрабаванасць батлейкі ды лялечнага тэатра наогул сярод маленькай аўдыторыі сведчыць і дыплом «За выхаванне пакалення, якое падрастае, у духу маральных ідэалаў славянскай культуры», які атрымала дзіцячая тэатральная студыя «Казка» з Санкт-Пецярбурга, і наяўнасць сямейных батлеечных тэатраў, якіх сёлета на фестывалі сабралася тры (паказальна, што ўзнагароду «За лепшае мастацкае афармленне батлеечнай скрыні» атрымала менавіта батлейка сямейнага тэатра з беларускай вёскі Стойлы). Дзякуючы фестывалю «Нябёсы» дзеці спакваля вывучаюць, што ёсць батлейка, і разам з тым даведваюцца пра народныя традыцыі.

Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».