Вы тут

500 гадоў Скарынавай спадчыны ў 20 тамах


500 гадоў беларускага кнігадрукавання летась паспрабавалі змясціць у 365 дзён. За гэты час, можна сказаць дакладна, мы спазналі Францыска Скарыну: праходзілі віктарыну «Мая Скарыніяна», чыталі кнігі, прысвечаныя першадрукару і выдадзеныя нават у замежных краінах, рабілі забегі на 500 кіламетраў у яго імя, глядзелі кіно і спектаклі пра асветніка і, галоўнае, за гэты год зразумелі, што паўтысячагоддзя таму наш знакаміты зямляк быў наперадзе планеты са сваімі думкамі ды адкрыццямі. Узгадваючы тое, што ўшанавала памяць першадрукара, немагчыма не сказаць пра галоўнае: у Беларусі здзейснена факсімільнае выданне «Кніжная спадчына Францыска Скарыны». Гэты праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адзначаны прэміяй «За духоўнае адраджэнне».


Гісторыя цяпер ужо легендарнага выдання з 20 тамоў пачалася яшчэ ў 2012 годзе, калі ў Нацыянальнай бібліятэцы ўсвядомілі, што ў Беларусі захоўваецца толькі 10 выданняў Скарыны, і то няпоўных, з пэўнымі дэфектамі. Для краіны, якая падарыла ўсходнеславянскаму свету першадрукара, такая лічба не проста недастатковая, але і несправядлівая: так з’явілася ідэя стварэння факсіміле выданняў Скарыны. Намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, які вёў работу над «Кніжнай спадчынай…», адзначае, што выданне мае яшчэ большую каштоўнасць, чым мы можам уявіць: нягледзячы на тое, што імя Скарыны на слыху, беларусы дагэтуль дрэнна ўяўляюць, якую спадчыну (не толькі колькасную, але і змястоўную) пакінуў нам полацкі асветнік. Супрацоўнікі бібліятэкі правялі сапраўднае даследаванне па пошуку скарынаўскіх кніг, высвятлялі, у якім яны стане: ладзіліся экспедыцыі ў Вільню, Лондан, Маскву. І калі некалькі гадоў таму мы шукалі інфармацыю пра Скарыну за мяжой, то зараз можна ганарыцца, што факсімільнае выданне твораў асветніка цяпер захоўваецца ў найбуйнейшых бібліятэках свету — у Францыі, Ватыкане, Германіі, Швейцарыі…

Звычайнаму чытачу цяжка ўявіць, якой складанай была работа над кнігамі: навукоўцы адразу стварылі канцэпцыю работы над выданнем, якая пачалася з бібліятэчна-інфармацыйных росшукаў, выбіраліся найбольш захаваныя старадрукі, некаторыя з іх складаліся па частках, рабіліся лічбавыя копіі кніг. Падчас работы над факсіміле навукоўцам шчыра дапамагалі, некаторыя ўладальнікі старажытных кніг рабілі гэта на добраахвотных пачатках, у выніку атрымалася сабраць каля 300 алічбаваных выданняў Скарыны (гэтыя копіі можна паглядзець у Нацыянальнай бібліятэцы ці ў свабодным доступе ў інтэрнэце)! Упершыню кнігі Скарыны даследаваліся комплексна — з пункту гледжання рэлігіі, кнігазнаўства, мастацтвазнаўства, літаратуры, мовы, а таксама перакладзеныя на тры мовы — рускую, беларускую і англійскую. Кажучы пра змест, немагчыма не звярнуць увагу на форму: Скарынаўская спадчына вартая лепшага, таму ілюстрацыі, дызайн, паліграфічнае выкананне і мастацкае рашэнне накіраваныя на тое, каб факсіміле знайшло месца на кніжных паліцах тых, хто ведае цану добрай кнігі. Дарэчы, візуальнае афармленне «Кніжнай спадчыны Францыска Скарыны» адзначылі і на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі», дзе яна атрымала Гран-пры.

У Нацыянальнай бібліятэцы падкрэсліваюць, што факсімільнае выданне — гэта не проста матэрыяльнае ўвасабленне велічы кніжнай спадчыны беларусаў, якая раней многім з нас здавалася ўсяго некалькімі старонкамі падручніка па гісторыі ды знакамітай прадмовай Скарыны, а зараз гэта сапраўдны скарб, які займае цэлую кніжную паліцу. Гэта яшчэ і магчымасць даследаваць мінулае, вярнуць багацце, створанае 500 гадоў таму, і зрабіць яго даступным кожнаму наведвальніку бібліятэкі. Сёння факсіміле складае 20 тамоў тыражом у 1000 экзэмпляраў, але паліграфічнае выданне — гэта толькі палова працы Нацыянальнай бібліятэкі над захаваннем спадчыны Францыска Скарыны: значны ўнёсак у папулярызацыю асобы друкара зрабілі з дапамогай акцый, мерапрыемстваў, прэзентацый, якія таксама дапамаглі пашырыць кола патэнцыяльных чытачоў факсіміле. Год, які ў Беларусі прысвяцілі ўшанаванню дасягненняў нашага славутага земляка, стане бясконцасцю — у гэтым упэўнены дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі, які ўключыў гэты час у лік самых значных падзей: праектаў такога маштабу ў свеце яшчэ не было, не было ўзноўлена адразу столькі кніг, праца ішла цягам 5 гадоў, шляхам Францыска Скарыны праходзілі не толькі дзяржаўныя ўстановы, але і прыватныя кампаніі (грошы на выданне вылучыў банк БелВЭБ). Дзякуючы рабоце над факсімільным выданнем спадчыны Скарыны не толькі самі кнігі, але і асоба першадрукара стала брэндам Беларусі: яго выявы сталі ўпрыгожваць сцены гімназій, яго словамі загаварылі білборды, яго кнігі выдаюцца па ўсім свеце, але самае важнае праяўленне нашай любові і павагі да Скарыны не ў пазнавальнасці твару, а ў тым, што мы пачалі ўспрымаць яго не як безаблічную постаць з гісторыі, а як сапраўднага чалавека, які падарыў беларусам кнігу.

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

 

Загаловак у газеце: Чалавек з кнігай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».