Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» расказваем пра поспех Дар'і Домрачавай у Антхольцы, выніках Кубка свету па фрыстайле і чэмпіянаце Еўропы па індорхакеі.


1. Дар'я Домрачава перамагла ў мас-старце на этапе Кубка свету па біятлоне ў Антхольцы. Удалая стральба на заключным агнявым рубяжы дазволіла беларусцы выйсці на першае месца, хоць пасля першых двух кругоў дыстанцыі яна была за межамі першай дзясяткі.

— Перад зімовымі Гульнямі важна было адчуць упэўненасць на лыжні, на агнявым рубяжы. Рада, што ўдалося папрацаваць над памылкамі і зараз спакойна можна рыхтавацца да Пхёнчхана, — адзначыла Дар'я пасля фінішу.

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Домрачаву з залатым медалём. «У апошняй перадалімпійскай гонцы ў няпростых умовах ты ні на секунду не перастала працаваць, праявіўшы высокую волю да перамогі і гатоўнасць да дасягнення найвышэйшых вынікаў. Ты падарыла радасць мільёнам грамадзян нашай краіны і тваіх прыхільнікаў за мяжой, якія з заміраннем сэрца сочаць за тваімі выступленнямі», — гаворыцца ў віншаванні.

«Мы ўсе з нецярпеннем чакаем пачатку зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 года і жадаем нашай біятлоннай камандзе яркіх перамог на трасах Пхёнчхана. Моцнага здароўя вам, шчасця і поспехаў!» — пажадаў кіраўнік дзяржавы.

Нядрэнную гонку правяла і беларуска Ірына Крыўко, якая заняла 12-е месца.

У агульным заліку Кубка свету, дзякуючы гэтай перамозе, Дар'я Домрачава выйшла на пятае месца — 436 балаў. Лідзіруе Кайса Мякярайнен — 592 ачкі.

У мужчынскім мас-старце ўдзел прымаў толькі адзін прадстаўнік Беларусі — Уладзімір Чапелін, ён стаў 30-м.


2. Адбыліся заключныя этапы Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы. Прадстаўнікі нашай краіны двойчы падымаліся на п'едэстал у амерыканскім Лэйк-Плэсідзе. На пятым этапе «серабро» заваявала Ганна Гуськова, а на шостым другое месца заняў Антон Кушнір.

У агульным заліку Кубка свету Хрустальны глобус заваяваў расіянін Максім Бураў, другім стаў кітаец Цзя Цаньян (329), трэцяе месца заняў Антон Кушнір (320). Максім Гусцік — 4-ы (267), Станіслаў Гладчанка — 15-ы (120), Дзяніс Восіпаў — 21-ы (74), Дзмітрый Мазуркевіч — 23-ы (67), Арцём Башлакоў — 37-ы (21).

У выніковым заліку Кубка свету сярод жанчын Ганна Гуськова з 361 балам заняла 2-е месца, прапусціўшы наперад кітаянку Сю Ментаа (405 ачкоў). Трэцяе месца за расіянкай Крысцінай Спірыдонавай (237), Аляксандра Раманоўская (211) размясцілася на 4-м радку, Ала Цупер, якая вярнулася ў вялікі спорт пасля нараджэння другога дзіцяці, у выніковым заліку заняла 11-е месца (156 балаў).


3. Яўген Каралёк перамог у скрэтчы на этапе Кубка свету па веласпорце на трэку ў Мінску. У ходзе заезду яму ўдалося апярэдзіць партугальца Іва Алівейру і ўкраінскага велагоншчыка Віталя Грынёва. Адзначым, што для нашых велагоншчыкаў залаты медаль Яўгена Каралька стаў адзіным на дамашнім этапе Кубка свету.

Усяго за тры дні на веладроме «Мінск-Арэны» было разыграна 17 камплектаў узнагарод у дзевяці відах праграмы. Каля 300 атлетаў прынялі ўдзел у спаборніцтвах у сталіцы Беларусі. Наступным буйным стартам для велагоншчыкаў на трэку стане чэмпіянат свету ў галандскім Апелдорне.


4. Жаночая зборная Беларусі па індорхакеі заняла трэцяе месца на чэмпіянаце Еўропы ў Празе, абыграўшы ў матчы за бронзавыя ўзнагароды Чэхію — 5:3. Наша каманда пад кіраўніцтвам галандскага спецыяліста Хермана Круіса заняла другое месца ў папярэдняй групе турніру і выйшла ў паўфінал. На гэтай стадыі беларускі сустрэліся з Германіяй і саступілі з лікам 4:5.

Чэмпіёнам Еўропы стала каманда Германіі, якая сустрэлася ў фінале з Нідэрландамі.

Зборная Беларусі па індорхакеі другі раз запар стала бронзавым прызёрам кантынентальнага форуму. Упершыню хакеісткі заваявалі бронзавыя ўзнагароды ў 2016 годзе на дамашнім турніры ў Мінску.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Перадалімпійская перамога

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.