Вы тут

Зімовыя праблемы валасоў


Сцюдзёныя маразы, пранізлівы вецер, завеі або снегапады дыктуюць нам цяпер свае правілы гульні: цёпла апранацца, не хандрыць, піць вітаміны, каб засцерагчы арганізм ад хвароб. З надыходам халадоў пакутуюць таксама і нашы валасы. 


Як зберагчы зімой прыгажосць нашых валасоў, падкажа наш пастаянны эксперт – цырульнік Алег НАВІНСКІ.

Праблема: Сухасць і адсутнасць бляску.

Прычыны:  Вам прыемна пасля знаходжання на свежым марозным паветры прыйсці ва ўтульнае, цёплае памяшканне. Толькі вось такі перапад тэмператур шкодна ўплывае на вашыя валасы – сушыць іх. Адсюль іх ломкасць, блёкласць, абязводжванне. Не на карысць валасам і частае выкарыстанне фена. Плюс шапкі, якія сваім трэннем адкрываюць лускавінкі валасоў, з-за чаго  іх паверхня становіцца шурпатай і губляе бляск.

Прафілактыка:  Двойчы на тыдзень рабіце ўвільгатняльную маску. У фене старайцеся выкарыстоўваць халаднаваты рэжым, а калі ёсць магчымасць – зусім адмоўцеся ад электрапрыбора. Карыстальнікам фена пажадана абавязкова спырскваць валасы тэрмаахоўным спрэем – ад каранёў да кончыкаў. Карыстайцеся бальзамам, маскамі. Вынік парадуе: цьмяныя і сухія валасы зробяцца больш паслухмянымі і бліскучымі.

Праблема: Наэлектрызаванасць.

Прычыны: Законы фізікі ніхто не адмяняў. Валасы электрызуюцца пад уздзеяннем статычнай электрычнасці. Напрыклад, пры трэнні, расчэсванні або пры кантакце з адзеннем (асабліва сінтэтыкай) на валасах утвараюцца станоўча зараджаныя іёны, што адштурхваюцца адзін ад аднаго. Таму вашыя валасы пачынаюць пушыцца і разлятацца ў розныя бакі.

Прафілактыка: У цёплым, сухім памяшканні пастарайцеся павысіць вільготнасць. Самы просты варыянт – паставіць у пакоі ёмістасць з вадой. Калі сродкі дазваляюць, можна купіць спецыяльны прыбор – увільгатняльнік паветра.

Таксама варта набыць і паставіць на палічку ў ваннай спецыяльную касметыку: увільгатняльны шампунь, кандыцыянер і спрэй. Яны дапамогуць нейтралізаваць статычную электрычнасць і зробяць валасы гладкімі і паслухмянымі.

Дарэчы

·   Мыць валасы трэба пад цёплай вадой. Гарачая псуе іх і сушыць скуру галавы.

·   Зімой не забывайцеся песціць валасы маскамі і алеямі некалькі разоў на тыдзень.

Праблема: Перхаць.

Прычыны: Актыўнае выкарыстанне фенаў і прасікаў (русск. “утюжков”), стрэс, фізічнае і эмацыйнае знясіленне, залішак тлустай, салёнай ці вострай ежы – усё гэта спрыяе  з’яўленню няпрошанай госці – перхаці. Здавалася б, такая дробязь, а псуе не толькі настрой, але і імідж.

Прафілактыка: Выбірайце якасны шампунь у адпаведнасці з вашым тыпам валасоў. На догляд за сабой сродкаў шкадаваць не варта. Выкарыстоўваеце спецыяльны касметычны комплекс, прызначаны для барацьбы з белым шалупіннем. Не бачыце выніку? Запісвайцеся на прыём да трыхолага. Пасля курсу лячэння пад наглядам урача праблема павінна адступіць.

І памятайце, галоўная задача – не замаскіраваць перхаць, а пазбавіцца ад прычын яе з’яўлення.

Праблема: Тлустасць валасоў пад шапкай.

Прычыны: Асноўныя прычыны з’яўлення непатрэбнага бляску: спадчыннасць, няправільнае харчаванне, стрэс, змяненне гарманальнага фону. У каранёў размяшчаюцца спецыяльныя залозы, якія выпрацоўваюць скурнае сала. Яно абараняе валасы ад перасушвання і ломкасці, робіць іх здаровымі і гладкімі. Але, калі скурнага сала зашмат, валасы хутка страчваюць прывабны, свежы выгляд.

Прафілактыка: Выбірайце шампуні, у састаў якіх уваходзяць экстракты лекавых раслін – шалфею, рамонку, падбелу (русск. “мать-и-мачеха”), крапівы..  Адмоўцеся ад касметычных сродкаў з адзнакай “для ўсёй сям’і” або “для ўсіх тыпаў валасоў”. Купляйце шампунь з надпісам “для тлустых валасоў”. Не выкарыстоўвайце падчас мыцця занадта гарачую або занадта халодную ваду, яна павінна быць нейтральнай, каб не выклікаць непатрэбнай актыўнасці сальных залоз.

І яшчэ: каб вашыя валасы былі прыгожымі і здаровымі, выпівайце не менш двух літраў вады ў дзень.

Праблема: Хуткае знікненне аб'ёму.

Прычыны: Маразы і пранізлівы вецер вымушаюць жанчын надзяваць галаўны ўбор. З раніцы марнуеце час на ўкладку, але потым нацягваеце шапку ці накідваеце на галаву шалік, і ў думках развітваецеся з прыгажосцю прычоскі.

Прафілактыка: Ёсць некалькі хітрыкаў, як падоўжыць жыццё вашай укладкі. Нанясіце на вільготныя валасы спрэй для надання аб’ёму, асабліва старанна каля каранёў. Калі будзеце сушыць валасы, галаву апускайце ўніз. Пасля – лёгкае начэсванне, спырскванне лакам. Аб’ём прычоскі будзе трымацца, прыгажосць захаваецца!

Хрысціна ХІЛЬКО

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.