Вы тут

У нядзелю прафесійнае свята адзначаюць прадстаўнікі інжынерных войскаў


У гэтую нядзелю прафесійнае свята адзначаюць прадстаўнікі інжынерных войскаў нашай краіны. Праца гэтых людзей звязана з велізарнай рызыкай нават у мірны час. Менавіта яны прымушаюць сціхаць «рэха вайны» — ліквідуюць выбухоўную спадчыну Вялікай Айчыннай, якую ўсё яшчэ можна знайсці на беларускай зямлі. Як кажуць самі ваенныя, у падраздзяленнях інжынерных войскаў заўсёды павінны быць разуменне і зладжанасць: часам ад дзеянняў аднаго чалавека залежыць жыццё многіх астатніх.


— Так гістарычна склалася, што 21 студзеня інжынерныя войскі адзначаюць сваё прафесійнае свята: у гэты дзень у 1701 годзе па ўказе Пятра І у Маскве была створана першая інжынерная школа, дзе пачалася падрыхтоўка афіцэраў гэтых войскаў, — расказаў начальнік інжынерных войскаў — начальнік упраўлення інжынерных войскаў Генеральнага штаба Узброеных Сіл палкоўнік Андрэй Куракоў.

Праца сапёраў уносіць вялікі ўнёсак у мірнае жыццё беларускага грамадства. У пасляваенны перыяд было абясшкоджана больш за 27 млн выбухованебяспечных прадметаў. А гэта амаль па тры выбуховыя прыстасаванні на кожнага сучаснага беларуса. І работа пастаянна працягваецца.

«Летась 30 рухомых груп па размініраванні знішчылі больш за 23 тысяч выбухованебяспечных прадметаў. У 2017 годзе каля вёскі Паўлаўка Слуцкага раёна інжынерныя войскі ачысцілі ад выбухованебяспечных прадметаў больш за 70 гектараў зямлі, усяго за год — на тэрыторыі Беларусі каля 1200 гектараў. Работу плануецца працягнуць ужо вясной. Усяго ж на гэтай тэрыторыі прайшлі ўжо чатыры суцэльныя чысткі. Колькі часу яшчэ зоймуць работы, казаць складана, паколькі грунт мае ўласцівасць «выціскаць» прадметы на паверхню вясной і восенню», — дадаў Андрэй Куракоў.

Фронт работы вялікі, патрэбна спецыяльная тэхніка. З гэтым у інжынерных войсках сёння праблем няма. На працягу апошніх гадоў на ўзбраенне было пастаўлена больш за 50 адзінак інжынернай тэхнікі: гэта перш за ўсё экскаватары, аўтамабільныя краны, пагрузчыкі рознага тыпу, — усе ўзоры менавіта айчыннай вытворчасці. Акрамя таго, у апошні час інжынеры карыстаюцца 54 новымі сродкамі пошуку і разведкі мінна-выбуховых загарод — мінашукальнікаў. Варта дадаць, што інжынерныя войскі па ўзроўні тэхнічнай аснашчанасці ва Узброеных Сілах займаюць адно з першых месцаў.

Начальнік упраўлення інжынерных войскаў распавёў, што мінулы навучальны год быў вельмі насычаны. Дзве каманды інжынерных войскаў удзельнічалі ў «Армейскіх міжнародных гульнях»: у конкурсах «Бяспечны маршрут» і «Інжынерная формула». У абодвух нашы каманды занялі другія месцы, саступіўшы толькі расіянам. Акрамя таго, у 2017 годзе ў Арменіі на палігоне «Баграмян» зборная каманда інжынерных войскаў краіны ўвайшла ў лік прызёраў і заняла другое месца. Таксама нашы пантанёры паўдзельнічалі з расійскімі калегамі ў сумесных вучэннях дзвюх краін, дзе на практыцы праверылі сумяшчальнасць расійскай і беларускай тэхнікі. Зрабілі гэта на ацэнку «выдатна» па ўсіх нарматывах.

Сёлета, як запэўніў начальнік упраўлення інжынерных войскаў, тэмпы змяншаць ніхто не збіраецца.

Ілья КРЫЖЭВІЧ

krуzhеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Тыя, хто не памыляецца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».