Вы тут

Дзмітрыю Страчуку і Яўгену Жарскаму ўручылі медалі «За адвагу»


Радавым запасу, якія вясной выратавалі адзін аднаму жыцці, уручылі медалі «За адвагу».

Той сонечны дзень для брэсцкіх дэсантнікаў запомніцца на ўсё жыццё. Пра такіх кажуць: нарадзіліся ў кашулі. Сапраўды, 5 красавіка 2017 года стала другім днём нараджэння для Дзмітрыя Страчука і Яўгена Жарскага, на той час вайскоўцаў 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады.


Мі­ністр аба­ро­ны ге­не­рал-лей­тэ­нант Анд­рэй РАЎ­КОЎ  уру­чае ме­даль «За ад­ва­гу» Дзміт­рыю СТРА­ЧУ­КУ.

Пра тое, што падчас ваеннага вучэння ў Шумілінскім раёне магло здарыцца непапраўнае, мінулай вясной прагучала бадай з усіх СМІ. Пры ажыццяўленні скачкоў з Іл-76 з-за моцнага павеву ветру адбылося сыходжанне парашутыстаў. У аднаго з іх патух асноўны купал...

Лічаныя секунды — і Яўген Жарскі мог бы паляцець уніз. Але імгненная рэакцыя і добрая падрыхтоўка Дзмітрыя, які зафіксаваў рукамі асноўны купал парашута саслужыўца, зрабілі пасадку больш мяккай для абаіх.

За тымі скачкамі з парашутамі, якія адназначна ўвайшлі ў гісторыю, па меншай меры беларускай арміі, назіраў і камандуючы сіламі спецыяльных аперацый Узброеных Сіл генерал-маёр Вадзім ДЗЕНІСЕНКА.

— Мы бачылі, як усё адбывалася, і гэта было выпрабаваннем для нас, — прызнаўся пазней камандуючы. — Назіраючы за хлопцамі ў паветры, мы разумелі, што яны навучаныя і змогуць справіцца з сітуацыяй. Канешне, гонар за нашых ваеннаслужачых перапаўняе. Самае галоўнае, што адзін з іх не пакінуў таварыша ў бядзе. Нават цяпер, калі пагутарыць з імі, яны не да канца ўсведамляюць, што здзейснілі подзвіг.

І гэта праўда. Сваімі дзеяннямі ў экстрэмальнай сітуацыі хлопцы выратавалі жыццё адзін аднаму. Калі да Дзмітрыя Страчука ў першыя ж дні пасля выпадку была прыкавана ўвага вайсковых начальнікаў і журналістаў, то Яўген Жарскі канчаткова паверыў у гэта, калі стаяў на пляцы 38-й дэсантна-штурмавой брыгады ў Брэсце, дзе на днях міністр абароны ўручыў яму і яго таварышу медалі «За адвагу».

Як адзначыў генерал-лейтэнант Андрэй РАЎКОЎ, радавыя, якія пры дэсантаванні выручылі адзін аднаго, праявіўшы найвышэйшую якасць падрыхтоўкі ў найскладанейшай сітуацыі, атрымалі свае заслужаныя ўзнагароды. Акрамя таго, міністр абароны выказаў словы ўдзячнасці як героям, якія здзейснілі подзвіг, так і іх бацькам, якія выхавалі сваіх сыноў сапраўднымі абаронцамі Айчыны.

Аб тым, што сын выратаваў жыццё таварышу, бацькі Дзмітрыя Страчука даведаліся з газет і інтэрнэту. Як прызнаецца маці хлопца Наталля Міхайлаўна, вельмі перажывалі, асабліва за Жэню. На наступны дзень звязаліся з сынам, але ён не быў красамоўны. Хлопец і сёння не любіць расказваць пра той дзень, хоць памятае яго, здаецца, пасекундна.

Дзміт­рый СТРА­ЧУК і Яў­ген ЖАР­СКІ ця­пер ге­роі  не толь­кі 38-й дэ­сант­на-штур­ма­вой бры­га­ды.

Разам з бацькамі Дзіма жыве ў вёсцы Тамашоўка, што ў Брэсцкім раёне. Як і ўсе сямейнікі, працуе ў сельскай гаспадарцы. Цяпер хлопец — мясцовая славутасць. Але і да арміі бацькам не даводзілася за яго чырванець: Дзіма доўгі час займаўся лёгкай атлетыкай, мае шмат спартыўных узнагарод.

Падзеі таго лёсавызначальнага дня Яўген Жарскі ўспамінае толькі да моманту, калі сеў у самалёт. Што адбывалася потым, быццам нехта выкрасліў з яго памяці. Для Жэні гэта быў трэці і апошні скачок з парашутам. Дагэтуль дэсантаваўся з верталёта Мі-8. Па словах хлопца, паўтарыць скачок з Іл-76 складаней — большая хуткасць. А, між іншым, да арміі Яўген баяўся вышыні, але ўсё роўна марыў быць толькі дэсантнікам — каб і ў элітных войсках служыць, і свой страх перамагчы.

Пра тое, што здарылася ў небе над Шуміліншчынай, маці Яўгена паведамілі ў той жа дзень. Патэлефанавалі з вайсковай часці, сказалі, што Жэня атрымаў траўму і знаходзіцца ў 432-м Галоўным ваенным клінічным медыцынскім цэнтры Узброеных Сіл.

— Калі мы прыехалі ў ваенны шпіталь, то вельмі перажывалі, бо сын быў у крытычным стане, — успамінае Валянціна Віктараўна. — Уся вёска малілася за Жэню. І калі б не высокі прафесіяналізм урачоў і медыцынскага персаналу аддзяленняў рэанімацыі і траўматалогіі, якім мы вельмі ўдзячны, хто ведае, чым бы ўсё скончылася...

Да ранейшага жыцця Яўген вярнуўся ў верасні. Як і да арміі,  працуе на Баранавіцкім заводзе аўтаматычных ліній. Калегі яго чакалі з нецярпеннем: перажывалі за маладога таварыша, добрага спецыяліста. На днях хлопец упершыню за доўгі час зноў надзеў ваенную форму: у той красавіцкі дзень служба для Жэні скончылася. Якое ж хваляванне ён адчуў, калі прыбыў у родную часць, няёмкасць — калі ў музеі брыгады, а таксама ў батальёне, дзе служыў, убачыў плакат, на якім расказваецца пра подзвіг, які для гэтых хлопцаў стаў другім шанцам на жыццё.

Дарэчы

Падобны выпадак адбыўся ў 2004 годзе, калі падчас вучэбна-трэніровачных заняткаў пры ажыццяўленні скачкоў з парашутам ваеннаслужачы 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння радавы Уладзімір Цішкевіч выратаваў жыццё саслужыўцу. Указам Прэзідэнта Беларусі хлопец быў узнагароджаны медалём «За адвагу».

Вераніка КАНЮТА

kаnуutа@zvіаzdа.bу

Фота Ірыны МАЛІНОЎСКАЙ

Загаловак у газеце: Подзвіг на дваіх

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.