Вы тут

«Звязда» вызначыла найлепшыя вясёлыя гісторыі чытачоў за 2017 год


Цягам года падрыхтаваць да друку амаль паўтары сотні «вясёлых і праўдзівых гісторый» было, здаецца, прасцей, чым вылучыць з іх найлепшыя... «Я сумленна падышоў да справы, на сайце газеты некалькі дзён «пракручваў» «Калейдаскоп», перачытваў творы. І што ў выніку? Ды нічога, — піша спадар Іван Гаральчук з Мінска, — падабаецца ўсё, кожная гісторыя — па-свойму. Таму ўсім аўтарам зычу натхнення ды творчых поспехаў, а газеце, апроч іншага, — цярпення. Дзякуй за «Провад»! І, калі ласка, не абрывайце яго. Народ, паверце, будзе заставацца на сувязі».


Чаму? Таму што рубрыка (адказы з іншых канвертаў) цікавая і вельмі павучальная, бо яна дазваляе «ўспомніць перажытае», «на людзей паглядзець і сябе паказаць», «усміхнуцца, а то і ад душы пасмяяцца», нешта з прачытанага «перадаць» далей. «Найлепшыя гісторыі — гэта тыя, што запомніліся, тыя, якія хочацца чытаць і перачытваць, расказваць іншым, нават са сцэны», — прызнае старшыня вялікага чытацкага журы спадарыня Соф'я Кусянкова з Рагачоўшчыны. І, наколькі ведаем, досвед такі ў аўтаркі быў: ад рогату, расказвалі, ледзь шыбы ў клубе не вынесла...

«Газету з «Провадам» я заўсёды чакаю, шукаю ўжо знаёмыя прозвішчы, — піша спадарыня Клімовіч са Стоўбцаўшчыны.Летась выйшла шмат цікавых гісторый, выбраць найлепшыя вельмі складана, але ж калі трэба...»

Шчыры дзякуй усім чытачам, якія адгукнуліся на просьбу газеты — зрабілі выбар. Такім чынам, дзясяткі суб'ектыўных меркаванняў тут, у рэдакцыі, сышліся — хочацца верыць — у адно аб'ектыўнае і...

Найлепшымі гісторыямі, надрукаванымі ў 2017 годзе, прызнаны: «Два сакрэты прараба» («Звязда» ад 26.05), «Цяжка быць дыпламатам. Нават народным» (18.08), «Жонку слухай, а свой розум май» (21.04) спадара Івана Гаральчука з Мінска; «Маня вылечыць» (24.11), «Англійскі кампот» (20.10) і «Кароткі курс гісторыі...» (19.05) спадарыні Соф'і Кусянковай з Рагачоўшчыны; «Пасля базару» (28.07), «А не шкодзь!» (2.09), «Вада жывая і мёртвая» (8.07) спадарыні Любові Чыгрынавай з Мінска; «Зялёная школа» (11.02) спадарыні Кацярыны Будзіловіч са Скідзеля.

Апроч гэтых аўтараў, у дзясятку найлепшых (па меркаванні і вялікага чытацкага, і маленькага рэдакцыйнага журы пад старшынствам першага намесніка галоўнага рэдактара Наталлі Карпенкі) увайшлі спадарыні Валянціна Паліканіна з Мінска (яе «Любоў зямная» («Звязда» ад 10.11) адзначана спецыяльным прызам журы), Раіса Васільева з Гомеля, Алена Несцяронак з Докшыцаў, спадары Анатоль Палынскі з Беразіно, Сяргей Гурскі з Баранавічаў, Яўген Звярынскі з Мінска.

На адрас першых пяці ў найбліжэйшы час будуць накіраваны адмысловыя звяздоўскія падарункі. Іншым жа (кожнаму, хто пісаў) — ужо сёння — словы найшчырэйшай удзячнасці за інтэлектуальную, скажам так, падтрымку газеты, за сапраўднае задавальненне, з якім чытаецца абсалютная большасць твораў, за канчатковае перакананне, што крыніцы народнага гумару і сапраўды невычарпальныя!

А таму конкурс на лепшую гісторыю з жыцця чытачоў «Звязды» працягваецца, рэдакцыйнае журы працуе, чытацкае, спадзяёмся, таксама? Дарэчы, спадарыня Кусянкова, прапануе «афіцыйна» ўключыць у яго самых актыўных падпісчыкаў і аўтараў.

Як вам гэта ідэя? Вы «пажурыць» не супраць? Тады далучайцеся.

І пішыце.

Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вынікі падведзеныя, конкурс працягваецца

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.