Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Сустрэча ў «вярхах»

Розныя часы — розныя гульні: сённяшніх дзяцей хлебам не кармі — дай пасядзець у інтэрнэце! Іх, згадзіцеся, з хаты не выгнаць! А некалі ж было не загнаць: і малыя, і падрослыя на ўсю моц «партызанілі», хаваліся ў лесе, хадзілі адтуль у разведку, ладзілі розныя «дыверсіі», раскладвалі вогнішчы...

Мой пляменнік, напрыклад, разам з «атрадам» «партызаніў» непадалёк ад дома ў алешніку. Дзеці там выкапалі зямлянку, змайстравалі будан — стварылі, карацей, сапраўдную «базу». З бабулінай кухні і пакрысе на яе «пераязджалі» кубкі, каструлі, патэльня... На градах пастаянна радзелі радкі з цыбуляй, а з кубельца знікала сала. Адным словам, хлопчыкі, як умелі і маглі, з самаробнай зброяй у руках білі ўяўных ворагаў, гатавалі харчы, бавілі час. А падраслі і ўсё гэта кінулі...

З дзяцінства не выходзіў хіба Сцяпан, ён па-ранейшаму рабіў нейкія буданы. Спачатку — то ў ляску, то ў лузе, а потым яго пацягнула вышэй, і чарговую хованку ён зрабіў на высокай ліпе, што расла каля клуба. «Ну, ты, як буслік», — прызнаў нехта з вяскоўцаў і тым самым падарыў Сцяпану мянушку.

А тут у час навальніцы прапала электрычнасць. Каб аднавіць яе, прыехала брыгада спецыялістаў, і адзін з іх ужо сабраўся лезці на слуп.

— Не спалохай там Бусліка, — папярэдзіў нехта з мясцовых, бо да ліпы са Сцёпкавым «гняздом» было рукою падаць.

Аднак электрык толькі адмахнуўся: маўляў, кіньце дурное, густое ж дрэва, буслы ў такіх не паселяцца... Крылы шырокія... Ім прастор патрэбен.

Карацей, зашпіліў ён страховачны пояс, начапіў на ногі спецыяльныя кошкі, палез на слуп. Уладкаваўся як мага ямчэй ды засяродзіўся на справе, як раптам... што гэта? Наўпрост перад ім рассунуліся галіны, з густой лістоты паказалася галава, данеслася запытальнае:

— Ты гняздо сабе хочаш зрабіць? Тады пералазь на дрэва.

Ад неспадзеўкі ў электрыка перахапіла дух, на галаве «падскочыла» каска, рукі-ногі здранцвелі... Каб не той страховачны пояс, каменем паляцеў бы ўніз.

І галоўнае — папярэджвалі ж: «Не спалохай Бусліка...».

Ці ўсё ж «Не спалохайся»?

Не прыслухаўся. А трэба было, бо не дарэмна ж кажуць: «Хто папярэджаны, той узброены».

Мікалай Юруць, г. Ляхавічы

«Маладосць — буйносць...», або Як я быў «крытыкам»

Некалі даўно, праз шэсць гадоў пасля заканчэння вайны, меў я вялікае шчасце — стаў студэнтам адзінага на той час Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У гэтым храме навукі, відаць, заўжды панавала ўзнёсла-дзелавая атмасфера, многія пісалі вершы, апавяданні... Я таксама нешта рыфмаваў. У нас, пачаткоўцаў, быў тады свой паэтычны гурток: мы збіраліся разам, спрачаліся, абмяркоўвалі творы, пробы пяра.

...На тое, чарговае, пасяджэнне з'явіўся, помню, усмешлівы чарнявы хлопец, прадставіўся: «Рыгор Барадулін, родам з Ушаччыны». І пры гэтым перадаў кіраўніку нашай творчай суполкі, вядомаму пісьменніку Алесю Якімовічу, вучнёўскі сшытак: трэба разумець, з вершамі?.. Але сам у той вечар іх не чытаў — слухаў іншых.

Калі «спеўка» скончылася, Алесь Якімовіч працягнуў мне барадулінскі сшытак, сказаў: «Вазьмі, уважліва прачытай. На наступнай сустрэчы выкажаш свае заўвагі».

Узяў я той сшытак, акуратна, па вертыкалі, склаў папалам, засунуў ва ўнутраную кішэнь пінжака. Назаўтра выбраў вольную гадзіну,пачаў чытаць. Добрыя вершы!
Але ж мне даручана не хваліць іх, а выказаць заўвагі...

І так я іх круціў, і гэтак, але хібаў не бачыў — ніякіх.

І вось мы збіраемся зноў. Мне даюць слова. Хвалююся і творы таго хлопца з Ушаччыны шчыра хвалю. Потым — нешта раю.

Барадулін слухае — досыць уважліва, з уласцівай яму хітрынкай: «Давай, давай, маўляў, дарагі мой крытык!».

...Пазней, жывучы ў адным інтэрнаце на вуліцы Свярдлова, мы з ім сустракаліся амаль штодня.

Помню, як аднойчы Рыгор падышоў, сказаў: «Паслухай мой новы верш». І пачаў чытаць: «Як захлынуўся ад радасці жаўранак, славячы сонца вясновага дня, як на куп'і па балотных выжарынах мякка хрумсціць пад нагою сушняк... Тры гады я не чуў...»

Зачараваны мелодыяй верша, які пазней зойме належнае месца ў зборніках класіка, я зноў і горача яго пахваліў.

...У пазнейшыя гады, пасля вучобы, мне, на жаль, не выпадала сустракацца са славутым паэтам.

Цяпер чытаю, перачытваю ягоныя творы ды міжволі ўспамінаю, як выступаў «крытыкам».

Віктар Несцяровіч, г. Лагойск

Вядучая рубрыкі Валянціна ДОЎНАР

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.