15 Жнівень, серада

Вы тут

Ці ёсць будучыня ў гарадоў-спадарожнікаў?


Гісторыя мінскіх гарадоў-спадарожнікаў чымсьці нагадвае сітуацыю з Плутонам, які то губляе, то ізноў набывае статус планеты. Так і тут: пастаянна вядуцца размовы пра тое, якім гарадам можна прысвоіць гэта «званне» і ці трэба гэта рабіць наогул.


ЖК «Вясёлкавы» ў Дзяржынску.

«20 хвілін да цэнтра»

Аб праектах аптымізацыі колькасці жыхароў сталіцы ўпершыню загаварылі дзесяць гадоў таму. Прычым было вырашана адразу замахнуцца на шырокі маштаб. Выконваць функцыю спадарожнікаў сталіцы павінны былі дзевяць гарадоў: Дзяржынск, Жодзіна, Заслаўе, Лагойск, Рудзенск, Смалявічы, Стоўбцы, Узда і Фаніпаль. Як відаць са спіса, усе гарады вельмі розныя: сярод іх як буйныя прамысловыя, так і зусім невялікія, больш прыдатныя для адпачынку або турызму.

Такі роскід адбыўся з-за таго, што доўга не маглі вызначыцца, што ўкладаецца ў само паняцце. Бо звычайна гарады-спадарожнікі ўтвараюцца натуральным шляхам непадалёк ад новых вялізных прадпрыемстваў. А вось спачатку забудаваць горад, а пасля падумаць, якую ж вытворчасць можна размясціць побач, — гэта, мякка кажучы, нетрывіяльна. Таму шмат хто пачаў успрымаць спадарожнікі як «спальнікі» — гэтакія раёны для начлегу на адлегласці ад працы, але з больш прымальнымі цэнамі на жыллё. Што ж, версія была больш набліжана да рэальнасці. Але ўзнікла яшчэ адно пытанне — транспартныя зносіны.

Як толькі гаворка заходзіць пра гэта, у кампаніі абавязкова знаходзіцца чалавек, які кажа: «Так, я па Мінску паўтары гадзіны на працу дабіраюся, а тут 20 хвілін да цэнтра — цьфу!» Вось толькі не бярэцца ў разлік, што працоўнае месца размяшчаецца ў будынку чыгуначнага вакзала ў рэдкіх выпадках, ды і гарадскія аўтобусы дакладна ходзяць часцей, чым прыгарадныя электрычкі. А гэта калі чыгункі ў бок «спадарожніка» няма (як, напрыклад, у бок Лагойска або Узды)?

Тым не менш пакуль у статусе меркаваных спадарожнікаў працягваюць знаходзіцца шэсць гарадоў: са спіса канчаткова зніклі Жодзіна, Узда і Стоўбцы. Некалькі месяцаў таму кіраўнік Мінгарвыканкама Андрэй Шорац заявіў, што сталіца будзе падтрымліваць развіццё толькі Рудзенска і часткова Смалявічаў, астатнімі гарадамі распараджаецца Мінаблвыканкам. Тым самым губляецца сама ідэя спадарожніка як неад'емнай часткі горада. Прычына «застою» банальная: адсутнасць дастатковага фінансавання. За будаўніцтвам жылля ідзе інфраструктура, а ў жыхароў сталіцы, гатовых пераехаць у «спадарожнік», патрабаванні да яе па звычцы больш высокія, чым у рэгіёнах. Таму што пад гэтым паняццем маецца на ўвазе не толькі наяўнасць паліклінік і школ у крокавай даступнасці, але і, пажадана, салонаў прыгажосці, трэнажорных залаў і кінатэатраў — прычым яшчэ і каб быў выбар. Таму пакуль гісторый са шчаслівым канцом, у якіх фігуравала бы змена прапіскі са статуснай сталічнай на абласную, не так шмат.

Вам у «Вясёлку» ці ў «Зялёныя прысады»?

І ўсё ж такі яны ёсць. Чым жа могуць прыцягнуць мінчан, якія звыкліся са сталічнай мітуснёй, невялікія гарадкі? Не хочацца чарговы раз жартаваць пра тое, што кватэрнае пытанне сапсавала не толькі масквічоў, але цытата напрошваецца сама сабой. Калі ў той жа маладой сям'і няма дзядулі, што пакінуў у спадчыну жылплошчу ці мех грошай, магчымасць абзавесціся сваёй кватэрай у Мінску можа з'явіцца вельмі няхутка. А вось калі аддаць перавагу гарадам-спадарожнікам, магчымасць пасяліцца ва ўласным жыллі з'явіцца задоўга да таго, як дзеці скончаць школу. Але нават унутры самога спіса існуе даволі істотная разбежка кошту за квадратны метр жылля. Логіка простая: чым бліжэй да межаў Мінска, тым даражэйшае «месца пад сонцам».

Возьмем, напрыклад, Дзяржынск: каля 40 кіламетраў ад метро Малінаўка, новы раён з аптымістычнай назвай «Вясёлкавы». Хоць цяпер, у літаральным сэнсе сёння, тут можна купіць аднапакаёвую кватэру за 26,7 тысячы долараў. Калі вы думаеце, што падвох у метражы, то памыляецеся: з камфортам можна будзе размясціцца на 41 квадратным метры. Трохпакаёўка абыдзецца ў 46,7 тысячы долараў — якраз сярэдняя цана за аднапакаёвую кватэру ў Мінску.

Інтэр'ер кватэр у ЖК «Зялёныя прысады»

Перасоўваемся ў бок сталіцы па той жа Брэсцкай трасе і трапляем у Фаніпаль. «Сланечнік», «Чаромха», «Зялёныя прысады» — здаецца, менавіта тут знаходзіцца рай для батаніка. Праўда, для досыць забяспечанага батаніка. Усяго нейкія 16 кіламетраў адлегласці паміж двума гарадамі істотна ўплываюць на кошт квадратнага метра жылля. Напрыклад, у ЖК «Зялёныя прысады» аднапакаёвая кватэра з ледзь большай плошчай абыдзецца ўжо амаль у 35 тысяч долараў. Можна злавіць варыянты і танней, але тады не атрымаецца аддаць грошы і «ўехаць на наступным тыдні». Трэба пацярпець, праўда, чаканне можа акупіцца з лішкам эканоміяй часу на рамонт. Забудоўшчык прапануе свой варыянт аздаблення з дасылкамі да скандынаўскага стылю, які быў модны на працягу некалькіх апошніх гадоў, але ўжо пачынае губляць папулярнасць. Пафарбаваныя ў белы колер сцены, светлая мэбля, украпванне яркіх дэталяў — менавіта ў такой абстаноўцы пашчасціць жыць сям'і, якая вырашыцца на пераезд. Варта аддаць належнае распрацоўшчыкам праекта: інтэр'ер, можа, і не выглядае занадта арыгінальным або суперсучасным, але яго сапраўды можна назваць гарманічным і досыць стыльным. Хацелася б сказаць, што за акном — выдатны від на зялёныя насаджэнні, як лагічна здаецца з назвы, але, на жаль, вакол толькі бетон і агароджы іншых жыллёвых комплексаў.

Тая ж сітуацыя з цэнамі на нерухомасць датычыцца і іншых гарадоў-спадарожнікаў. Калі да межаў сталіцы, сабраўшы ўсе сілы, можна дайсці пешшу, не чакайце коштаў, якія прымусяць вас застыць у радасным здзіўленні.

Будаўніцтва на апераджэнне

Што датычыцца не новай жылой забудовы, а саміх гарадоў у цэлым, то пакуль — будзем аб'ектыўныя — сталічны глянец яны не набылі. Тыповыя правінцыяльныя гарадкі, дзе галоўная плошча традыцыйна носіць імя Леніна, маленькія крамкі пакуль не выціснулі гандлёвыя гіганты, і складваецца выразнае адчуванне, што час тут цячэ больш павольна. Затое мясцовыя жыхары, напрыклад, не марнуюць штодня свае нервы ў пробках. Некаторыя сцвярджаюць, што тут лепшая экалогія, але з гэтым меркаваннем можна спрачацца доўга і ўпарта. Тым больш калі ў перспектыве прадпрыемствы пачнуць выносіць за межы сталіцы. Затое тут сапраўды спакайней — тое, што трэба пасля напружанай працы.

І ўсё ж у цэлым для тых, хто стаміўся бадзяцца па здымных кватэрах, любыя аргументы губляюць сваю значнасць перад магчымасцю нарэшце патрымаць у руках ключы ад уласнага жылля. Дарэчы, для таго каб стымуляваць мінчан ісці на такі сур'ёзны крок, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, як заявіў кіраўнік ведамства Анатоль Чорны, прапануе дазволіць чаргавікам будаваць кватэры ў Смалявічах па заяўным прынцыпе згодна з Указам № 240 «Аб дзяржпадтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў». Галоўная «фішка» праекта ў тым, што год пастаноўкі на ўлік маючых патрэбу ў жыллі значэння не мае: напісаць заяву і атрымаць крэдыт на выгадных умовах змогуць любыя грамадзяне з тых, хто мае патрэбу. Цяпер ідэя праходзіць стадыю ўзгаднення ў розных дзяржаўных органах.

Генпланы гарадоў-спадарожнікаў былі зацверджаны ў 2015 годзе. І тэмпы будаўніцтва жылля ўжо апярэджваюць закладзеныя ў іх. Так, летась замест запланаваных 10 тысяч квадратных метраў жылля было пабудавана 80 тысяч. А як зоркі запальваюць, калі гэта каму-небудзь трэба, так і з жыллём: пакуль ёсць попыт, ёсць і сэнс.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Месяцы» для сталіцы

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Прэзідэнт

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Чаму буксуе «аршанская мадэль»?

Вынікі рэзананснай камандзіроўкі Прэзідэнта ў Аршанскі раён падвялі на спецыяльнай нарадзе — не абышлося без адставак.

Грамадства

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

Якія патрабаванні прад'яўляюцца да новых падручнікаў?

У наступным навучальным годзе ў беларускіх школах будуць выкарыстоўвацца 44 новыя вучэбныя дапаможнікі. 

Грамадства

Не багі гаршкі абпальваюць...

Не багі гаршкі абпальваюць...

...а ўдзельнікі шостага міжнароднага пленэру ганчароў, які нядаўна прайшоў у вёсцы Гарадная Столінскага раёна.