Вы тут

Як бабруйскія ратавальнікі адраджалі пасляваенную гісторыю


Знамянальна, што напярэдадні прафесійнага свята бабруйскія ратавальнікі аднавілі кавалачак сваёй гісторыі — пакой начальніка пажарнай часці 1945—1955 гадоў. Амаль восем месяцаў спатрэбілася тутэйшым актывістам, каб знайсці рэчы таго перыяду і стварыць атмасферу пасляваенных дзён.


Дзмітрый Сказаў: гэты пераходны сцяг — гонар усіх бабруйскіх ратавальнікаў.

Важнай справай займаліся ўсе, але ініцыятарамі былі супрацоўнікі Бабруйскага гаррайаддзела па НС — старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Дзмітрый Сказаў і яго нязменны памочнік — спецыяліст гэтай жа групы Уладзімір Бутко. Пра гэтых заўзятых актывістаў «Звязда» аднойчы ўжо пісала. Яны шмат чаго робяць для папулярызацыі прафесіі ратавальніка і сур'ёзна працуюць над адраджэннем гісторыі сваёй службы. Гэтым разам яны з лёгкай рукі начальніка Бабруйскага гаррайаддзела па НС палкоўніка ўнутранай службы Андрэя Бабіна і пры садзейнічанні начальніка пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 Бабруйска Дзмітрыя Гаўронскага стварылі ўнікальны пакой.

Гісторыя бабруйскай ратавальнай службы сапраўды вельмі цікавая і насычаная. У Бабруйску, напрыклад, існавала самая моцная спартыўная каманда па пажарна-прыкладным спорце, якая ў сярэдзіне мінулага стагоддзя так часта станавілася чэмпіёнам, што атрымала на пажыццёвае валоданне пераходны сцяг. Не кожная служба можа пахваліцца і тым, што мае свой гістарычны будынак. А ў бабруйчан ён ёсць, прычым дарэвалюцыйны. З 2003 года на другім паверсе будынка ратавальнікі стварылі сваю карцінную галерэю. А ўчора побач з ёй адкрыўся музейны пакой начальніка пажарнай часці 1945—1955 гадоў — наглядная дэманстрацыя таго, як пасля вайны адраджалася ў Бабруйску пажарная служба. Мэбля, адзенне на манекенах, іншыя рэчы — усё таго перыяду.

— Экспанаты шукалі па ўсёй акрузе, пыталіся ў нашых ветэранаў, якія працавалі ў тыя часы, — расказвае Уладзімір Бутко. — Аляксандр Булацкі аддаў сваё баявое адзенне. Аляксей Фёдаравіч Гайшун прынёс шынель, кашулю і нават плашч, у якім пажары тушыў. Такія плашчы ў 50-я гады мелі толькі начальнікі. На пажары іх гэта адрознівала ад звычайных байцоў. Мікалай Герасімовіч падарыў кірзавыя боты і ўнікальныя сёння пажарныя крагі — спецыяльныя рукавіцы для пажаратушэння.

Музейны пакой зрабілі за восем месяцаў.

Ратавальнікі наогул падышлі да справы грунтоўна. Знайшлі ў бабруйскіх архівах газеты тых гадоў, сфатаграфавалі найбольш цікавыя артыкулы і зрабілі фотакалаж на шпалерах. У гэтым ім дапамаглі супрацоўнікі гарадской друкарні. Перад манекенам за сталом (які, дарэчы, мае свайго прататыпа) ляжаць копіі рэальных дакументаў. З іх нават вядома, каму якую прэмію давалі, хто выязджаў дапамагаць сена касіць.

У пакоі выстаўлена каля 40 экспанатаў. Узнагароды, дакументы, фота, некалькі гадзіннікаў, прадметы быту, адзенне. Вельмі дапамагла ратавальнікам бабруйчанка Марына Крычко. Яе дзед працаваў кіроўцам у пажарнай службе і нават быў на вайне. Калі Марына даведалася, якая патрэбна дапамога, падняла на ногі ўсю радню, тэлефанавала да сваякоў у Маладзечна. У выніку перадала шынель, боты, лямпу, прымус, наручны гадзіннік, небяспечную брытву і нават спецыяльнае тачыла для яе і шмат іншых экспанатаў, у тым ліку вельмі каштоўную рэч — спартыўны кубак 40-х гадоў, які быў уручаны пажарнай часці Бабруйска, дзе працаваў яе дзед.

На адкрыцці выставы і музейнага пакоя прысутнічалі прадстаўнікі выканаўчай улады горада на чале з мэрам Аляксандрам Студневым і кіраўніцтва ратавальнай службы Бабруйска.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zіgulya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: На 70 гадоў назад

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.