Вы тут

Камунікаваць праз абстракцыю разам з Маргарытай Маніс


Ёсць розныя меркаванні наконт абстрактных твораў. Хтосьці вельмі любіць абстракцыю, хтосьці ўвогуле не разумее такога кірунку. Аднак ён насамрэч цікавы адмысловым чараўніцтвам: мастакі, якія працуюць у гэтым кірунку, аналізуюць спалучэнне колераў і падтонаў. Паспрабаваўшы аднойчы напісаць абстрактную работу, улюбляюцца ў працэс назаўсёды. Так здарылася і з мастачкай Маргарытай Маніс, якая была прыхільніцай прадметнага жывапісу, але прадэманстравала захапленне абстракцыяй у выставачным праекце «Контуры ўражанняў» у галерэі «Прадмесце».


Калі ўспомніць папярэднія праекты Маргарыты Маніс, складана пазнаць яе ў новых творах. І гэта цікава: глядач бачыць аўтара з іншага боку і можа лепш зразумець яго патэнцыял. Вельмі ўражвае эксцэнтрычная каларыстыка твораў мастачкі, кампазіцыя і энергетыка.

— Я сябе не бачыла ў абстракцыі, — расказвае Маргарыта Маніс. — Мне заўсёды было бліжэй прадметнае мастацтва, а абстракцыя проста прабівалася ў нейкія перыяды. І вось захапленне абстракцыяй у выніку вылілася ў цэлую выстаўку. Нават цяпер, плануючы новы праект, дзе будуць прадстаўлены пейзажы, я ўявіць не магу, як не пісаць абстракцыю, таму буду сумяшчаць. Было «смачна» рабіць гэтую выстаўку: столькі ўклала ў яе дабрыні, аптымізму. Мастацтва для мяне — дыялог з гледачом, менавіта таму я спрабую падзяліцца цеплынёй.

Маргарыта Маніс займаецца менавіта інтэр’ернай абстракцыяй. Стараецца ўкладаць толькі цёплыя пачуцці, мастачка падкрэслівае, што ёй цікава не толькі, што думае яна, але і што можа ўзяць ад яе твораў іншы. Яе абстракцыя глыбокая і вельмі яркая, здаецца, што аўтар уклала ў яе увесь свой імпэт.

— Маргарыта працягвае дыялог пра мастацтва, працуючы ў розных напрамках. У абстракцыі, калі мастак не арыентуецца ў колеры, кампазіцыі, размеркаванні адценняў, адразу відаць, што ён гэта робіць не так і шчыра, — адзначае мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн. — Маргарыта ж тонка адчувае ўсе гэтыя кампаненты. Яна пазіцыянуе сябе як мастак інтэр’ерны. А гэта вельмі складана. Бо чалавек, які купляе такую карціну, падпісваецца на тое, што будзе глядзець на яе кожны дзень. Работы Маргарыты фарміруюць варыятыўнасць успрымання, яна ўмяшчае ў свае творы вар’яцкую колькасць асацыяцый, і гэта важны плюс для інтэр’ернага жывапісу. Мастачка развіваецца, не стаіць на адным месцы і ўвесь час змяняецца, але і застаецца вернай сваёй імпульсіўнай манеры. І, што дзіўна, яе работы пры ўсёй экспрэсіі не раздражняюць, а прыцягваюць. Маргарыта расце ў каляровых і кампазіцыйных рашэннях, працуе з фактурамі.

Работы на выстаўцы не маюць назвы. Гэта зроблена свядома: мастачка дае шанец кожнаму гледачу прыдумаць назву самому, прадумаць які сэнс, фантазія, філасофія закладзены ў творах. І атрымліваецца, што выставачная пляцоўка цалкам трансфармуецца ў камунікатыўную прастору.

Амаль штогод Маргарыта Маніс арганізоўвае персанальную выстаўку, і на яе вернісажы збіраецца вялікая колькасць людзей. Але ж быў іншы перыяд, калі творчасці ў жыцці было мала:

— Я адыходзіла ад вялікай творчасці, але само па сабе мастацтва заўсёды заставалася. Нават у самыя напружаныя перыяды брала палатно і пачынала маляваць. Мастацтва давала мне сілу, адчуванне таго, што ўсё будзе добра. Заўсёды разумела, што я мастак. Доўгі час я была кіраўніком кампаніі, і ў мяне ўсё атрымлівалася, але жывапіс пранікаў у сэрца мацней. Я вырашыла не марнаваць час, а займацца тым, што падабаецца. Цяпер жыву поўным жыццём.

 Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.