Вы тут

«Навошта мы шукаем гімн?..»


У вялікай зале Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі ў рамках адукацыйнага праекта «Карыфеі беларускага нацыянальнага мастацтва» ўзгадалі аўтара Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь кампазітара Несцера Сакалоўскага, аднаго з першых выпускнікоў гэтай установы адукацыі, удзельніка Вялікай Айчынай вайны.


Матэрыялы з нотнага і фотаархіва кампазітара, прадастаўленыя яго ўнучкай — выкладчыкам музычна-тэарэтычных дысцыплін каледжа Таццянай Віктараўнай Сакалоўскай, — былі пакладзены ў аснову відэафільма. «На сёння захаваўся хатні нотны архіў, у якім можна знайсці творы розных жанраў: і камернаінструментальныя, і вакальныя. Ёсць народныя песні, запісаныя ў 1945 — 1947 гадах», — адзначала прадстаўніца роду Сакалоўскіх.

«Любоў да народнай песні ў мяне зарадзілася яшчэ ў дзяцінстве. Маці, адбываючы ў вёсцы паншчыну, славілася на ўсю ваколіцу песенніцай-запявалай», — пісаў у аўтабіяграфіі кампазітар Несцер Сакалоўскі. Менавіта таму з дзіцячых гадоў запомніліся яму жніўныя, купальскія, вясельныя, карагодныя песні. Потым сям’я пагарэльцаў з вёскі накіравалася шукаць лепшай долі ў Мінск. Толькі ў пятнаццаць год сын мінскага дворніка і прачкі Несцер Сакалоўскі здолеў паступіць у школу. Гэта было пасля Кастрычніка, калі ён быў прыняты ў Першую працоўную школу Мінска і атрымаў магчымасць вывучаць не толькі розныя навукі, але і музычную грамату, стаць удзельнікам гурткоў мастацкай самадзейнасці, авалодаць ігрой на балалайцы. Пасля заканчэння школы ў 1921 годзе Несцер Фёдаравіч уладкоўваецца на працу ў хор украінскай тэатральнай трупы, спявае ў самадзейных харавых гуртках. З 1926 года працуе хормайстрам і акцёрам Беларускага перасоўнага драматычнага тэатра. Адначасова паступае ў Мінскі музычны тэхнікум, які заканчвае ў 1931 годзе па класе кампазіцыі М. І. Аладава. Пасля гэтага Сакалоўскі займаецца ў Белдзяржкансерваторыі імя А. В. Луначарскага, адначасова кіруе самадзейнымі харавымі калектывамі.

Аўтар харавых твораў і песень на словы Я. Коласа, Я. Купалы, П. Броўкі, А. Астрэйкі, М. Клімковіча, шэрагу камерна-інструментальных твораў, усё сваё жыццё Несцер Сакалоўскі прысвяціў збіранню, захаванню і папулярызацыі беларускага фальклору, запісаў і апрацаваў больш за 500 песень, танцаў і інструментальных найгрышаў. Адна з такіх песень — «Карагодная» — прагучала ў выкананні стыпендыята Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі Рэспублікі Беларусь — народнага хору Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі (кіраўнік Ганна Мілавідава).

Несцер Сакалоўскі выступаў не толькі як збіральнік і выканаўца-хормайстар народна-песенных багаццяў, але і як аўтар выдатных твораў для сольных спеваў. Вакальная музыка для сапрана з суправаджэннем «Хлапец кучаравы» на сл. А. Вялюгіна прагучала ў выкананні лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, выпускніцы каледжа Настассі Рабцэвіч.

Лепшыя песні Н. Сакалоўскага з часам набылі значэнне музычных сімвалаў рэспублікі. Па праве трэба лічыць здабыткам мільёнаў удзячных слухачоў у Беларусі і за яе межамі «Песню пра Нёман» на сл. А. Астрэйкі, якая прагучала ў вялікай зале каледжа ў выкананні лаўрэата міжнароднага конкурсу Ігнація Скарахода і аркестра беларускіх народных інструментаў (кіраўнік Уладзімір Чэрнікаў). Кадры дакументальнай відэахронікі захавалі мастацкі эталон першага выканання песні народным артыстам Савецкага Саюза М. Варвулёвым.

«У 1945 годзе ў г. Мазыры Палескай вобласці арганізаваны быў ансамбль песні і танца, куды я быў пасланы Упраўленнем па справах мастацтваў на пасаду мастацкага кіраўніка ансамбля... З 1946 па 1948 гады працую рэдактарам і кампазітарам, а па сумяшчальніцтве — педагогам Мінскага музычнага вучылішча», — піша кампазітар пра творчую дзейнасць у пасляваенныя гады.

Многія аўтарскія песні Н. Сакалоўскага атрымалі прызнанне і выконваюцца як народныя. Сярод іх — «Чырвоная вяргінечка» на сл. Адама Русака, якую выканаў мужчынскі хор спецыяльнасці «Спевы акадэмічныя» (кіраўнік Кіра Славінская) у суправаджэнні аркестра беларускіх народных інструментаў. «Сродкі, якія выкарыстоўвае кампазітар у гэтым творы, вельмі блізкія народным песенным інтанацыям», — адзначыў аўтар праекта, дырэктар сталічнай установы адукацыі Уладзімір Чэрнікаў.

Раздзяліць радасць свята завіталі ўдзельнікі народнага хору «Радзейка» (кіраўнік Аксана Баруценка) Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, што носіць цяпер імя Несцера Сакалоўскага. Канцэртная праграма да 115-годдзя з дня нараджэння Н. Сакалоўскага ўключала таксама творы камерна-інструментальнай музыкі.

«У пасляваенны перыяд, пачынаючы з 40-х гг., Несцер Сакалоўскі быў блізка знаёмы з маім бацькам, Адамам Чопчыцам, тады дырэктарам сярэдняй школы, які ў тыя гады стварыў калгасны хор у в. Ганцавічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, — успамінае хормайстар Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі Яўгенія Дзягілева. — Кампазітар неаднаразова прыязджаў і слухаў хор Адама Сідаравіча. Аднойчы бацька са сваім хорам выступаў на аглядзе мастацкай самадзейнасці, дзе старшынёй журы быў Рыгор Шырма, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР. Калі Р. Шырма пачуў у выканані хору песню Сакалоўскага, то сказаў: “Навошта мы шукаем гімн? Вось гатовы гімн. Толькі трэба напісаць іншы тэкст”. Так, першым выканаўцам песні “Мы — беларусы” стаў хор “Палескай песні”, у далейшым — “Палескі хор” педагагічнага вучылішча ў г. Ганцавічы».

Песня на словы Міхася Клімковіча «Мы — беларусы» была напісана Н. Сакалоўскім у 1944 годзе. Яе адразу падхапілі ўсе харавыя калектывы. У верасні 1955 года песня «Мы — беларусы» прагучала як гімн нашай рэспублікі. Фінальным акордам канцэрта, прысвечанага 115-годдзю з дня нараджэння Несцера Сакалоўскага, стала выкананне Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь на словы Уладзіміра Карызны з удзелам Канцэртнага хору (кіраўнік Аляксей Снітко) і Духавога аркестра (дырыжор Аляксандр Цярэшчанка) Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі.

Наталля КАРДАШОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».