Вы тут

«Тэст» на чалавечнасць


Як правіла, размовы з пісьменнікам ладзяцца з нейкай нагоды: ці тое ў яго творчым лёсе, ці тое ў жыцці краіны ўвогуле. За тэмай — абмеркаваннем падзей, прэмій, новых кніг — часта знікае сам пісьменнік, з асабістым адчуваннем свету, бачаннем канкрэтных літаратурных праблем, жыццёвымі і мастацкімі густамі. Сёння прапаноўваем лаканічную апытанку лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, пісьменніка Георгія Марчука — пра самае галоўнае для самога творцы.


— Вы ў літаратуры пяцьдзясят гадоў. Працуеце ў розных жанрах. Георгій Васільевіч, ці верыце дагэтуль, што літаратура дапамагае жыць? Няма расчаравання?

— Не. Для кагосьці літаратура — адпачынак, сродак бавіць час. Для цікаўных — гэта сродак спасціжэння чалавека і свету. Для самога пісьменніка — праца, карысная і для яго, і для грамадства.

— Ці не палохае татальная страта цікавасці да чытання?

— Палохае. Але і з дапамогай іншых метадаў і сродкаў слова пісьменніка даходзіць да чытача. Праз інтэрнэт, тэатр, кіно, радыё.

— На чытача сёння абрынулася процьма кніг самага рознага кшталту. Як арыентавацца ў гэтым «моры»?

— Кожны чалавек можа знайсці для сябе тое, што яго цікавіць, але для ўмацавання духоўнасці варта засвоіць і знакавыя творы сусветна знакамітых пісьменнікаў, а найперш прадстаўнікоў свайго народа.

— Ці саступіць папяровая кніга месца кнізе электроннай?

— З часам — так. Кніг будзе меней, але яны стануць каштоўныя па змесце і па мастацкіх вартасцях.

— Чые творы вы перачытваеце?

— Каб эканоміць час, цяпер перачытваю выбраныя старонкі, пра тое, напрыклад, як пісьменнік абмаляваў першае каханне, восень, зіму, вясну, сыход з дому, вяртанне дамоў, думкі пра Бога, душу.

— Цяжка працаваць у розных жанрах?

— Мне — не. Пасля шасцідзесяці нават тэксты для песень пішу.

— Ці верыце, што беларуская літаратура мае будучыню?

— Веру, хоць скепсісу сёння багата. Следам за ваенным пакаленнем прыйшло наша пакаленне, а за нашым ідзе ўжо пакаленне ХХІ стагоддзя. Час вызначыць, хто ствараў і стварае класічныя творы. Было б каму чытаць.

— Што непакоіць вас у сучасным грамадстве?

— Падзенне вартасці самога жыцця, гэтага боскага цуду. А яшчэ хцівасць, спробы прызвычаіцца да зла.

— Ведаю, што вы захапляецеся філасофіяй...

— Так. Сутнасць яе інтарэсаў — чалавек, розум, грамадства, душа. Два асноўныя кірункі. Мастацтва жыць — гэта Эпікур. Мастацтва знаходзіць ісціну — гэта Платон. Ад правільнай палітыкі дзяржавы залежыць «здароўе» радзімы.

— У чым бачыце выключнае зло?

— У забойстве ўсяго жывога і апраўданні гэтых забойстваў.

— А выключнае дабро?

— Хрыстос адказаў: «Ды любіце адно аднаго».

— Ці палохае вас старасць?

— Чаго ўжо баяцца, калі да першай прыстані прыстаў. Баюся бездапаможнай старасці.

— Ці можна сказаць, што вашы мары спраўдзіліся?

— Грэх крыўдаваць на лёс. Не ўсё здолеў зрабіць у кіно, тэатры. Я даўно пераадолеў нядобразычлівасць да сваіх больш паспяховых калег, шчыра радуюся, калі чую пра іх дасягненні і творчыя набыткі, і гэтая радасць умацоўвае дух і самому хочацца быць стваральнікам.

— Над чым працуеце сёння?

— Зусім нядаўна народны артыст Беларусі, выдатны кампазітар Эдуард Ханок напісаў песню на мае вершы «Родны кут», і таму ў мяне цудоўны настрой. Праца — гэта таксама шчасце, а не толькі сузіранне свету.

Ірына КАЧАТКОВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.