Вы тут

Малады спецыяліст Ігар Саланевіч: Следчым вырашыў быць з дзяцінства


Малады спецыяліст Ігар САЛАНЕВІЧ больш за два гады таму прыйшоў працаваць у першае следчае аддзяленне Баранавіцкага міжраённага аддзела Следчага камітэта. Сам хлопец мясцовы, тут жа скончыў школу і паступіў у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на спецыяльнасць «Правазнаўства».


Ігар Саланевіч на працоўным месцы.

— Бацькі заўсёды ўхвалялі мой выбар прафесіі. З самага дзяцінства! Пачыналася з банальнага: бабуля губляла акуляры, ключ. Хто знойдзе? Канешне, Ігар! Знаходзіў рэчы я дастаткова хутка, а дарослыя — у адзін голас: «Будзеш следчым!» Дома толькі так мяне і называлі. Бацькі з маёй прафесіяй ніяк не звязаны: мама — кухар, бацька — будаўнік. Але яны заўсёды падтрымлівалі, таму што нават у дзяцінстве мой выбар здаваўся ім дарослым і абдуманым, — кажа суразмоўца.

Поўнае ж усведамленне правільнасці выбару прыйшло ва ўніверсітэце на другім курсе. Праходзіла штогадовая ўніверсітэцкая юрыдычная алімпіяда, якая ахоплівае веды ў працоўным, грамадзянскім, крымінальным і крымінальна-працэсуальным праве. Па выніках члены журы (у яго ўваходзяць эксперты-практыкі) выбіраюць самых лепшых. «Дзякуючы гэтай алімпіядзе я не толькі яшчэ больш «захапіўся» сваім выбарам, але і пазнаёміўся з сапраўднымі прафесіяналамі ў следчай справе. І на пераддыпломную практыку прыйшоў у міжраённы аддзел. А потым з «чырвоным» дыпломам — і на пастаянную работу».

— Працоўны дзень пачынаецца з дзевяці раніцы. Пяціхвілінка, планаванне, накіраванне крымінальных спраў у суд... Таксама выходзім на дзяжурныя суткі — гэта калі ты знаходзішся ў аддзеле і цягам гэтага часу ў выпадку патрэбы ў складзе следча-аператыўнай групы выязджаеш на месцы здарэнняў, — расказвае Ігар пра свае працоўныя будні.

З калегамі можна параіцца заўсёды.

На першыя паўгода яму прызначылі настаўніка, які дапамагаў уваходзіць у курс справы максімальна аператыўна і якасна. Так заведзена, што маладым дапамагаюць — і словам, і справай — і яны, і іншыя старэйшыя калегі. І не толькі шэсць месяцаў. Трэба дакладна сачыць за тэрмінамі — завядзення крымінальнай справы, затрымання. У тэорыі гэта прапісана, але як лічыць? Як укласціся? Напрыклад, затрымліваецца асоба, што падазраецца ў здзяйсненні злачынства. З моманту затрымання ёсць трое сутак. За гэты тэрмін трэба дапытаць сведак, пацярпелых. Калі ёсць супярэчнасці паміж паказаннямі, выявіць іх. А работа з людзьмі — дастаткова складаная, бо ніколі нельга прадказаць, што ад каго чакаць.

— У нашай працы вельмі важнае — планаванне. Без яго — за некалькі дзён — нічога немагчыма зрабіць. Бо выклікаць чалавека на допыт трэба як мінімум за дзень, а калі грамадзянін з раёна — за два-тры. Ды і зрабіць гэта — таксама складаная задача: адключаюць тэлефон, хаваюцца... Зараз дазваляецца выклікаць не толькі позвай, а нават перадаваць праз кагосьці. Па законе чалавек павінен прыбыць. Але прыходзілася і ў чатыры раніцы шукаць, — расказвае следчы.

У яго практыцы былі розныя расследаванні. Хуліганствы, крадзяжы, прычыненне цялесных пашкоджанняў, выкраданні транспарту. Ігару запомнілася некалькі выпадкаў. Парык, акуляры на палову твару, някідкае адзенне, крама... Устанавіць злачынцаў-кішэннікаў у такім выпадку вельмі складана. Але ўдалося.

Следчы спяшаецца на выезд.

— Яшчэ адна справа — крадзеж у буйным памеры. Двое пацярпелых вярталіся з Расіі. Хацелі там купіць машыну — адзін другому прапанаваў свае паслугі ў пошуку. Машыну не выбралі, прыехалі ў Баранавічы, пакінулі грошы ў аўтамабілі, дзверы не зачынілі і сышлі. Як вынік — знікненне дзевяці тысяч долараў. Сталі высвятляць звесткі пра асобы пацярпелых. Адзін з іх быў асуджаны за забойства на 12 гадоў, выйшаў пару месяцаў таму. Але ён сцвярджаў, што з гэтай жа машыны таксама прапалі і яго 600 долараў. Канфіскавалі мабільны тэлефон, цалкам разбіты, адправілі на экспертызу. Высветлілася, што ў апараце мелася функцыя аўтазапісу тэлефонных размоў. Па іх стала зразумела, што пацярпелы — зусім і не пацярпелы. Са сваімі саўдзельнікамі ён дамаўляўся, што выйдзе з машыны, а дзверы не зачыніць, — прыгадаў суразмоўца.

У вольны час Ігар разам з маладой жонкай займаецца спортам.

— Сам я даўно, яшчэ са школы, захапіўся валейболам, цяпер гуляю ў камандзе Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці. Канешне, вольнага часу няшмат, але стараемся ў выхадныя дні і плаваць, і ў спартзалу хадзіць. Час ад часу — у кіно, да бацькоў у госці заязджаем. З будучай жонкай пазнаёміўся, калі ўжо стаў працаваць у Следчым камітэце. Дарэчы, гэта вельмі важна. Ведаю, іншым не надта падабаецца, калі муж пастаянна на рабоце, затрымліваецца. А мая ведала, на што ішла, і што праца ў мяне няпростая, — канстатуе Ігар.

— Быць следчым — гэта...

— Хутка мысліць, прытрымлівацца прафесійных прынцыпаў, быць стрэсаўстойлівым, умець прымаць аргументаваныя рашэнні і браць на сябе адказнасць. Таму што менавіта следчы вырашае, ці будзе хадзіць чалавек пад падпіскай аб нявыездзе або будзе ўзяты пад варту...

Марына БЕГУНКОВА, фота аўтара

begunkova@zviazda.by

Мінск — Баранавічы — Мінск

Загаловак у газеце: «Следчым вырашыў быць з дзяцінства»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».