Вы тут

Інтэлектуальны клуб «Ігумен» — гэта вялікая і дружная сям'я


У кастрычніку 1996 года Беларуская ліга інтэлектуальных камандаў вырашыла правесці першы чэмпіянат Мінскай вобласці па інтэлектуальных гульнях. Гэты на першы погляд звычайны факт не перавярнуў увесь свет, але пакінуў значны адбітак у гісторыі Чэрвеньшчыны. Бо з таго моманту тут пачалося стварэнне інтэлектуальнага клуба «Ігумен» (даўнейшая назва горада), які існуе ўжо больш за дваццаць гадоў, напоўненых яскравымі і цікавымі падзеямі.


Тады сабраць каманду прапанавалі метадысту Дома дзіцячай творчасці Ірыне Вабішчэвіч (цяпер — старшы навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея). «Якую каманду? Для чаго? Я чамусьці была ўпэўнена, што ў «Што? Дзе? Калі?» гуляюць толькі па тэлевізары», — успамінае яна. Сабралі ўдзельнікаў алімпіяд з трох школ. Пачалі трэніравацца на пытаннях віктарыннага тыпу. У асноўнай гульні каманда заняла трынаццатае месца, але перамагла ў брэйн-рынгу. Дзякуючы гэтаму інтэлектуалы-пачаткоўцы атрымалі шанц удзельнічаць у чэмпіянаце Беларусі ў Магілёве. «Мне там так спадабалася! Зусім іншы тып людзей, свая атмасфера... Я вырашыла: нам жыццёва неабходна арганізаваць свой клуб!» — кажа Ірына, якая пазней стала кіраўніком «Ігумена», трэнерам, арганізатарам і вядучай інтэлектуальных гульняў у Чэрвені.

І пачалося! Дзеці прыводзілі сваіх сваякоў, сяброў, знаёмых. Ствараліся новыя каманды. Многа-многа камандаў. На трэніроўкі ўсе прыходзілі з задавальненнем. Але пытанні для іх было знайсці цяжка. Ірына Вабішчэвіч працягвае ўспамінаць: «Камп'ютараў не было, адпаведна, ніякай электроннай пошты, сацыяльных сетак. Спачатку пытанні перапісвалі ці перадрукоўвалі ў іншых камандаў, з якімі завязаліся стасункі з самага першага турніру. Потым, калі ў Доме дзіцячай творчасці з'явіўся першы камп'ютар, я прынесла дыскету... Гэта было такое шчасце!» Гульцы складалі пытанні самі, развіваючы ўласныя ўменні і талент. Пазней пачалі далучацца і каманды дарослых...

Мноства турніраў было прыдумана і праводзіцца дагэтуль. У студзені — традыцыйны «Таццянін дзень», падчас яго таксама адзначаюць і дзень студэнта. У гульнях бяруць удзел будучыя студэнты (школьнікі), самі студэнты і былыя студэнты (дарослыя). У лютым — самы буйны і адметны турнір — фестываль «Ігуменская завея». На яго з'язджаюцца каманды не толькі з раёна, але і з вобласці, рэспублікі.

— Гэты турнір такі маштабны, таму што мы яго добра піярым. Год ад году ён становіцца ўсё больш папулярны. Наш рэгіянальны прадстаўнік Вадзім Кузьміч прыдумаў Кубак Мінскай вобласці, які можна атрымаць, абавязкова ўдзельнічаючы ў пэўных турнірах, сярод якіх і «Ігуменская завея». Адпаведна, наймацнейшыя каманды вобласці зацікаўлены ў тым, каб удзельнічаць у нашым турніры. Да таго ж вядзе гульні Леанід Клімовіч (вядомы і знакаміты сярод знаўцаў складальнік пытанняў, гулец «Што? Дзе? Калі?» і тэлевядучы. — Аўт.). Мы знаёмыя з ім даволі даўно, нават вучыліся ў адным універсітэце. Таму я запрасіла яго ўжо на трэцюю «Завею», — расказвае Ірына.

Шмат гадоў «Ігуменская завея» лічыцца міжнароднай: на турнір прыязджае каманда з расійскага горада-пабраціма Каралёў. Спачатку расіянам было цяжка прызвычаіцца да пытанняў, бо яны часта былі звязаныя з падзеямі ў Беларусі. Аднак апошнія два гады яны ўжо смела бяруць «ігуменскія» дыпломы. Вясной пабрацімы запрашаюць чэрвеньскіх эрудытаў да сябе, на інтэлектуальныя гульні, якія яшчэ развіваюцца і пакуль што істотна адрозніваюцца ад беларускіх, але ўжо набліжаюцца да звыклага нам «Што? Дзе? Калі?».

Сямейны турнір, у якім удзельнічаюць юныя інтэлектуалы і іх бацькі; сінхронны абласны турнір, на які з'язджаюцца гульцы з суседніх гарадоў — Беразіно і Мар'інай Горкі; турнір памяці Юрыя Мірановіча (капітана дарослай каманды «Вёска», які шмат зрабіў для развіцця клуба) — гэта тое, чым жывуць і што вельмі любяць знаўцы Чэрвеньшчыны.

Інтэлектуальныя гульні амаль заўсёды фінансуюцца аддзелам адукацыі Чэрвеньскага райвыканкама. Але знаходзяцца і спонсары. Сярод іх — індывідуальны прадпрымальнік Марыя Захаранка, Запольскі філіял прадпрыемства ТАА «Вітрум», дзякуючы якім каманды заўсёды маюць кубкі, дыпломы і іншыя прызы. Салодкімі напоямі забяспечвае «Чэрвеньскі вытворча-харчовы завод». Мясцовы лясгас дорыць свае прыгожыя туі. Ірына Вабішчэвіч успамінае: «Было вельмі здорава, калі гэтае дрэўца выйграла каманда з Мінска. Дзеці былі такія шчаслівыя!» Дапамагаюць і свае выхаванцы, якія выраслі і ўжо шмат чаго дасягнулі ў жыцці. Хтосьці купляе элементы апаратуры, якіх не стае, іншыя дапамагаюць грашыма...

— А ці не надакучыла вам за больш чым дваццаць гадоў гуляць у інтэлектуальныя гульні? — цікаўлюся ў Ірыны Вабішчэвіч.

— Я вельмі стамляюся і ў канцы года пастаянна думаю, што гэта ўсё, фініш, — кажа яна. — Але за лета паспяваю засумаваць па сваіх інтэлектуалах. Гульні для мяне сталі своеасаблівым наркотыкам. Для таго каб турніры не былі аднастайныя, кожны год мы прыдумваем штосьці новае. Напрыклад, тэматычныя «Што? Дзе? Калі?, прымеркаваныя да пэўнай падзеі ці даты. На адкрыцці турніру ў нас то Баба Яга выскачыць, то разам адзначаем Дзень святога Валянціна.

Інтэлектуальны клуб «Ігумен» — гэта не проста «гурток па інтарэсах», а вялікая і дружная сям'я. І гэтым яны адметныя. Існуюць жа іншыя клубы! Дваццаціпяцігадовая «Белая рысь» Леаніда Клімовіча, дваццацігадовы клуб у Лепелі... Але толькі ў Чэрвені, на думку кіраўніка «Ігумена», існуе непаўторная атмасфера сяброўства і неверагодны энтузіязм. А яшчэ — жаданне ведаць пра ўсё на свеце.

І калі жыццё — гэта гульня, то ў знаўцаў яна называецца «Што? Дзе? Калі?».

Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Гульня інтэлекту, ці Тры галоўныя пытанні для знаўцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».